Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кацярына Садоўская: “Жанчынам у турме ня выдалі цёплага адзеньня”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Праваабаронца Кацярына Садоўская скардзіцца на недахоп адмысловага адзеньня на часы моцных халадоў. За што наклалі трэцяе спагнаньне на Зьмітра Дашкевіча? Мікалай Статкевіч зноў застаўся без адпачынку. Як пачуваецца Аляксандр Казулін?

Ці ня холадна ў беларускіх турмах падчас цяперашняга марознага надвор’я? Начальнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Уладзімер Коўчур 23-га лютага запэўніў мяне, што ва ўсіх калёніях падтрымліваецца тэмпэратура паводле нормы, ніводнай аварыі сыстэмаў ацяпленьня няма, асуджаныя на холад ня скардзяцца. Аднак зь ліста дамоў праваабаронцы Кацярыны Садоўскай, якая адбывае пакараньне ў Гомельскай жаночай калёніі, вынікае, што скаргі ёсьць. Распавёў муж Кацярыны Садоўскай Віктар:

“Учора ліст прыйшоў ад Кацярыны Пятроўны. Піша, што над імі там зьдзекуюцца. Ня выдалі ні калгот, ні цёплых штаноў, і ганяюць у двары па марозу. А там шмат людзей сталага ўзросту. Вельмі непакоіцца, што могуць і ня вытрымаць такой нізкай тэмпэратуры”.

Маладзёвы актывіст Артур Фінькевіч, які адбывае пакараньне на “хіміі” ў Магілёве, на халады не наракае, хаця ў інтэрнаце, дзе ён жыве, уначы тэмпэратура не падымаецца вышэй за 15 градусаў. А карыстацца электрычнымі ацяпляльнікамі жыхарам інтэрнату нельга.

“Яны забароненыя паводле правілаў пажарнай бясьпекі. Электрычная праводка старая, з пакоях жыве па 6 чалавек і ў выпадку пажару людзі могуць не пасьпець эвакуіравацца”, – кажа Артур Фінькевіч.

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч, які другі год адбывае “хімію” ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну і таксама жыве ў інтэрнаце, сам і за свае сродкі адрамантаваў пакой і падрыхтаваўся да зімы. Мікалай Статкевіч непакоіцца за старога бацьку, які адзін жыве ў Баранавічах. Палітык разьлічваў наведаць бацьку на гэтыя выходныя, але не атрымаў дазволу.

“Ужо мінуў месяц, як я быў у адпачынку, таму паспрабаваў атрымаць дазвол зноў, патэлефанаваў начальніку камэндатуры, той паабяцаў прыехаць і пагаварыць, але не прыехаў. Я набраў ягоны мабільны, не адказвае. Але для мяне гэта ўжо пэўны адказ”.

Мікалай Статкевіч перакананы, што ў сакавіку яго да бацькі тым больш не адпусьцяць. “Напярэдадні вулічных акцый пільнасьць да мяне значна павялічваецца”, – кажа Мікалай Статкевіч, пакараны за арганізацыю мітынгу пратэсту.

Бацькі лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча атрымалі зь міліцыі ліст, у якім ім пішуць, што нібыта ніхто не забараняў іх сыну ў калёніі размаўляць па-беларуску. Нагадаем, пра гэта стала вядома ў студзені пасьля спатканьня бацькоў з сынам ў шклоўскай калёніі. Таксама ў лісьце паведамлялася, што Зьміцер Дашкевіч мае ужо тры спагнаньні за парушэньне дысцыпліны. Бацькі нагадваюць, што першае спагнаньне сын атрымаў за тое, што апрануў дадатковую майку, другое – што адышоў без дазволу з атраду. За што атрымана трэцяе спагнаньне, бацькі ня ведаюць. Між тым, наяўнасьць трэцяга спагнаньня значна зьніжае шанцы Зьмітра Дашкевіча на датэрміновае вызваленьне ў выпадку амністыі.

Нагадаю, на гэтым тыдні адмысловая камісія вырашала, ці варты Павал Севярынец датэрміновага вызваленьня. Міліцыянты пастанавілі, што актывіст “ня стаў на шлях выпраўленьня” і ў вызваленьні Севярынцу адмовілі.

Аляксандр Казулін пачуваецца лепей і выглядае больш бадзёрым, кажа адвакат Ігар Рынкевіч, які 23-га лютага сустрэўся з Казуліным у віцебскай калёніі. 1-га сакавіка турэмныя дактары вырашаць, ці пераводзіць Аляксандра Казуліна на звычайны турэмны рэжым.
XS
SM
MD
LG