Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпрэсія адбірае радасьць ад жыцьця, а часта – і само жыцьцё


Радыё Свабода Сёньня – Міжнародны дзень барацьбы з дэпрэсіяй. Усясьветная арганізацыя аховы здароўя ставіць гэтую хваробу на 4 месца сярод асноўных мэдычных праблемаў сьвету.

Асноўная прычына самагубстваў

Паводле арганізацыі, у 2020 годзе дэпрэсія стане другой пасьля сардэчна-судзінных хваробаў прычынай недзеяздольнасьці. На дэпрэсію як мінімум раз у жыцьці хварэе кожная 4-я жанчына і кожны 8-ы мужчына. Дэпрэсія зьніжае якасьць жыцьця і скарачае яго працягласьць. На сёньняшні дзень яна зьяўляецца асноўнай прычынай самагубстваў.

25 мільёнаў хворых у ЗША

Калі чалавек на працягу доўгага часу адчувае сум і прыгнечанасьць, – прычым ня толькі пасьля нейкай асабістай трагедыі, кшталту сьмерці некага блізкага, – а таксама спад зацікаўленьняў, энэргіі, актыўнасьці, пачуцьцё агульнай стомленасьці, безнадзейнасьці, віны, бездапаможнасьці, боязі кантактаў з атачэньнем, калі зьяўляецца нізкая самацэнка, раздражненьне, бяссоньне, калі зьмяншаецца здольнасьць канцэнтрацыі, прыйманьня рашэньняў і прыходзяць думкі пра самагубства і сьмерць – спэцыялісты называюць гэта дэпрэсіяй. Зараз, для прыкладу, у ЗША на дэпрэсію штогод хварэюць каля 25 мільёнаў чалавек.

Яшчэ 15-20 гадоў таму, калі не было лекаў ад дэпрэсіі, кожны хворы на дэпрэсію канчаў жыцьцё самагубствам. У наш час гэтак сканчае кожны дзясяты.

Прычыны – ад сацыяльных да генэтычных

Прычыны дэпрэсіі – вельмі розныя. Існуе ў тым ліку так званая “сэзонная” дэпрэсія, зьвязаная зь меншай колькасьцю сонца ўвосень і зімою. Прычынай дэпрэсіі могуць быць сацыяльныя чыньнікі, такія як самота альбо жалоба, дрэннае матэрыяльнае становішча, страта працы. Дэпрэсія можа быць таксама абумоўленая генэтычна і псыхалягічна.

Спэцыялісты лічаць, што асноўнымі прычынамі хваробы зьяўляюцца біялягічныя чыньнікі. Гэта гарманальная анамалія – падвышаны ўзровень картызолу, а таксама – парушэньне дзейнасьці так званых “нэўрапераказчыкаў”: норадрэналіну, сэратаніну і дапаміну.

Дэпрэсія вядзе да іншых хваробаў

Дзякуючы сучаснай мэдыцыне, у прыватнасьці, фармакалёгіі і псыхатэрапіі, дэпрэсію можна залячыць, зьменшыць яе інтэнсыўнасьць і частату вяртаньня хваробы, аднак без дапамогі звонку сам хворы ня дасьць ёй рады. Дэпрэсія зьніжае якасьць жыцьця і прыводзіць да іншых хваробаў: сьпярша адбірае ўсялякую радасьць ад жыцьця, а потым – само жыцьцё.
XS
SM
MD
LG