Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска Путрышкі: “Паводле цэнаў мы эўрапейцы, а ў заробках…”


Міхал Карневіч, Путрышкі, Гарадзенская вобласьць У вёсцы Путрышкі, што побач з Горадняй, наш карэспандэнт цікавіўся ў местачкоўцаў: ці адчуваюць яны сябе эўрапейцамі? І вось што адказвалі людзі.

Спадарыня: “Вядома, што адчуваю, а чаму не? Як бы там ні было, а ў нас тут Эўропа — і, лічы, да Ўралу. А там, пасьля Ўралу, пайшла Расея. А мы — Беларусь, Украіна — займаем палову Эўропы”.

Дзяўчына: “А я ня ведаю, гэта павінна загадчыца ведаць. На гэтае пытаньне мы ня будзем адказваць, можна?”

Дзяўчына: “Зразумела, што не. Немагчыма сябе адчуваць тут эўрапейцам — толькі з-за нашага побыту, з-за нашай штодзённай руціны. У горадзе яшчэ можна пачуцца эўрапейцам — там жыцьцё набліжанае да цывілізацыі. А ў вёсцы шмат у каго няма нармальных умоваў для жыцьця. Нават тут, у нас на працы, холад, мерзьнем. Як тут сябе адчуваць эўрапейцам...”

Спадар: “Так, адчуваю. Тут мая радзіма, я тут нарадзіўся, але найперш лічу сябе беларусам, люблю свой край”.

Хлопец: “Адчуваю сябе эўрапейцам хаця б праз тое, што магу езьдзіць у Польшчу, апранацца, як эўрапейцы, і сачыць за тэндэнцыямі ў модзе”.

Спадар: “Найперш лічу сябе беларусам і зь людзьмі жыву нармальна. Адзінае — па-беларуску ня вельмі ўмею размаўляць, бо вучыўся ў расейскай школе”.

Спадар: “Я б не сказаў, што ў нас эўрапейскае жыцьцё. Заробкі малыя, а цэны — эўрапейскія. Паводле цэнаў мы эўрапейцы, а вось у заробках яшчэ далёка не эўрапейцы. Ды ў нас, наагул, яшчэ шмат праблемаў”.

Спадар: “У Эўропе, вядома, высокія заробкі, але там і кошты іншыя. Альбо вазьмеце Амэрыку — там бохан хлеба амаль два даляры, але заробкі высокія. А ў нас цэны апярэджваюць нашы заробкі. Ёсьць, канечне, і ў нас тыя, хто зарабляюць, але паспрабуй на такое месца ўладкавацца”.

Хлопцы: “А я ў Эропе ня быў, таму й ня ведаю… Я таксама ня быў і таксама ня ведаю, што там за Эўропа”.

Сталы спадар: “Ды хто яго ведае. Нідзе залішне не выходзіш з хаты, а так — адчуваю сябе нармальна”.
XS
SM
MD
LG