Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вяршыня гістарычнага бяспамяцтва – храм у гонар ката"


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 26 лютага. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам таксама можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Віктар Бутто, Менск: “Крыху пра рэчаіснасьць, якая хаваецца слухачамі і журналістамі Радыё Свабода. Для грамадзян у СССР. Беларускай ССР і Рэспубліцы Беларусь адсутнічала правасудзьдзе і справядлівасьць у адносінах да людзей, які не зьяўляліся недатыкальнымі, то бок чыноўнікамі, дэпутатамі, журналістамі, міліцыяй, пракурорамі, судзьдзямі і іншымі людзьмі, якія прадстаўлялі ўладу. Дэмакратыя, свабода, справядлівасьць, правасудзьдзе, справядлівасьць і іншыя гучныя словы былі і застаюцца не зразумелымі для бездапаможных і безабаронных грамадзянаў у горадзе Менску... Але гэта ня бачыць нават апазыцыя, што знаходзіцца ў ружовых акулярах і з тампонамі ў вушах.”.

Спадар: “Незразумела жаданьне Юшчанкі сустрэцца зь беларускім тыранам.”

Спадар: “Калі ліквідацыя дыктатара зацягнецца да наступных выбараў, то Мілінкевічу будзе 65 і яго шансы будуць роўныя нулю”.

Яцкевіч, Віцебск: “Рыгору Барадуліну. Свайго віншую земляка Зь вялікай датай нараджэньня. Хачу здароўя пажадаць І плённай працы, і натхненьня. Жадаю ад душы сваёй Краіны вольнай і багатай, Чаго ўсім не дастае Ці то ў будні, ці ў сьвята, Чым ганарыцца Беларусь Сярод людзей на ўсёй плянэце. Нясе крыжа нялёгкі груз, Што пераняць павінны дзеці. Тады адродзіцца зямля І мовы кветка заквітнее, Зьбярэцца дружная сям’я, У воку кожным пасьвятлее. І людзям шчасьце прынясе Па ўсёй зямлі, па ўсёй краіне. І на жытнёвай паласе З рамонкам васілёк ня згіне".

Ларыса, Менск: “У склад дэлегацыі, якая ў нядзелю едзе ў Вашынгтон не ўваходзіць Мілінкевіч. Гэта значыць, што няма ў іх пэўнага паразуменьня па асноўных пытаньнях нашай рэчаіснасьці. А калі няма згоды, дык няма і пэўных рашэньняў на карысьць таго, каб палепшыць становішча нашай краіны. Зараз, як ніколі, патрэбна было б аб’яднацца. Яны разыходзяцца ў розныя бакі, людзі чуюць спрэчкі паміж апазыцыянэрамі і наогул, ня бачаць вынікаў іх працы – адныя гаворкі. І такое ўражаньне, што ніяк ня могуць падзяліць партфэлі. кожны хоча быць лідэрам. Таму і вынікаў няма”.

Уладзімер, Магілёў: “Добры дзень, спадарства. Ідалы ката-Леніна стаяць у кожным горадзе, пабудавана “Лінія Сталіна,” ёсьць помнікі Дзяржынскаму, Калініну, будуюць храмавы комплекс Сувораву… Забылі Гітлера чамусьці. А можа, яшчэ ня час? І яшчэ. На пытаньне тыдня. Я адчуваю сябе эўрапейцам, але ў рэзэрвацыі”.

Сьцёпа Зух: “Паважная спадар Рыгора Барадулін! Шчыра віншуем Вас з Народзінамі, але ў першую чаргу просім Бога вярнуць Вам здароўе і быць надалей у нашых шэрагах. Вы нам надта патрэбныя, бо маразы хутка сыдуць і наша сонейка ўсё вышэй і вышэй”.

Сталы слухач: “...тое, што Мілінкевіч адмовіўся ехаць у Амэрыку ня важна на якой падставе, гэта проста малайчына. І там яшчэ ён нейкія крокі робіць насустрач ураду. Няхай і кволыя. Але чалавек слушна становіцца на шлях апазыцыі, якой яна павінна быць. Я ня ведаю, як далей ён будзе сябе паводзіць, але тое, што ідуць нейкія водгукі, гэта ўсё слушна".

Спадар: “Праз Радыё Свабода даведаўся, што па прапанове Маскоўскага патрыярха ў Кобрыне зьбіраюцца паставіць храм у гонар Суворава. У гонар таго, хто задушыў паўстаньне на чале з Касьцюшкам за свабоду і незалежнасьць беларускага народа. які ўтапіў у крыві патрыётаў нашай краіны. І на гэтай, шмат пакутнай зямлі, яму храм?! А беларускі экзарх маўчыць, таму што ён не беларус, прызначаецца на гэту пасаду Масквой і служыць яе інтарэсам. Колькі помнікаў пастаўлена Сувораву ў Беларусі! Амаль у кожным горадзе ёсьць вуліца яго імя! А таму, хто змагаўся супраць царскай акупацыі, ліў сваю кроў, каго шануе ўвесь сьвет, Тадэвушу Касьцюшку, помнікаў няма і вуліц. Кожнаму, хоць крыху сьвядомаму беларусу ад гэтага павінна быць сорамна. Прачніцеся, беларусы, ня будзьце авечкамі, калі хочаце, каб Вас паважалі як людзей іншыя народы, у тым ліку і Расея! Не дапусьціце апаганьваньня сваёй зямлі!”

Спадарыня: “Адказваю на пытаньне тыдня. Безумоўна, мы эўрапейцы. Толькі нібы апусьціліся і дэградавалі. Іду сёньня па вуліцы. Каля пад’езду кантэйнэры, перапоўненыя сьмецьцем. П’яныя мужыкі, лаянка і мёрзлыя сабачыя кучы. Да пабачэньня”.

Спадар: “ А ў Кобрыне – Кобра, А ў Кобрыне – хам. Расейская кодла Плянуе там храм. І будзе, здаецца, Там купала крыж, У Нашае сэрца Сувораўскі штых”.

Уладзімер Дарагуш, Чэрвень: “Спадарства, неяк мінулым летам дачка езьдзіла ў Гародню і прывезла адтуль бохан тамтэйшага хлебу. І як жа ён называецца? “Сувораўскі!” У рот не палез, скарміў сабаку. Дык што мы за людзі, беларусы? – Мазахісты. А хто намі кіруе? – Садысты. І вайсковае вучылішча Сувораўскае, і хлеб “Сувораўскі,” і вяршыня гістарычнага бяспамяцтва – храм у гонар ката. Сорамна!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG