Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глыбокае: дэлегаты гатовыя адмовіцца ад удзелу ў Кангрэсе дэмсілаў


Радыё Свабода, Віцебск Прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча з Глыбокага заявілі, што пасьля ягонай адмовы ад удзелу ў Кангрэсе, гэты форум становіцца немэтазгодным.

На думку сябра Партыі БНФ Яраслава Берніковіча, кангрэс без лідэра дэмакратычных сілаў ужо ня будзе агульнабеларускім форумам і таму ня вырашыць наяўных праблемаў аб’яднаньня апазыцыі.

Берніковіч: “Калі яшчэ паўгода таму пачаліся размовы пра правядзеньне кангрэсу, усе актывісты Глыбоччыны ня бачылі сэнсу ў ім. Але, на жаль, нас пра гэта ніхто не пытаўся. Усё ж мы назьбіралі патрэбныя трыста подпісаў. Але цяпер правілы гульні мяняюцца падчас самой гульні, пасьля адмовы Мілінкевіча ад удзелу ў кангрэсе, сэнс у ягоным правядзеньні зусім зьнікае. Без Мілінкевіча гэта ўжо не кангрэс. Ёсьць такі панятак, як "партыйная дысцыпліна", і сябры партыяў прыедуць. Але гэта ня будзе кангрэс усебеларускі – гэта будзе кангрэс пэўных палітычных сілаў. Таму на сёньняшні дзень мы ня бачым сэнсу браць удзел у гэтым кангрэсе”.

І Яраслаў Берніковіч, і яшчэ адна дэлегатка з Глыбоччыны Юлія Бука бралі ўдзел у мінулым Кангрэсе дэмакратычных сілаў, што праходзіў у 2005-м годзе, на якім Аляксандр Мілінкевіч быў абраны адзіным кандыдатам ад апазыцыі на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Спадарыня Юлія параўноўвае свае ўражаньні ад таго форуму з цяперашняй сытуацыяй.

Бука: “Калі я была дэлегаткай таго кангрэсу, то я пабачыла сілу! Калі я чую "Жыве Беларусь!", то мне сапраўды здаецца, што яшчэ можна жыць, і што мы сапраўды дажывем ды нейкіх лепшых часоў! А ўвогуле... Да мяне цяпер даслалі анкету з пытаньнямі: "Як вы лічыце, ці трэба гэты кангрэс, і што ён вырашыць?" І я напісала, што гэта бяздумнае марнаваньне грошай, і што ён нічога ня вырашыць. Мілінкевіч – гэта той палітык, які больш ці менш задавальняе мяне ва ўсіх адносінах, я падтрымала б яго! Але калі Мілінкевіч скажа, што на кангрэс нам ехаць ня варта, то я была б вельмі ўсьцешаная, што ён таксама да такое высновы прыйшоў, што ён падзяляе мае думкі! Як будзе нейкая добрая справа, то мы ўсё адно ўсе знойдземся ды аб’яднаемся!”

Пакуль глыбоцкія дэлегаты не прынялі канчатковага рашэньня адносна свайго ўдзелу ў будучым кангрэсе, але яны кажуць, што гатовыя афіцыйна адмовіцца ад яго на падтрымку пазыцыі Аляксандра Мілінкевіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG