Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кобрын: акцыя супраць будаўніцтва храму ў гонар Суворава


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў Кобрыне актывісты апазыцыі пачалі зьбіраць подпісы супраць будаўніцтва храму ў гонар расейскага вайскаводца Аляксандра Суворава. Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў будуць расказваць людзям, якую ролю адыграў у гісторыі Беларусі Сувораў. Збор подпісаў таксама пачаўся і супраць праекту праваслаўнай царквы, які прадугледжвае стварыць у спалучэньні з ужо існым музэем Суворава вайскова-патрыятычны комплекс.

Старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Юрась Губарэвіч паведаміў сёньня пра пачатак інфармацыйнай кампаніі: жыхароў Кобрына будуць інфармаваць як пра будаўніцтва храму, так і пра тое, кім зьяўляецца для Беларусі Аляксандар Сувораў. Таксама пачынаецца збор подпісаў жыхароў Кобрына, якія не задаволеныя тым, што будучая царква атрымае імя Аляксандра Суворава.

“Мы абсалютна не выступаем супраць плянаў пабудовы царквы, – патлумачыў Юрась Губарэвіч. – Бажніцы традыцыйных канфэсіяў – нармальна для Беларусі. Але немагчыма надаваць храму імя таго, хто прынёс у Беларусь толькі адмоўнае”.

Са словаў Юрася Губарэвіча, акцыя на Берасьцейшчыне адбываецца ў падтрымку пратэсту Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Таварыства беларускай мовы і Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
А. Петрашкевіч: Сувораў — крывавы мясьнік, які ня ўдзельнічаў ні ў адной вызваленчай вайне. Ні ў адной!
Пра акцыю пратэсту нашаму радыё паведаміла і старшыня рады ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская: “Гэта збор подпісаў. Можна зьвярнуцца ў сядзібу ўправы БНФ і ў сядзібу ТБМ. Таксама глядзіце інфармацыю на нашым сайце “Бацькаўшчына”.

Алена Макоўская нагадала, што яшчэ 20 лютага прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў зьвярнуліся з адкрытым лістом да мітрапаліта Філарэта з патрабаваньнем спыніць будаўніцтва храму ў Кобрыне.

Прычыны затрымкі адказу патлумачыў сакратар сьвятара Андрэй Страцкевіч: “Уладыка знаходзіцца ў камандзіроўцы. Вернецца толькі ў аўторак...”

Гісторык і пісьменьнік Алесь Петрашкевіч лічыць, што царкве варта было б адмовіцца ад намеру ўшанаваць у Беларусі імя Суворава: “Сувораў — крывавы мясьнік, які ня ўдзельнічаў ні ў адной вызваленчай вайне. Ні ў адной! І званьне “генэралісымус” ён атрымаў за перамогі над беларусамі, над ліцьвінамі, над палякамі. І калі мы будзем увекавечваць такіх, як Сувораў, тады гэта проста канец сьвету”.

Гл.таксама: Кобрын: “Для Расеі ён — цудоўны палкаводзец, а для нас — забойца” Пачынаецца грамадзкая кампанія супраць сувораўскага храму
XS
SM
MD
LG