Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму так хутка выявіліся эканамічныя цяжкасьці?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: кіраўнік незарэгістраванага Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук і эканаміст Аляксандар Чубрык.

Валер Карбалевіч: “На пачатку году, калі Расея зрабіла жорсткія крокі для пераходу ў сатсунках зь Беларусьсю на рынкавыя дачыненьні, Аляксандар Лукашэнка, іншыя беларускія афіцыйныя асобы супакойвалі насельніцтва — казалі, што ўсё нармальна, нашая эканоміка жыцьцяздольная, людзі не адчуюць цяжкасьцяў.

Прэм’ер Сідорскі па выніках студзеня назваў лічбу росту — 13%. І незалежныя эканамісты таксама сьцьвярджалі, што гэты год эканоміка Беларусі не павінна адчуць вялікіх праблемаў. Тым больш, што існавалі пэўныя запасы — напрыклад, прафіцыт бюджэту за мінулы год, створаны Фонд нацыянальнага разьвіцьця.

Тым ня менш ужо ў першыя два месяцы зьявіліся прыкметы эканамічных цяжкасьцяў. Прыйшло паведамленьне, што ўрад зьбіраецца прасіць у Расеі крэдыт 1,5 мільярда даляраў. Таксама на гэтую тэму вядуцца перамовы з Швайцарыяй. У Менску вырасьлі цэны на тавары спажываньня на 10—15% за кошт падатку з продажаў.

Вось на нарадзе ў справе сытуацыі на заводах па вытворчасьці тэлевізараў Лукашэнка адзначыў, што няма магчымасьці ім далей дапамагаць зь бюджэту. Скараціўся экспарт нафтапрадуктаў, скарачаюцца запасы валюты ды іншае. Дык чаму так хутка выявіліся эканамічныя цяжкасьці?”

Яраслаў Раманчук: “Можна прывесьці яшчэ й іншыя прыклады эканамічных праблемаў. Узрасьлі складзкія запасы прадукцыі. Банкі спынілі крэдытаваньне ў беларускіх рублях. І Міністэрства статыстыкі не адлюстроўвае поўнасьцю гэтых цяжкасьцяў.



Карацей, калі першы крок пераходу да рынкавых дачыненьняў з Расеяй прывёў да такіх вынікаў, то гэта азначае, што беларуская мадэль ня мае таго запасу трываласьці, пра які кажуць улады. Беларусі ня хопіць валюты, каб без інфляцыі і дэвальвацыі пражыць нават паўгоду.

Цяпер рана казаць, што эканоміка ўступіла ў крызіс. Яшчэ ёсьць грошы ў бюджэце, на рахунках прадпрыемстваў. Але адбываецца пераход на іншы этап бізнэс-цыклю. У 2002—2006 гады быў этап пад’ёму за кошт дапамогі Расеі. Цяпер пачнецца спад. І хуткасьць падзеньня будзе залежаць ад палітыкі ўладаў”.

Аляксандар Чубрык: “Сапраўды, тыя спрыяльныя вонкавыя ўмовы, якія давалі магчымасьць беларускай эканоміцы расьці без рэформаў, скончыліся. Але працэс пераходу да новых умоваў будзе праходзіць павольна. Дарэчы, наконт лічбаў. Сідорскі казаў, што 13% — гэта рост прамысловасьці ў студзені. А валавы ўнутраны прадукт вырас прыкладна на 9%.

Наконт расейскага крэдыту. Прагнозы незалежных экспэртаў на гэты год зыходзілі з таго, што дэфіцыт грошай, які ўзьнікне ад пераходу ў гандлі энэргарэсурсамі з Расеяй на рынкавыя рэйкі, павінен быць кампэнсаваны альбо крэдытамі, альбо замежнымі інвэстыцыямі. Вось крэдыт 1,5 мільярда даляраў дазволіць пазьбегнуць дэвальвацыі рубля.

У канцы мінулага — пачатку гэтага году адбываўся адток рублёвых дэпазытаў з банкаўскай сыстэмы. Узьнікла паніка. Нацбанк быў вымушаны прадаць частку валютных рэзэрваў. Такая сытуацыя можа ўзьнікнуць ізноў. Таму Нацбанк імкнецца застрахавацца і ўзяць крэдыт.

Павысіліся кошты на камунальныя паслугі (падаражэла ацяпленьне і электрычнасьць) і імпартныя тавары. Гэта прывядзе да таго, што ціск на валютным рынку паменшыцца. Бо ў людзей будзе менш грошай, каб купляць валюту.

Гэтым годам плянуецца павышэньне сярэдняга заробку да 340 даляраў, то бок, у валютным вымярэньні гэта рост крыху больш за 9%. А паводле афіцыйнага прагнозу інфляцыя павінна скласьці каля 8%. Атрымліваецца, што рост рэальных заробкаў будзе ўсяго каля 1,5%. Гэта будзе яшчэ адным чыньнікам, які паменшыць ціск на валютным рынку і будзе перашкодай да дэвальвацыі рубля”.

Карбалевіч: “Наколькі правільна дзейнічае ў гэтых умовах кіраўніцтва краіны? Ці можна выявіць нейкую лёгіку, нейкі трэнд, кірунак у дзеяньнях уладаў?”

Раманчук: “Гэтая лёгіка не выходзіць за межы той плянавай эканомікі, якая існуе ў краіне. Павысіліся падаткі (напрыклад, падатак на зямлю).

У гэтых умовах браць крэдыты небясьпечна. Калі б Беларусь мела добры крэдытны рэйтынг, яна магла б прыцягнуць крэдыты на 5%. Але калі браць крэдыты на 15—20%, то хутка можна апынуцца ў пазыковай яме.

Такім чынам, праз два-тры гады мы атрымаем наступнае; значныя нафтавыя і газавыя плыні будуць абыходзіць Беларусь; вялікую запазычанасьць перад Расеяй; закрыты расейскі рынак для нашых тавараў, бо Расея ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, а Беларусь — не. Таму, думаю, яшчэ ў канцы гэтага году зьявяцца больш рашучыя патрабаваньні лібэралізацыі з боку прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў”.

Чубрык: “Я згодны з тым, што калі такая палітыка будзе працягвацца, то гэта прывядзе краіну да глыбокага крызісу. Рост запазыкі не прывядзе не да чаго добрага.

Але гэтым годам крокі беларускага кіраўніцтва цалкам лягічныя і правільныя. Бо ў мінулыя гады ўрад не скарыстаўся спрыяльнымі замежнаэканамічнымі ўмовамі, каб падрыхтаваць эканоміку да цяжкасьцяў. А далей адзіным правільным крокам былі б рынкавыя рэформы. Таму што іншага шляху ў пяцігадовай пэрспэктыве няма”.

Карбалевіч: “Наконт таго, што іншага шляху няма. Я памятаю, што так казалі ўсе палітыкі і экспэрты яшчэ ў 1994 годзе пасьля выбраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам. Але хутка будзе трынаццаць гадоў, як ён ідзе іншым шляхам. Рынкавым рэформам заўсёды ёсьць альтэрнатыва. Напрыклад, шлях Паўночнай Карэі.

Але цяпер спытаю пра іншае. Чаго можна чакаць у другой палове, канцы году? Ці эканамічныя цяжкасьці будуць нарастаць? А можа сытуацыя нармалізуецца?”

Раманчук: “Што б урад сёньня ні рабіў — ці лібэралізацыю, ці зацісканьне гаек — ён ня зможа прадухіліць крызісу. Мы маем тэндэнцыю пагаршэньня замежнагандлёвага балянсу ў многіх пазыцыях. Таму я прагназую дэвальвацыю ўжо сёлета, рэальную інфляцыю 15—20% пад канец году. Калі мы не пачнем лібэралізацыю цяпер, то наступны год будзе яшчэ больш цяжкі. Толькі праз прыняцьце дырэктываў гэтых праблемаў ня вырашыць”.

Чубрык: “Не пагаджуся з спадаром Раманчуком і лічу, што гэтым годам удасца утрымаць дэвальвацыю на ўзроўні ня больш 1—2%. Бо дэвальвацыя нават 5—10% будзе вялікім ударам па банкаўскай сыстэме і паставіць крыж на палітыцы Нацбанку апошніх пяці-шасьці гадоў.

Пэрспэктывы беларускай эканомікі дрэнныя, бо яна траціць тыя спрыяльныя вонкавыя ўмовы, якія яна мела мінулыя гады. Гэта спрыяльныя цэны на імпартаваныя энэрганосьбіты, і рост цэнаў на нафтапрадукты.

Ужо колькі гадоў беларускія тавары трацяць канкурэнтаздольнасьць на расейскім рынку. Таму што прыбытак і расейскіх грамадзянаў, і прадпрыемстваў растуць. У выніку гэтага яны ўсё больш набываюць замежныя тавары і тэхналёгіі больш высокай якасьці. Такім чынам Беларусь пазбаўляецца вонкавых крыніцаў росту. Але гэтыя праблемы могуць быць меншымі, калі будзе абраны шлях лібэралізацыі”.

Карбалевіч: “Такім чынам, пераход да рынкавых дачыненьняў з Расеяй выклікаў эканамічныя цяжкасьці ўжо ў першыя месяцы году. І гэта паказчык неэфэктыўнасьці беларускай эканамічнай мадэлі. Мае суразмоўцы мяркуюць, што пад канец году гэтыя цяжкасьці будуць толькі нарастаць. Але нейкіх прынцыповых зьменаў у эканамічнай палітыцы кіраўніцтва Беларусі не заўважана”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG