Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стопардаў "Рок-н-рол" гучыць у Празе


Аляксей Знаткевіч, Прага Учора ў Празе ў Нацыянальным тэатры адбылася чэская прэм''ера п''есы Тома Стопарда "Рок-н-рол". Знакаміты брытанскі драматург наведаў спэктакль і па сканчэньні выйшаў на сцэну павітацца з гледачамі. Дзеяньне найноўшага твору Стопарда адбываецца ў ангельскім Кембрыджы і ў Чэхаславаччыне ад часоў гэтак званай "нармалізацыі" пасьля савецкага ўварваньня ў гэтую краіну ў 1968 годзе.



"Андэграўнд" праз 30 гадоў

Прэм''ера пачалася з кароткага канцэрту гурту The Plastic People of the Universe, які таксама "ўжывую" выконваў частку музычнага суправаджэньня да спэктаклю. Больш як трыццаць гадоў таму усіх музыкаў гэтага гурту арыштавалі ў камуністычнай Чэхаславаччыне пасьля наладжанага імі падпольнага рок-фэстывалю. Дваіх зь іх, разам з двума іншымі чэскімі рок-музыкамі, ў верасьні 1976 году асудзілі да турэмнага зьняволеньня "за арганізацыю грамадзкіх беспарадкаў".

Судовы працэс над музыкамі выклікаў пратэсты чэскай інтэлігенцыі і спрычыніўся да стварэньня праваабарончай ініцыятывы "Хартыя 77". Гэты суд і дыскусіі вакол яго ў чэскім грамадзтве паслужылі матэрыялам для п''есы Тома Стопарда, у якой важную ролю грае рок-музыка.

Рэжысэр спэктаклю Іван Раймант кажа, што The Plastic People of the Universe будуць граць на сцэне Нацыянальнага тэатру ня толькі падчас прэм''еры, але і ў далейшых пастаноўках.

Раймант: "Я хацеў, каб яны былі з намі -- найперш таму, што гэта магчыма. На першай пастаноўцы п''есы ў Лёндане гэты было немагчыма. Па-другое, людзі змогуць пачуць тое, пра што гаворыцца ў п''есе, адчуць гэта, так бы мовіць, на ўласнай скуры. Ня думаю, што ўсе наведнікі Нацыянальнага тэатру – фанаты гурту The Plastic People of the Universe. Я хачу, каб людзі іх ведалі, чулі на ўласныя вушы, ведалі, што мы разам зь імі жывем і любім іх -- таму яны разам з намі".

Герэтыкі і паганцы супраць інквізіцыі

Акрамя The Plastic People of the Universe, спэктакль суправаджаюць запісы заходняй рок-музыкі, якія адпавядаюць часу дзеяньня – ад раньніх твораў Pink Floyd і Velvet Undeground да U2 ці Cuns''n''Roses. Ленка Гаўлікава, якая рабіла сцэнічную рэдакцыю п''есы для пастаноўкі ў Нацыянальным тэатры, тлумачыць:

Гаўлікава: "Тут яшчэ рэч ў тым, што гэтая музыка ёсьць неад''емнай часткай тэксту. Сам аўтар піша, дзе маюць быць якія песьні. Гэта як апісаньне гісторыі разьвіцьця рок-музыкі. У п''есе шмат гаворыцца аб тым, што музыкам гурту не падабалася, што іх успрымалі як сымбаль супраціву і гэтак далей. Для іх галоўным была іхная творчасьць".

У спэктаклі, сярод іншага, можна пабачыць як у Чэхаславаччыне спакваля прыходзілі да паразуменьня палітычныя дысыдэнты і тыя людзі, якія проста жадалі жыць па-за сыстэмай – калі ўжыць словы аднаго з герояў спэктаклю, "герэтыкі" і "паганцы". П''еса крытычная да падзеяў у камуністычнай Чэхаславаччыне, але ў ёй таксама гучыць трывога наконт брытанскага грамадзтва, якое губляе прыхільнасьць да свабоды.

Альтэрнатыўная біяграфія

Галоўныя дзейныя асобы спэктаклю -- прафэсар-марксіст з Кембрыджскага Ўнівэрстытэту Макс Мораў і адзін зь ягоных студэнтаў, чэскі габрэй Ян. Макс застаецца ў камуністычнай партыі нават пасьля ўварваньня савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну, і спрабуе ўсяляк апраўдаць Савецкі Саюз. Ян вяртаецца на Радзіму – некаторыя тэатральныя крытыкі лічаць, што Стопард, які ў двухгадовым узросьце быў вывезены бацькамі з Чэхаславаччыны перад Другой усясьветнай вайной, паспрабаваў ў п''есе ўявіць сваё альтэрнатыўнае жыцьцё. Маўляў, што было б, калі б я вярнуўся. Вось што кажа выканаўца ролі Яна, Давід Прахарж:

Прахарж: "Гэтая п''еса вельмі адрозьніваецца ад іншых, у якіх я граў апошнім часам. Яна вельмі дыдактычная, вельмі англасаксонская, і гэта праблема для актора, бо там кожнае слова мае сваю сапраўдную вартасьць. Часам гэта значыць, што эмоцыі і словы канфліктуюць. Трэба вельмі сур''ёзна абдумваць тое, што хочаш сказаць, бо вельмі важны акцэнт на дакладнае слова. Калі няма дакладнасьці, то п''еса можа ператварыцца проста ў кавалак паперы і ў абсалютна марную інфармацыю".

Але для гэтага спэктаклю музыка амаль настолькі ж важная, як слова. У заключнай сцэне жывы выступ The Plastic People of the Universe гучыць адначасна зь відэапраекцыяй канцэрту брытанскага гурту Rolling Stones. Менавіта канцэрт легендарных музыкаў на праскім стадыёне Страгаў у 1990 годзе, адразу пасьля "аксамітнай рэвалюцыі", быў шмат для каго з жыхароў Чэхаславаччыны знакам, што іх краіна зьмянілася.

Беларускія нататкі Тома Стопарда

Прэм''еры ў "Купалаўскім" – Караткевіч, Колас і... Том Стопард

Афіцыйны сайт The Plastic People of the Universe (па-чэску і па-ангельску)

На фота: сцэны са спэктаклю.





XS
SM
MD
LG