Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэстаўратар Ул.Ракіцкі: “Нам вялікі падарунак застаўся ў выглядзе гэтай царквы...”


Вольга Караткевіч, Прага

Караткевіч: “Сп. Ракіцкі больш за 15 гадоў быў кіраўніком рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскай царквы 12 стагодзьдзя ў Полацку. Ім адкрытыя і рэстаўраваныя прыкладна 150 з 600 квадратных мэтраў фрэскавага росьпісу. Разам з калегамі Ўладзімер Ракіцкі вынайшаў унікальную сыстэму аднаўленьня старажытных фрэсак, дзякуючы якой удаецца захоўваць і пазьнейшыя слаі жывапісу. Днямі сп. Ракіцкі адмовіўся быць кіраўніком работ рэстаўрацыі полацкай царквы, і мы пытаемся – у чым прычына?”

Ракіцкі: “Крышачку папраўлю вас – адкрыта, ведама, ня 150 кв. мэтраў, а значна больш. Гэта была публікацыя ў “Советской Белоруссии”, што 150 – я ня ведаю, адкуль яны ўзялі гэтую лічбу. І мушу паведаміць слухачам радыё, што адкрываецца вельмі ўнікальны жывапіс, фрэскавы жывапіс, старажытны жывапіс, які зараз у сьвеце мала дзе ўжо астаўся нераскрытым – гэта толькі ў нас у Беларусі гэты помнік цудам захаваўся, а наша работа ўсе гэтыя апошнія гады была накіравана на тое, каб зьняць усе гэтыя напластаваньні, якія былі нанесеныя за многія стагодзьдзі, і адкрыць людзям той старажытны першы жывапіс, якім былі пакрыты сьцены ўсяго храма ў сярэдзіне 12 стагодзьдзя”.

“Намі расчышчана намнога больш за 150 кв. мэтраў, але ж нашая праца дагэтуль застаецца неаплачанай”

Караткевіч: “Скажыце, а ў чым была прычына, што вы вырашылі спыніць свае працы там?”

Ракіцкі: “Прычына такая: да нашай працы ні ў кога не было прэтэнзій, яна была высока ацэнена, і не было ніякіх заўваг. Цяпер у сувязі з правядзеньнем сьвятаў пачаліся больш інтэнсіўныя працы. Адзіная была заўвага, што тая работа, якая праводзілася намі, яна вельмі павольна рабілася. Але гэта залежала ў першую чаргу не ад нас, а ад таго фінансаваньня, якое было на працягу гэтых апошніх год. Яно было недастатковым, і адзіны быў спонсар, можна так сказаць, гэтых работ – міністэрства культуры. А яно ня надта ў нас багатае, і выдаткоўвала такія грошы, якое магло выдаткоўваць.

Але ж мы, я і мае супрацоўнікі, укладалі ў гэтую працу вельмі многа ўласных пачуцьцяў і энтузіязму. Намі расчышчана намнога больш за 150 кв. мэтраў, але ж нашая праца дагэтуль застаецца неаплачанай, і мы рабілі гэта са шчырым сэрцам і зь вялікім хваляваньнем, таму што калі адкрываеш гэты старажытны жывапіс, ты нібыта заглядаеш у далёкае-далёкае мінулае, і я мушу сказаць, што гэтыя ўзоры малюнкаў і вобразаў, якія мы раскрылі – гэта вельмі вялікі, вельмі высокі ўзровень майстэрства, і я думаю, што толькі зь цягам часу ўсе нашы будучыя пакаленьні ацэняць тое, што мы атрымалі ў спадчыну ў выглядзе гэтых малюнкаў і ў захаванасьці гэтай царквы”.

“Скончыць усе працы за такі кароткі тэрмін немагчыма, гэта нашкодзіць самому помніку”

Караткевіч: “Я чытала ў прэсе, што прэм''ер-міністар Сідорскі паставіў задачу скончыць усё да 5 чэрвеня, да візыту прэзыдэнта ў горад. Вось гэтая інтэнсіфікацыя рэстаўрацыйных работ – яна нейкім чынам адбілася на храме?”

Ракіцкі: “Па сутнасьці, я нязгодны і з гэтым. Я сустракаўся зь Сідорскім, я ад яго такога ня чуў. А чыста фізычна – гэта шкодна, калі ў кагосьці ёсьць жаданьне скончыць усе працы за такі кароткі тэрмін. Гэта немагчыма, гэта я адразу кажу як спэцыяліст, гэта нашкодзіць самому помніку, і мы можам не далічыцца чагосьці. Адзіная мая фармулёўка, калі я зараз выклаў свае засьцярогі тым людзям, якія зараз займаюцца рэстаўрацыяй, гэта што і якія яны зьбіраюцца зрабіць работы за гэты час.

Я перадасьцерагаю, што зараз ёсьць такая зацьверджаная праца, якая выконваецца, па аднаўленьню купала – ён будзе мэталічны. Калі яго паставіць і зрабіць вялікую нагрузку на купал, то барабан можа быць пашкоджаны, таму што структура барабану захавалася ў вельмі кволым стане. Там і сьця´жкі ў сярэдзіне дубовыя страчаны, і пашкоджана сама структура плінфы.

Тады – другая праблема, зь якой я не магу пагадзіцца і ад якой я таксама засьцерагаю, таму што зараз ёсьць намер зрабіць цёплую падогу ў царкве. Ніколі гэтая царква за ўсё сваё жыцьцё ніколі не была ацепленая, яна была заўсёды халоднай. Калі зараз зьмяніць клімат, то, калі гэтая падлога праіснуе дваццаць ці колькі год, дык усе сьцены, якія утрымліваюць стабільную нейкую вільготнасьць, якая павінна быць у гэтым храме, калі гэты вільготнасны рэжым парушыць, то ёсьць страх, што ўсе гэтыя фрэскі, якія дайшлі да нас у вельмі добрым стане, яны могуць быць усе на падлозе. Я заўсёды кажу – вось схадзіце ў полацкую Сафію, там у 1977 годзе зрабілі ацяпленьне па старажытнай падлозе – там ужо ўсё сыплецца, усё разносіцца, і ад гэтых рэшткаў 11 стагодзьдзя мы ўжо не далічваемся вельмі многага. Ёсьць непасрэдны прыклад. А тыя спэцыялсты, якія робяць гэтую падлогу, якія разьлічваюць гэта – а будзе падведзена вадзяное ацяпленьне, – яны не даюць такой гарантыі, яны ня могуць гэтага разьлічыць, і ніхто ня можа разьлічыць, як будзе паводзіць сябе гэты жывапіс, калі будзе ацяпленьне.

І трэцяя ў мяне заўвага, перасьцярога – што няможна электрычнасьць праводзіць па сьценах, няможна там убіваць ніводнага цьвічка ў сьцены, таму што сьцены там усе ад падлогі да самой скуф''і пакрытыя старажытным жывапісам. Там нават на адхонах вокнаў, дзе звычайна ў той час малявалі арнамэнт, а там сьвятыя намаляваныя. Там уся паверхня царквы, увесь асяродак быў размаляваны старажытным жывапісам, таму трэба зь вялікай засьцярогай падыходзіць.

Калі я быў, я нёс пэрсанальную адказнасьць за тое, што і як там адбывалася і як рабілася, і я меў вялікую падтрымку ад матушак, яны разумелі гэта, і мы неяк сваімі сіламі гэта ўсё дагледжвалі і ўтрымвалі. Тут трэба яшчэ што адзначыць – што ўсякую шкоду наносяць і самі рэстаўратары сваімі неабгрунтаванымі і непрадуманнымі дзеяньнямі. Такія помнікі як Спасская царква, яны перад тым, як прыняць нейкае рашэньне, павінны вельмі грунтоўна абмяркоўвацца. Ні ў якім разе, калі ёсьць нейкі сумнеў, нешта незразумелае – лепш устрымацца і не рабіць гэтага. Таму што можна нанесьці шкоду, якая будзе потым для нас вялікай стратай”.

“У нас ёсьць спэцыялісты, а заказчык лічыць, што лепш, каб гэта рабілі расейцы”

Караткевіч: “А вы ведаеце, хто цяпер будзе працягваць работы?”

Ракіцкі: “Зараз афіцыйны падрадчык там – “Мінскрэстаўрацыя”. І я ведаю, што запрасілі туды яшчэ і расейскіх рэстаўратараў. Тут таксама можна такому дзівіцца – з аднаго боку, у нас ёсьць спэцыялісты, а заказчык лічыць, што лепш каб гэта рабілі замежныя спэцыялісты. Хаця тут пытаньняў многа, якой яны кваліфікацыі, таму што такую работу павінны рабіць вельмі высокакваліфікаваныя спэцыялісты”.

“Мяне нядаўна паклікалі ў Глыбокае – жывапіс у асяродку таксама змыты”

Караткевіч: “Ул.Ракіцкі нарадзіўся на Пружаншчыне ў 1952 годзе, паступіў у мастацкую вучэльню імя Ахрэмчыка, скончыў Дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут і ў асяродку спэцыялістаў лічыцца адным з самых прафэсійных рэстаўратараў. Уладзміер Ракіцкі працаваў у Мсьціслаўі, Магілёве, Лошыцах, Бялынічах, дзе адкрываў ці рэстаўраваў фрэскі старажытных майстроў. Ён ляўрэат прэміі “За духоўнае адраджэньне”.

