Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Курапатах ушануюць памяць ахвяраў рэпрэсій


Радыё Свабода У межах абвешчанага грамадзкасьцю Года памяці сёньня ва ўрочышчы Курапаты а 15 гадзіне адбудзецца ўшанаваньне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Зварот Грамадзкага аргакамітэту ў справе ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і беларусаў сьвету Шаноўныя суайчыньнікі!

Заўчасная сьмерць — бяда і непапраўная страта ня толькі для блізкіх, але і для ўсёй чалавечай супольнасьці. Але ж падчас крывавага разбою бальшавіцкіх ЧК, ГПУ, НКВД, МДБ, бадай, не было той сям’і і радзіны, каб зь іх асяродку чорнае груганьнё не вырвала бацьку, маці, сына, брата, сястру, дарослых і нават непаўналетніх. А хто ацалеў — застаўся запалоханым на ўсё жыцьцё. І што гэта былі за страты! Боль за іх не згас, не вычарпаў сябе у народзе дагэтуль.

Даты смутку і жалю

Сёлета беларускае грамадзтва мае адзначыць сумнае сямідзесяцігоддзе. Акурат у 1937-м крывавы патоп сталінскіх рэпрэсій дасягнуў найвышэйшага ўздыму. Няпрошаныя госьці ўвальваліся ў гарадзкія кватэры і сялянскія хаты. Цэлымі сем’ямі вывозілі людзей у Сібір і на Поўнач, чынілі расстрэлы ў шматлікіх Курапатах. Лепшыя з лепшых абвяшчаліся ворагамі народа і траплялі ў рукі бальшавіцкіх катаў. Кузьму Чорнага, класіка беларускай літаратуры, садзілі на кол. Народнага паэта Янку Купалу давялі да таго, што пазьбягаючы глуму над сабой, спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. Пасьля дзікунскага зьдзеку і гвалту дзяржаўны дзеяч і пісьменьнік Цішка Гартны (Жылуновіч) загінуў у Магілёўскай псіхіатрычнай больніцы. Глум над людзьмi i iх вынішчэньне чэкістамі насiлi плянавый характар. Толькі ў 1920–50-я катаржныя гады ГУЛАГ праглынуў больш за 600 тысячаў ураджэнцаў Беларусі, а з улікам другіх катэгорый афіцыйна рэпрэсаваных гэтая лічба сягае за 1,5 мільёна. Нават цяжка ўявіць: найбольш здольнае да творчай і стваральнай працы насельніцтва вялікага эўрапейскага гораду, роўнага сучаснаму Менску, і яно трапляе ў лапы і пекла ГУЛАГу! Шмат у якіх выпадках рэпрэсіі насілі характар генацыду беларусаў.

Ад самага ўтварэньня БССР і да 1953 году ў Беларусі была вынішчана амаль уся сьвядомая, культурная, адукаваная нацыянальная інтэлігенцыя. І каб не гэтыя страты, сёньня ў нас была б зусім іншая краіна. У адносінах беларускіх уладных структур да нацыянальных каштоўнасьцей становішча не выпраўлена да гэтага часу.

Грамадзтва не павінна абысьці ўвагай даты чорных, трагічных падзей. Таму 20 лістапада 2006 года ў Мінску створаны на законных падставах грамадзкі Аргкамітэт, які ставіць на мэту адрадзіць рытуал памінаньня шматлікіх ахвяраў, што будзе адпавядаць векавечным традыцыям і звычаям беларускага народа ў захаваньні памяці аб слаўных продках, выдатных асобах, сьвятых і грэшных, пакутніках, якія заўчасна пайшлі ў зямлю.

А 29 кастрычніка 1937 году асабліва цяжкі і трагічны дзень у гісторыі беларускага народу. Толькі за адну ноч у Менску сталінскія апрычнікі расстралялі 100 выдатных прадстаўнікоў творчай і навукова-тэхнічнай інтэлігенцыі, у тым ліку народных камісараў асьветы — Аляксандра Варончанку і Аляксандра Чарнушэвіча, наркома фінансаў Івана Кудзельку, рэктараў БДУ — Ананія Дзьякава, Язэпа Каранеўскага, Аляксея Кучынскага, дэкана Яўгена Успенскага, прафесара Сьцяпана Маргелава, дырэктараў Белпедтэхнікуму — Міхаіла Радзеўскага, Ігната Афанасьева разам з выкладчыкамі, — другога сакратара ЦК КПБ(б) Міколу Арабея, шэраг адказных работнікаў ЦК, СНК, ЦВК, іншых устаноў, 22-х пісьменьнікаў і грамадзкіх дзеячаў: Міхася Чарота, Янку Нёманскага, Платона Галавача, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Васіля Каваля, Юлія Таўбіна, Валерыя Маракова, Васіля Сташэўскага, Зяму Піваварава, Ізю Харыка, Тодара Кляшторнага, Анатоля Вольнага, Юрку Лявоннага…, вядомых тады журналістаў Віктара Войнава, Паўла Шастакова… Многія з вязьняў былі змардаваны настолькі, што не маглі стаяць на нагах і іх волакам цягнулі на расстрэл. А жонак, дзяцей і бліжэйшых родзічаў расстраляных тады ж кінулі ў канцэнтрацыйныя лягеры.

