Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Віктар Тураў 25.10.1936, Магілеў — 31.10.1996, Менск


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Ягоную, зьнятую паводле аповесьці Паўла Ніліна лірычна-паэтычную стужку “Праз могілкі” ЮНЕСКА ў 1994-м улучыла ў лік найлепшых 100 фільмаў сьвету. Але для мяне вяршыняю творчасьці Віктара Турава сталася экранізацыя мележаўскіх “Людзей на балоце”. Я глядзеў яе тры разы з інтэрвалам у адзін дзень. “Вінаватыя” былі ня толькі рэжысэрскае майстэрства, бліскучы склад актораў і літаратурная аснова, але і тое, што героі фільму гаварылі па-беларуску. Усё разам гэта давала абяцаньне сапраўды нацыянальнага кінематографу.

Фільм атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР і прызы некалькіх міжнародных кінафэстываляў. Працяг — “Подых навальніцы” — быў, як гэта нярэдка здараецца, слабейшы, хоць для кагосьці іншага лічыўся б вялікім посьпехам.

У 1989-м я меў радасьць рэдагаваць у выдавецтве “Мастацкая літаратура” зроблены Міколам Хаўстовічам першы поўны пераклад “Шляхціча Завальні” Яна Баршчэўскага. Праз год, амаль адначасова з кнігаю, зьявіўся і тураўскі “Шляхціч” — на жаль, ужо адзін з апошніх яго значных фільмаў.

На першы погляд, ён не канфліктаваў з уладамі: меў званьні народнага артыста БССР і СССР, быў першым сакратаром праўленьня Саюзу кінематаграфістаў рэспублікі, езьдзіў па сьвеце. Аднак Віктар, які скончыў Усесаюзны інстытут кінематаграфіі ў 1960-м, а потым у тыя часы яшчэ й займаўся ў творчай майстэрні Аляксандра Даўжэнкі, назаўсёды застаўся “шасьцідзясятнікам” — чалавекам, які зрабіў глыток свабоды і ня выдыхнуў яе з душы. Пра гэта сьведчыла і яго шматгадовае сяброўства з Уладзімерам Высоцкім і Марынай Уладзі.

Сваё 60-годзьдзе ён адзначаў у Тэатры кінаактора, а потым у рэстаране гатэлю “Кастрычніцкі” пад пільным кантролем мэдыкаў, ужо безнадзейна хворы. Роўна праз тыдзень у той самай зале адбываліся памінкі, на якіх славуты калега, Міхаіл Пташук, сказаў, што Тураў — першы ў беларускай кінематаграфіі чалавек, які вывеў “людзей з балота” на сусьветны экран.
XS
SM
MD
LG