Цяпер прэса шўмат піша пра іншую праблему – пра ідэю пабудаваць у Кобрыне сувораўскі храм. Нашы слухачы вельмі актыўна і пераважна нэгатыўна адгукнуліся на гэтую ініцыятыву. Скажыце, як вы ацэньваеце гэтую ідэю?”

Ракіцкі: “Для мяне гэта навіна. Я думаю, што гэта такая агульная наша неадукаванасьць. Мы ўсе многа гаворым пра сваю гісторыю, пра тое, што мы яе ня ведаем, а калі ня ведаем, то людзі неяк адносяцца зусім неадэкватна. Кобрын недалёка ад мяне, я там жыў... Мы ня ведаем, кожны з нас, – адкуль мы, што мы – і гэта ўжо гаворана доўга і даўно. Я вельмі зьдзіўлены, што такое можа быць – вось адзінае, што я магу сказаць на гэта.

Разумееце, вось з гэтым помнікам – мы сапраўды мала зьвяртаем увагі на тое, што ёсьць у нас перад вачыма. Ідзе зьнішчэньне, якое пачалося яшчэ да гэтага, зьнішчаюцца цэлыя старонкі, і на сёньняшні дзень я ведаю, мяне вось нядаўна паклікалі ў Глыбокае, зьнялі там жывапіс, адну са старонак сьцёрлі – ужо няма яе ў нас. Жывапіс у асяродку таксама змыты. І так мы жывем, ня ведаю, чаму”.

“Прыйдзе час, каб аднавіць і фасады на 12-е стагодзьдзе...”

Караткевіч: “Рэстаўратары-мастакі ствараюць альбо аднаўляюць пэўную аўру ў храмах, у храм ходзяць вернікі... Як бы вы адказалі на пытаньне – што зьяўляецца самым вялікім грахом?”

Ракіцкі: “Я ўсё пераводжу на сябе, і калі вось зараз такое пытаньне і такая сытуацыя ў мяне, я думаю, што пэўна, мой грэх у тым, што я пакінуў помнік у такі адказны момант і, можа, тут і мая ёсьць віна, і я магу адказваць за яе...”

Караткевіч: “Дарэчы, Уладзімер Ракіцкі – ён ня толькі мастак і рэстаўратар, а яшчэ ён аўтар публікацыі анэкдотаў у часопісе Архэ – "Анэкдоты ад Ракіцкага зь Лепельскай станцыі", а яшчэ ён піша свае вершы...”

Ракіцкі: “Я, ведаеце, пішу нейкія маленькія вершы, але я пра спадчыну... Вось нам вялікі падарунак застаўся ў спадчыну ў выглядзе гэтай царквы, і я думаю, што прыйдзе час, калі ўзьнікне пытаньне і мы будзем падрыхтаваныя да таго, каб аднавіць і фасады на 12-е стагодзьдзе. Гэтая царква захавалася вельмі суцэльна і дайшла да нас як такі першасная задумка майстра Іяана, і ён ажыцьцявіў яе хутка і лёгка, пабудаваў гэтую царкву, і я думаю, што прыйдзе час, калі мы здолеем аднавіць і фасады гэтае царквы на 12 стагодзьдзе, і гэта наша спадчына.

Але я маю маленькую, сваю спадчыну – мне ад свайго дзядзькі засталася кніга "Спадчына" Янкі Купалы, выдадзеная ў Менску ў 1922 годзе, і ён мне пакінуў у спадчыну сваю бібліятэку і гэтую кнігу. У гэтай кнізе я пад уражаньнем сёньняшняга марозу і сьнегу Полаччыны прачытаў верш:

“Ад стада адбіўшыся, птушка адна квіліць і квіліць сярод бела радна...”

Калі вы мяне пытаецеся пра храм і ўсё, што дзеецца, то халоне душа і ў мяне ад гэтага верша, ад гэтае птушкі, што яна квіліць цэлы дзень. І ўсё-ткі радасьць ёсьць – ад гэтага засьнежанага марознага дня, які сёньня вось быў такі сонечны, і мароз усё-ткі прымушае варушыцца і не стаяць на адным месцы”.

Караткевіч: “А ў якім храме вы б хацелі папрацаваць – неабавязкова ў Беларусі?”

Ракіцкі: “Я працаваў у многіх храмах, калі паклічуць – я гатовы ў любым. Пакуль мяне ня клічуць”.
XS
SM
MD
LG