Вынішчэнне інтэлектуальнай эліты нашай нацыянальнай супольнасьці 29 кастрычніка было праведзена і ў абласных гарадах — Віцебску, Гомелі, Магілёве. І гэта — чарговы ўдар па беларускай адукацыі, па духоўнай культуры, па мове, жорсткая праява генацыду народу і нацыі.

У Год памяці

Мы прапануем грамадскасьці лічыць 2007 год Годам памяці аб нічым не апраўданых рэпрэсіях супраць беларускага народа. Нашым агульным клопатам павінна быць вяртаньне кожнаму змардаванаму, забітаму, абясслаўленаму грамадзяніну Беларусі яго добрага імені.

Разам з тым мы лічым магчымым падтрымаць працу і польскага Мэмарыялу па ўвекавечваньні памяці нявінна загубленых, а таксама расійскіх калег з Мэмарыялу Екацерынбургу, Карэліі… Па прыкладу Мартыралёгу Сыктыўкара мы прапануем кожны месяц 29-га чысла, пачынаючы з 17 гадзіны, наведваць месцы захаваньня парэшткаў пакутнікаў сталінскіх рэпрэсій. Прамаўляючы ўсьцешныя словы над іх спачынам, давайце па звычаю продкаў запалім памінальныя сьвечкі. Апроч таго абавязкова прыйдзем да іх магілаў на Радаўніцу і Дзяды.

Мы разьлічваем на падтрымку Года памяці гарадзкімі і сельскімі выканаўчымі ўладамі, на выяўленьне, упарадкаваньне, аздабленьне крыжамі, памятнымі знакамі ўсіх мясцінаў расстрэлаў і захаваньня парэшткаў пакутнікаў з магчымым выяўленьнем невядомых імёнаў і перадачай інфармацыі пра іх у мясцовыя музэі, гісторычныя і культурныя ўстановы.

Мы прапануем Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускаму дзяржаўнаму унівэрсытэту, іншым навуковым і асьветным установам краіны зьвярнуцца да трагічных падзей беларускага адраджэньня, прыгадаць Інбелкульт і расправу з плеядай вучоных колькасцю звыш 100 чалавек на мяжы 1920–30-х гадоў, з выдатнымі нацыянальнымі дзеячамі, у асяродку якіх былі Усевалад Ігнатоўскі, Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Пічэта, Язэп Лёсік, Сьцяпан Некрашэвіч, Аркадзь Смоліч, браты Максім ды Гаўрыла Гарэцкія. Вучоным варта зрабіць свой унёсак у Год памяці.

Памяць вымагае справядлівасьці і ўшанавання спадчыны рэпрэсаваных дзеячаў беларускай навукі, асьветы, культуры не толькі словамі, але і справамі, на якіх абарвалася іх жыцьцё. Сёньня, калі ўсе вышэйшыя і сярэднія тэхнічныя навучальныя ўстановы пераведзеныя на расейскую мову і бацькам-беларусам, а яны складаюць абсалютную большасьць насельніцтва, даводзіцца выпраўляць сваіх дзяцей у расейскія школы толькі таму, што далейшае набыцьцё адукацыі і прафэсіі на роднай мове практычна немагчыма, Аргкамітэт заяўляе пра сваю рашучую падтрымку хадайніцтва ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» перад урадам, Адміністрацыяй прэзыдэнта і самім прэзыдэнтам аб адкрыцьці ў Менску шматпрофільнага беларускамоўнага унівэрсытэта.

Мы прапануем усім партыям і грамадзкім аб’яднаньням краіны разам з уладамі, калі на тое будзе іх ласка, а не — то і без іх, узяць на сябе ініцыятыву па распрацоўцы і ажыцьцяўленьні канкрэтных мерапрыемстваў у Год памяці.

Заклікаем далучыцца да гуманнай грамадзкай ініцыятывы прафэсійныя творчыя саюзы, каля вытокаў якіх нярэдка стаялі выдатныя дзеячы нацыянальнай культуры, рэпрэсаваныя крыважэрным рэжымам.

Заклікаем праявіць свой грамадзянскі абавязак сяброў маладзёжных суполак краіны. Усе яны, незалежна ад роду заняткаў і ідэалягічнай арыентацыі, павінны актывізаваць сваю дзейнасьць па адраджэньні і ўшанаваньні памяці ахвяраў камуна-бальшавізму.

Мы зьвяртаемся з гэтым жа заклікам і да вучнёўскіх, студэнцкіх арганізацый, да юных сьледапытаў, дасьледчыкаў, як і да настаўнікаў, гісторыкаў, краязнаўцаў.

Спадзяемся, што сьвятары ўсіх канфэсій, практычна вынішчаных у савецкія гады, у Год памяці распрацуюць і прыступяць да ажыцьцяўленьня праграмы царкоўных службаў, літургій, памінаньняў нявінных ахвяраў масавых рэпрэсій, узяўшы за прыклад учынак праваслаўнага патрыярха Ціхана, які ў 1918 годзе выступіў з ганьбаваньнем бальшавіцкіх карнікаў: “Спыніцеся, вар’яты, спыніце вашы крывавыя расправы. Бо тое, што вы робіце, ёьсць справа сапраўды сатанінская, за што падлягаеце вы агню гееннаму… Уладаю, дадзенай нам ад Бога… анафэмствуем вас!”

Звяртаючыся да розных пакаленьняў грамадзянаў Беларусі і беларусаў, якія жывуць у замежжы, Аргкамітэт абвяшчае збор фондавых матэрыялаў, кніг успамінаў, рукапісаў, фотакартак, пісьмаў, дакументаў, асабістых рэчаў былых вязняў камуністычных турэмных засьценкаў. Усё гэта можа быць выкарыстана пры стварэньні тэматычнага банку дадзеных на электронных носьбітах, а таксама мэмарыяльнага музэю ў Менску.

Да Дня памяці

Мы зьвяртаемся да заканадаўчых і выканаўчых уладаў краіны, да кіраўніка дзяржавы з хадайніцтвам зрабіць дзень 29 кастрычніка Днём памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій і адзначаць яго адпаведным чынам штогод.

Мы выступаем перад кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам з прапановай выдаць указ выканаўчым уладам у гэты жалобны дзень аздобіць чорнымі стужкамі і прыспусціць дзяржаўныя сьцягі.

Мы прапануем грамадзкасьці краіны, абапіраючыся на падтрымку неабыякавых мясцовых уладаў, па ўсіх гарадах, буйных пасёлках і вёсках правесьці да Дня памяці жалобна-ўрачыстыя сходы, канцэрты-рэквіемы, выставы, іншыя мерапрыемствы з удзелам мясцовых мастацкіх калектываў і прафэсійных майстроў мастацтва, паэтаў, музыкаў.

Заклікаем добрасумленных грамадзянаў краіны ў Дзень памяці наладзіць у рамках закона жалобныя мітынгі, шэсці, наведаць месцы расстрэлаў і пахаваньня ахвяраў масавых рэпрэсій, запаліць сьвечкі над магіламі пакутнікаў і аздобіць месцы пахаваньняў кветкамі, стужкамі чырвонага, чорнага і белага колераў.

Каб падкрэсьліць своеасаблівасьць моманту, грамадзяне Рэспублікі Беларусь і беларусы замежжа ў жалобны Дзень памяці маюць насіць банты з тых жа стужак чырвонага, чорнага і белага колераў.

Вернікаў краіны заклікаем у гэты дзень замаўляць памінальныя службы ў царквах, касцёлах, малітоўных дамах, мячэцях маліцца за супакой душаў закатаваных суайчыньнікаў.

Мы заклікаем кампетэнтныя ўстановы — Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства унутраных спраў і Пракуратуру Рэспублікі Беларусь — перагледзець справы пакуль яшчэ нерэабілітаваных ахвяраў тэрору, у тым ліку былых ваеннапалонных, а таксама жыхароў, якія працавалі на часова акупаванай тэрыторыі ў 1941–1944 гадах, замежных грамадзян, абнародаваць імёны расстраляных у Курапатах, адкрыць спісы афіцэраў польскай арміі, расстраляных у 1940 годзе.

Прапануем ураду краіны вывучыць пытанне аб магчымай выплаце фінансавых кампэнсацый нашчадкам рэпрэсаваных жыхароў Беларусі Расіяй, як праўнапераемніцай СССР.

Спадзяемся, што ўсе дзяржаўныя і грамадзкія структуры краіны, усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь і беларусы замежжа прадэманструюць у Год Памяці сваю салідарнасць, узаемапавагу і правядуць гэты Год і Дзень памяці па-таварыску спагадліва, прачула і годна.

Па даручэньні Аргкамітэту ў справе ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

Сустаршыні: Радзім Гарэцкі, геоляг, акадэмік Ігар Кузняцоў, гісторык Васіль Якавенка, пісьменьнік
XS
SM
MD
LG