Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя шукае курапацкіх вандалаў


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі міліцыі Менскага раёну патрулююць мэмарыяльны комплекс “Курапаты”, каб затрымаць злачынцаў, якія зламалі “лаву Клінтана”, а таксама апаганілі крыжы фашыстоўскай свастыкай. Міліцыянты працуюць у межах крымінальнай справы, якую распачалі паводле факту вандалізму, выяўленага 30 студзеня.

Апэратыўныя супрацоўнікі крымінальнай міліцыі Менскага раёну штодня патрулююць урочышча Курапаты. Яны лічаць, што неўзабаве знойдуць вандалаў, вінаватых у апаганьваньні крыжоў і зьнішчэньні мэмарыяльнай лавы, якую прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан усталяваў на знак салідарнасьці з ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў.

Кіраўнік аддзелу грамадзкай бясьпекі Менскай раённай міліцыі Ігар Яўсееў паведаміў Радыё Свабода: “Справу крымінальную завялі — чаму ж не завялі? Штомесяц дакладваем, якая праца праведзеная. Сёньня яны лаву зламалі, заўтра яшчэ нешта зламаюць. Гэта ж ня першы раз. Папросту пакуль не атрымліваецца іх на нечым злавіць… Пераапранаем патрульна-паставую службу ў цывільнае. Сам туды наведваюся ў вечаровы час”.

Сакратар управы Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Валеры Буйвал не спадзяецца, што вандалаў хутка знойдуць: “Мы шмат разоў вымушаныя былі аднаўляць і крыжы, і помнік, лаву Клінтана. Зьвярталі на гэта ўвагу беларускага і міжнароднага грамадзтва. На жаль, дагэтуль мы ня бачым адэкватных дзеяньняў праваахоўчых органаў, міліцыі, адказнай за гэты ўчастак тэрыторыі. Дагэтуль не прыцягнулі да судовай адказнасьці ніводнага з выканаўцаў і арганізатараў гэтых злачынстваў”.

Грамадзкасьць зафіксавала адзінаццаць актаў вандалізму ў Курапатах. Некалькі разоў распачыналі крымінальныя справы. Але дагэтуль не затрымалі ніводнага зламысьніка.
XS
SM
MD
LG