Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 23 лютага


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Сайт telegraph.by. Госьцем блогу Аляксандра Брэчака сёньня быў Аляксандар Мілінкевіч, які заявіў: "Аб''яднаныя дэмакратычныя сілы ня здолелі аб''яднацца і ўтварыць рэальны шырокі народны рух. За год пасьля прэзыдэнцкіх выбараў кааліцыя ня зладзіла аніводнай сур''ёзнай акцыі, праваліла мясцовыя выбары. Асноўная дзейнасьць Палітрады — бясконцыя паседжаньні і высьвятленьні адносінаў паміж сабой. Плянуемы Кангрэс будзе не Кангрэсам дэмсілаў, а Кангрэсам палітычных сілаў. Там амаль няма беспартыйных актывістаў, няма новых людзей".

Камэнтары. Wayfarer: “Вітаю крытычную самаацэнку пройгрышу мясцовых выбараў. Думаю, гэта павінна падзейнічаць як “прышчэпка” на будучыню…"

Дракеn: “Я асабіста Мілінкевіча запаважаў толькі пасьля выбараў. Падчас выбараў у іх ва ўсіх было фіяска, а па іх робіцца зразумелым, хто і які чалавек. І як мне здаецца, Мілінкевіч слушна робіць: трэба абстрагавацца ад усіх гэтых бясконцых апазыцый і рабіць партыю пад сябе. Таму што ён адзін зь нямногіх адпаведных. Плюс да гэтага, яго паважаюць за мяжой. А як мне здаецца, рукі ў гэтага канфлікту растуць ад Лябедзькі. Чытаў ягонае інтэрвію на "Свабодзе".

Vic: "На маю думку, сам Мілінкевіч таксама не падыходзіць у супрацьвагі Лукашэнку. Дзядзька ён, безумоўна, неблагі, але няма ў ім дастаткова харызмы ці як, каб насамрэч выглядаць лідэрам".

Яўген: "Казулін на дадзены момант мае на ўвазе зарабіць імідж. Ён займаецца сваімі справамі нават у турме, памагай Божа. Наколькі памятаю яго ў існасьць рэктарам, схільнасьць да клаўнады была зь ім заўсёды, але ж Мілінкевічу ставіць у абавязак вызваляць Казуліна ня трэба. Чалавек вызваляе ўсю краіну".

Форумы парталу tut.by. Тут абмяркоўваюць гэтак званае сьвята Дзень абаронцы Айчыны. Спадар Мікола ў разгубленасьці: “Што сьвяткуем? Нават у самой Расеі блытаніна. А беларусам, пагатоў, ня варта гэты дзень сьвяткаваць". Old Lonely Hawk: “Найбольш актыўныя з тых, хто сёньня сьвяткуе — былыя савецкія афіцэры. А я хачу ў іх спытаць, калі развальваўся СССР, хоць адзін зь іх падняў свой полк, батальён, роту на абарону той Радзімы, якой ён прысягаў? Ніводны. То бок, ня выканалі прысягу. Дык якога вы на ражна абаронцы? Разам з бясслаўнай сьмерцю СССР бясслаўна развалілася і ягоная армія. Дык што сьвяткуем?"

Алесь Васількоў на сайце народных навінаў з усіх куткоў піша аб спартакіядзе дапрызыўнай і прызыўнай моладзі ў Воранаўскім раёне: "У нарматывы ня ўклаўся ніхто. Спартакіяда сабрала 12 каманд, усе сярэднія школы раёну і ГПВ-190. Кожная складалася з чатырох чалавек, яны спаборнічалі ў страляньні з пнэўматычнай вінтоўкі, падцягваньні на перакладзіне, лыжнай гонцы на пяць кілямэтраў. У выніку ніводная з каманд не набрала пасільныя 100 ачкоў. І гэта пры ўмове, што каманды былі складзены зь лепшых спартоўцаў. Будучыя абаронцы Айчыны былі слабыя ва ўсіх відах спартакіяды".

Новы сайт Народны рух "Лукашэнка 2008" пачаў працу ўчора і ставіць на мэце прывесьці Аляксандра Лукашэнку да перамогі на выбарах прэзыдэнта Расеі ў 2008 годзе. На сайце абвешчаны збор подпісаў у падтрымку Лукашэнкі. На сёньняшні вечар свае подпісы пакінулі ўжо адзінаццаць чалавек, у тым ліку толькі адзін зь Беларусі. Напрыклад, Аляксей Захараў, юрыст з Масквы, піша: "Даведаўшыся пра гэты рух, абзваніў усіх знаёмых і сваякоў, мы ўсе — за! Так абрыдлі крадзяжы і хлусьня нашых уладаў. А ў Беларусі няма карупцыі і Лукашэнка трымае слова".

Карыстальнікі суполкі Жывога Журналу minsk_by абмяркоўваюць новую карціну Аляксея Марачкіна "За Свабоду! Плошча Каліноўскага". z_hunter піша: “А лягер намётавы зусім ня так выглядаў, і нават не на тым месцы намаляваны. Наогул, карціна парушае законы сацрэалізму. Ідэйна нявытрыманая карціна. Але ўсё адно прывабная. Мне спадабалася”. Scisserboy: “Як можна трымаць у сябе столькі злосьці? Карціна прышпільная, яскравая, прафэсійная. Ня ведаю, Марачкін гэта напісаў ці хто іншы, але мне вельмі падабаецца. Тут і рэалістычны канструктывізм, і сымболіка тагачасных думак усяго народа”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG