Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чым грунтуецца стабільнасьць беларускага рубля?


Ігар Карней, Менск Стабільнасьць беларускага рубля, пра якую некалькі апошніх гадоў кажа вышэйшае беларускае кіраўніцтва, ставіць пад сумнеў усё большая колькасьць жыхароў краіны. Пра гэта сьведчыць, перадусім, ажыятажны попыт на замежную валюту, які назіраецца ад канца мінулага году. Якія рэальныя пэрспэктывы ў беларускага рубля на фінансавым рынку Беларусі?

Студзень: рост попыту на валюту – 85%

Паводле ўпраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь, сёлета ў студзені насельніцтва і прадпрыемствы рознай формы ўласнасьці набылі ў банках наяўнай замежнай валюты на 85% болей, чым за такі ж час летась. Ад пачатку году прададзена ў эквіваленце амаль 470 мільёнаў даляраў. У апошні месяц 2006 году валюты было прададзена яшчэ больш – ледзь не на паўмільярду даляраў.

Эканаміст Алена Ракава лічыць, што пік актыўнасьці супаў з часам нявызначанасьці ў расейска-беларускіх адносінах і небясьпекай магчымага абвалу пасьля рэзкага падвышэньня коштаў на энэрганосьбіты.

Ракава: “Тут, з аднаго боку, вайна нафтагазавая з Расеяй. Зь іншага боку, чуткі пра дэнамінацыю, дэвальвацыю. Усё гэта, канешне, не спрыяе зьніжэньню попыту на валюту”.

Дэвальвацыі ня будзе, але Нацбанку не пазайздросьціш

Праўда, паводле экспэрта, сытуацыя паступова стабілізуецца. Згодна са зьвесткамі Нацыянальнага банку, за палову лютага насельніцтва набыло ў банках крыху болей за 200 мільёнаў даляраў і аб’ектыўных падставаў, каб пабіць рэкорды папярэдніх месяцаў, няма. Між тым, як кажа Алена Ракава, ад банкавай сыстэмы патрабуецца максімум высілкаў, каб падтрымліваць стабільнасьць беларускага рубля на ранейшым узроўні. У іншым выпадку кіраўніцтва краіны можа апынуцца перад дылемай.

Ракава: “Альбо павялічваць зьнешнюю запазычанасьць краіны, альбо дапускаць дэвальвацыю. Аднак дэвальвацыя выкліча паніку і абвал усяго. Таму, мяркую, камэрцыйныя банкі, Нацыянальны банк будуць да апошняга стрымліваць курс. Думаю, у гэтым годзе ім хопіць рэзэрваў, каб стрымліваць.

Іншая справа, што ў будучым гэтыя крэдыты трэба будзе аддаваць, то бок, зноў жа, гэта кароткатэрміновая палітыка. Але дэвальвацыі, хутчэй за ўсё, ня будзе. Зараз будуць адна за адной заявы, і паціху гэты ажыятаж будзе зьніжацца. Курс трымаецца, месяц-другі пройдзе, і людзі зноў пачнуць рабіць рублёвыя ўклады. Але ўсе сытуацыю пільна адсочваюць, таму мінімальныя адхіленьні (нават зьніжэньне курсу на 5 рублёў) такую зноў хвалю ўздымуць, што мала не падасца. Таму Нацбанк апынуўся ў закладніках сытуацыі. Не пазайздросьціш Нацбанку”.

1,5 мільярды даляраў крэдыту – дзеля падтрыманьня стабільнасьці беларускага рубля?

Таксама экспэрты кажуць, што запасы трываласьці ў беларускай фінансавай сфэры не бязьмежныя. Менавіта з гэтым яны зьвязваюць просьбу беларускага ўраду да расейскага боку даць стабілізацыйны крэдыт у памеры 1,5 мільярду даляраў. Галоўным аргумэнтам названы рост коштаў на энэрганосьбіты, якія імпартуюцца з Расеі. Аднак другой прычынай многія называюць якраз неабходнасьць падтрыманьня міту пра стабільнасьць беларускага рубля.

Тым часам Міністар эканамічнага разьвіцьця Расейскай фэдэрацыі Герман Грэф днямі заявіў, што Расея можа разгледзець пытаньне аб выдзяленьні Беларусі стабілізацыйнага крэдыту. Чыноўнік наўпрост не сказаў, што пытаньне можа быць вырашанае хутка, толькі ўдакладніў, што “гэта мае права на існаваньне”.



Нагадаем, што ад пачатку 2007 году Беларусь атрымлівае энэргарэсурсы з Расеі па новых цэнах. Так, кошт расейскага газу для Беларусі ў 2007 годзе быў падвышаны ад 46,68 даляра да 100 даляраў за тысячу кубамэтраў. Значна большыя выдаткі цяпер гэтаксама цягнуць нафтавыя пастаўкі.



Гл. таксама:

Беларусы скупляюць валюту і ня вераць у “беларускі цуд”
XS
SM
MD
LG