Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія апазыцыянэры ляцяць у Вашынгтон без Мілінкевіча


Альгерд Невяроўскі, Менск Дэлегацыя беларускай апазыцыі ў нядзелю вылятае ў Вашынгтон, дзе цягам тыдня будуць праходзіць іх сустрэчы з амэрыканскімі палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, журналістамі і прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Аляксандра Мілінкевіча ў складзе дэлегацыі ня будзе. Партыйныя лідэры гавораць, што размова ў ЗША будзе весьціся пра сытуацыю ў Беларусі і пра падтрымку грамадзянскай супольнасьці, а не пра канфлікт у стане беларускай апазыцыі.

У складзе дэлегацыі – кіраўнікі партыі БНФ Вінцук Вячорка, Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, а таксама Ірына Казуліна і прадстаўнік Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Сяргей Мацкевіч. Дакладная праграма візыту пакуль невядомая, бо яшчэ ўдакладняецца. Сяргей Калякін гаворыць толькі пра папярэднюю праграму:

“Мы будзем сустракацца з кангрэсмэнамі, сэнатарамі, прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамэнту, няўрадавымі арганізацыямі, з нашай дыяспарай. Дакладных імёнаў ня ведаю. Будзе прэсавая канфэрэнцыя. І думаю, не адна.

Нашая галоўная мэта – паказаць, як жыве сёньняшняя Беларусь, якія ў яе ёсьць праблемы, куды рухаецца. Якія ёсьць надзеі на тое, што Беларусь будзе ў цывілізаваным сьвеце. Што яна будзе незалежнай, дэмакратычнай, прававой дзяржавай. І мы хацелі б ведаць пра тое, што такая дзяржава як Злучаныя Штаты Амэрыкі падтрымлівае нас на гэтым шляху”.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька больш канкрэтна акрэсьліў беларускія прапановы:

“Для нас мэта адна – Беларусь павінна быць у парадку дня міжнароднай супольнасьці. І калі яна там прысутнічае – значыць, у краіны ёсьць пэрспэктыва”.

Як вядома, у ЗША не ляціць Аляксандар Мілінкевіч. Анатоль Лябедзька гаворыць, што Мілінкевіч паставіў умову – уключыць у склад дэлегацыі прадстаўнікоў сваёй каманды. А палітычны дарадца Мілінкевіча Андрэй Кусяльчук гаворыць, што да 25 сакавіка, да Кангрэса дэмсілаў і ўлагоджваньня канфлікту паміж лідэрам і іншымі прадстаўнікамі кааліцыі, ніякіх візытаў рабіць ня варта.

Сяргей Калякін гаворыць, што тэма канфлікту паміж Аляксандрам Мілінкевічам і партыйнымі лідэрамі ў Амэрыцы падымацца ня будзе.
XS
SM
MD
LG