Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Даўгалёў: “Расея пачала супраць Беларусі інфармацыйную вайну”


Радыё Свабода Пасол Беларусі ў Расеі Васіль Даўгалёў лічыць, што Расея пачала супраць Беларусі “ня проста прапагандысцкую кампанію, а інфармацыйную вайну”.

“Усе гэтыя патокі інфармацыйнага бруду, падтасаваныя лічбы, прыцягнутыя “за вушы” аргумэнты скіраваныя на стварэньне і замацаваньне ў галовах расейскіх грамадзянаў уяўленьняў аб “беларусах-нахлебніках”, якія жывуць за кошт Расеі”, – мяркуе пасол. Паводле яго, мае месца ўзгоднены падыход фэдэральных тэлеканалаў да асьвятленьня беларуска-расейскіх адносінаў, “поўнае замоўчваньне жыцьця ў саюзнай краіне раптам зьмяняецца падлікамі “кошту сяброўства”.

“Чароўна ў рукаве СМІ зьяўляецца казырны туз – нейкія мітычныя вынікі “апытаньняў грамадзкай думкі расейцаў”, якія нібыта адлюстроўваюць стаўленьне насельніцтва Расеі да Беларусі”, – лічыць Васіль Даўгалёў. Беларускі пасол заявіў, што “гэтыя інсынуацыі ня толькі зьневажаюць пачуцьці народаў дзьвюх краінаў, але і робяць шкоду двухбаковым адносінам”.

Варта прыгадаць, што мэдыі цытавалі зьвесткі апытаньняў, якія былі праведзеныя вядучымі расейскімі сацыялягічнымі цэнтрамі – Цэнтрам Юр’я Лявады, Фондам “Общественное мнение” і Ўсерасейскім цэнтрам вывучэньня грамадзкай думкі.

Паводле студзеньскага апытаньня ВЦИОМ (Усерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі), 71% апытаных расейцаў палічылі, што пазыцыя, занятая кіраўніцтвам Расеі ў беларуска-расейскім канфлікце, адпавядае інтарэсам іх краіны, 45% усклалі адказнасьць за канфлікт на беларускі бок і 10% – на расейскія ўлады.

Згодна зь зьвесткамі студзеньскага апытаньня Фонду “Общественное мнение”, 67% апытаных палічылі апраўданым падвышэньне цэнаў на газ для Беларусі, 12% выказаліся супраць гэтага.

Паводле зьвестак Цэнтру Юр’я Лявады, падтрымалі падвышэньне цэнаў на газ для Беларусі 52% апытаных расейцаў, асудзілі гэтую меру менш за чвэрць апытаных.

Калі у 2003 годзе ў апытаньнях Цэнтру Лявады заявілі аб станоўчым стаўленьні да Беларусі 90% апытаных, то ў студзені 2007 году – 73%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG