Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дагэтуль невядома, дзе знаходзіцца актывіст АГП Дзяніс Дзянісаў


Радыё Свабода 16-га лютага міліцыя затрымала Дзянісава на чыгуначным вакзале ў Гомелі, яго зьмясьцілі ў ізалятар. Невядома, ці прад’явілі яму якое-небудзь абвінавачаньне. Паводле маці, Раісы Дзянісавай, у гомельскім ізалятары ёй пацьвердзілі па тэлефоне, што сына адправілі ў Віцебск, але супрацоўнікі віцебскага ізалятару гавораць, што Дзянісава ў іхнай установе няма. Маці з перадачай сустракала на чыгуначным вакзале ўсе начныя цягнікі з Гомеля. Аднак Дзяніса так і не прывезьлі.

Дзянісава: "Усё гатова: зубная паста, цёплыя рэчы, цукеркі, печыва, цукар, гарбата. У яго лінзы, бо дужа кепскі зрок –дык трэба перадаць раствор! Але ніхто нічога ня кажа! Увогуле ніхто ня хоча са мной размаўляць! Я напісала скаргі і ў Гомельскую пракуратуру, і ў Віцебскую пракуратуру. Чаго яго затрымалі? Хіба ён злачынца,хіба ён забіў каго? Але мне ніхто нічога ня кажа, увогуле ня хочуць ніякае інфармацыі даваць!"

Сябры й сваякі мяркуюць, што Дзянісаў быў затрыманы паводле крымінальнай справы, якую завяла супраць яго Віцебская пракуратура. Справа была распачатая пасьля таго, як у Віцебску прэзэнтаваў сябе моладзевы рух пад назвай “Бунт” – у чэрвені летась у абласным цэнтры зьявілася мноства апазыцыйных графіці ды ўлётак, а моладзевая актывістка Крысціна Шацікава ўзьняла над летнім амфітэатрам бел-чырвона-белы сьцяг. Суд тады аштрафаваў Шацікаву амаль на 5 мільёнаў рублёў.

Тацяна Дзядок, сяброўка Дзянісава, згадвае, што міліцыянты затрымалі яго адразу пасьля суду над Крысьцінай Шацікавай.

Дзядок: "Калі было разьбіральніцтва па пытаньні з Крысьцінай, Дзяніс быў у залі суду, і калі ён выходзіў з будынку суду, яго затрымалі. Ён адседзеў некалькі часу, каля трох гадзінаў, у камэры, і яго адпусьцілі. Яму нічога не патлумачылі, толькі праверылі ягоныя рэчы, і ўсё."

Пазьней стала вядома, што супраць Дзяніса Дзянісава і яшчэ адной віцебскай актывісткі Тацяны Елавой заведзеная крымінальная справа – нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў у грамадзкім месцы – яны раздавалі ўлёткі са словамі “Далучайся да негвалтоўнага супраціву! Дзейнічай у імя свабоды сваёй краіны!” Калі Дзянісава прызнаюць вінаватым, яму пагражае пазбаўленьне волі на да трох гадоў.
XS
SM
MD
LG