Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: сямі абмарожаным зрабілі апэрацыі


Радыё Свабода За першыя два дні рэзкага пахаладаньня ў шпіталі Гомельшчыны з дыягназам “абмарожаньне” трапілі дзясяткі людзей. У абласным цэнтры ў апёкавым аддзяленьні гарадзкога шпіталю №1 апэрацыі з частковай ампутацыяй рук і ног зрабілі сямі пацярпелым ад марозу. Збольшага гэта людзі бяз пэўнага месца жыхарства альбо ў стане алькагольнага ап’яненьня.

У мінулую ноч у Гомелі тэмпэратура апускалася да мінус 25 градусаў. Асабліва цяжка перажываюць лютаўскія маразы гарадзкія бяздомныя.

Два зь іх, Барыс ды Яўген, пасьля ранішняга збору бутэлек ішлі на аўтавакзал пагрэцца. Яны апавядаюць, як начавалі ў халодным выселеным бараку:

Барыс: “Бутэлькі зьбіралі… А жывем вось тут, у цэнтры, у бараку на вуліцы Перамогі. Там і начуем. Крышку цяплей, чым на вуліцы. Замерзьлі два чалавекі ў мікрараёне Аэрадром, зіма толькі пачыналася”.

Яўген: “Як мы начавалі? Ноч прахадзілі, таму што холадна. Сапраўды, ворагу не пажадаеш”.

У Яўгена, адрозна ад бальшыні гарадзкіх бяздомных, ёсьць ашчаджэньні на кніжцы. Кажа, што цэлых 7 тысяч даляраў. Засталіся ад памерлых бацькоў. Паводле рашэньня суду Яўген мае права выкарыстаць іх на пакупку альбо безнаяўны наём жытла. Ён зьвяртаўся ў адміністрацыю Цэнтральнага раёну, каб дапамаглі хаця б з пакойчыкам у інтэрнаце на зіму, але нічога ня выйшла.

Яўген: “Я кажу: ну пакуль гэтыя маразы, дайце мне пакой у інтэрнаце. Вось грошы ў мяне на банкаўскім рахунку… У Цэнтральным райвыканкаме мне адказалі: ідзі, і ня проста ідзі”.

Былы кіроўца 56-гадовы Ўладзімер пра сваё жытло ўжо й ня марыць. Начуе дзе прыйдзецца. У кантэйнэрах для сьмецьця штодня шукае недаедкі.

Уладзімер: “Дзе на вакзале, дзе ў пад’езьдзе — дзе давядзецца. Сёньня на вакзале начаваў. Ганяюць! Потым назад прыходзіш. Цяжка — няма дому!”

Для бяздомных людзей у Гомелі існуе невялікі Дом міласэрнасьці сьвятой Маці Тэрэзы пры каталіцкай парафіі. Там сталуецца колькі дзясяткаў гарадзкіх бадзягаў:

Яўген: “Дзякуй Дому міласэрнасьці. Апрача нядзелі й чацьвярга, нас там кормяць. Гэта на вуліцы Савецкай, блізу вуліцы Цімафеенкі. А так — зьбіраем бутэлькі, па сотачцы вып’ем. А як інакш сагрэцца?”

Іншыя ў моцныя маразы мараць пра прытулкі для бяздомных, кшталту такіх, як у расейскай сталіцы.

Бадзяга: “Вунь у Маскве арганізоўваюць прытулкі. Зрабілі б і ў нас прытулкі — хаця б на зіму. Тут у цэнтры Гомелю багата такіх, як я. А яшчэ на Сяльмашы, у Валатаве ёсьць — усюды”, — кажа гарадзкі бадзяга Ўладзімер.
XS
SM
MD
LG