Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: ці лічыце вы сябе эўрапейцам?


Галіна Абакунчык, Менск Ці лічыце вы сябе эўрапейцам – гэтак гучыць пытаньне тыдня на Радыё Свабода. Менскім мінакам яго задавала наша карэспандэнтка.

Карэспандэнтка: “Ці лічыце вы сябе эўрапейцам і чаму?”

Спадар: Толькі тэрытарыяльна лічу сябе эўрапейцам. Бо няма больш нічога іншага, што мяне ў гэтым бы пераканала. Ні вольнасьці, ні свабоды для прадпрымальнікаў – нічога няма”.

Спадарыня: “Ня ведаю, я там ніколі не была ў іншых краінах. А тут я што адчуваю – жыцьцё стала лепшае, як раней было”.

Спадар: “Я грамадзянін Латвіі, але жыву тут, стала ў Беларусі. Я думаю, што так – Беларусь, Латвія, Літва – частка Эўропы”.

Юнак: “Я адчуваю сябе беларусам. А эўрапейцам – ну, магчыма, таму, што жыву на тэрыторыі Эўропы”.

Спадар: “У нас культуры не хапае, каб быць эўрапейцамі. Як у Эўропу зьезьдзіш – дык там жа іншы сьвет”.

Юначка: “Я лічу сябе эўрапейкай. Разьмяшчэньне нашай краіны ў цэнтры Эўропы і азначае, што мы ўсе эўрапейцы. Але, канечне, наш узровень жыцьця не суадносіцца з эўрапейскім. І ўсё ж – мы эўрапейская краіна і мы эўрапейцы”.

Спадарыня: “Я не адчуваю сябе эўрапейкай, бо не адчуваю тае свабоды, якая, на маю думку, ёсьць у эўрапейцаў”.

Юнак: “Тут адразу можна пытацца – а хто такія эўрапейцы? Але чаму не? Мы жывем у цэнтры Эўропы. Усе народы маюць свой мэнталітэт, і тым ня менш, лічаць сябе эўрапейцамі”.

Спадарыня: “Не, бо я думаю, што мы вельмі далёкія ад Эўропы. І паводле ўзроўню жыцьця, і эканомікі, і свабоды. У мяне ёсьць з чым параўнаць, я шмат дзе была, асабліва ў Эўропе. Ня думаю, што мы недзе блізка каля іх”.

Спадар: “Я адчуваю сябе эўрапейцам. Калі мне Зянон Пазьняк даў асьвету, то я добра зразумеў, што мы – эўрапейцы”.
XS
SM
MD
LG