Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыя БССР 1937 году: “Арт. 86. Судавядзенне ў БССР вядзецца на беларускай мове”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 26 лютага ў розныя гады мінулага.

“ЛіМ” у 1937 годзе друкуе тэкст Канстытуцыі БССР: “Арт. 86. Судавядзенне ў БССР вядзецца на беларускай мове з забеспячэннем для асоб, якія не ўладаюць гэтай мовай, поўнага азнаямлення з матэрыяламі справы праз перакладчыка, а таксама права выступаць на судзе на роднай мове…” Арт. 100: “…грамадзянам БССР гарантуюцца законам: а) свабода слова; б) свабода друку; в) свабода сходаў і мітынгаў; г) свабода вулічных шэсцяў і дэманстрацый. Гэтыя правы грамадзян забяспечваюца прадастаўленнем працоўным і іх арганізацыям друкарняў, вуліц, сродкаў сувязі і іншых матэрыяльных умоў, неабходных для іх ажыццяўлення”.

Леанід Екель у 1987 годзе за тыдзень да адкрыцьця XXVIII зьезду ЛКСМБ піша ў “Знамени юности”: “Ламаньне звыклага, таго, што сябе зжыло, — гэта ж ня лёгкія кампрамісы, нязначныя саступкі, па якіх нешта перасоўваецца, тасуецца, але ў існасьці нічога не мяняецца. Гэта бязьлітаснае, шчырае змаганьне, якое няўлоўным скрабком павінна вычысьціць са сьвядомасьці людзей, іх учынкаў усё тое, што пакрылася цьвільлю абыватальшчыны, што прарасло быльнягом самазаспакоенасьці й абыякавасьці, што мыльныя бурбалкі жаданага выдавала за сапраўднае…”

“Народная воля”, год 1997. Рыгор Барадулін выказваецца наступным чынам: “Я і ў партыі не знаходзіўся, і пісем у падтрымку ці ў абарону ўлады не падпісваў. Праўда, за ўсё жыццё адно пісьмо ўсё ж падпісаў. Гэта яшчэ пры Гарбачове было: у абарону беларускай мовы. Існуючы рэжым не вечны. Ён рана ці позна скончыцца. І мне было б цікава паназіраць, як гэтыя падпісанты і падлізалы будуць глядзець у вочы сваім сучаснікам. Або проста на сябе ў люстэрка… Гэты рэжым не ўратуюць ніякія пісьмы. І мне, калі б я падпісваў падобныя дакументы, потым, мабыць, і паміраць было б цяжка і сорамна”.
XS
SM
MD
LG