Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя рыхтуе праект “малой Канстытуцыі”


Ганна Соўсь, Менск Сёньня сябры Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў пачалі абмяркоўваць праект гэтак званай “малой Канстытуцыі”. Як плянуюць прадстаўнікі апазыцыі, яна будзе дзейнічаць у пераходны пэрыяд ад дыктатуры ад дэмакратыі. Сёньня ж на паседжаньні сацыёляг Андрэй Вардамацкі агучыў вынікі апошняга сацыялягічнага дасьледаваньня лябараторыі “Новак”.

Слухаць:



Праект “малой Канстытуцыі” яшчэ дапрацоўваецца, але асноўныя яе канцэптуальныя пункты сёньня агучыў намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі:

“Праблема прыняцьця новай Канстытуцыі вельмі складаная. Няма ніводнага легітымнага органу, які мог бы гэта зрабіць.

І таму трэба будзе скарыстацца досьведам такіх краінаў, як Польшча і Ўкраіна, якія прымалі спачатку канстытуцыйны закон аб асновах дзяржаўнага будаўніцтва й прынцыпах функцыянаваньня ўлады і пакідалі ў сіле ўсе палажэньні Канстытуцыі, якія тычыліся агульных рэчаў.

Каб праблему легітымнасьці перанесьці на больш позьні пэрыяд, калі новы парлямэнт пасьля новых выбараў прыме новую Канстытуцыю, трэба ўзяць за аснову мадэль Польшчы і Літвы, дзе ёсьць прэзыдэнт, ён абіраецца ўсім народам, ён мае даволі абмежаваныя паўнамоцтвы, асноўную адказнасьць за фармаваньне ўлады нясе парлямэнт”.

Шлях да новай Канстытуцыі

У адпаведнасьці з праектам “малой Канстытуцыі” ўводзяцца два новыя дзяржаўныя інстытуты — упаўнаважаны ў правах чалавека й назіральная рада ў справе тэлебачаньня і радыёвяшчаньня, якая будзе выдаваць ліцэнзіі й кантраляваць выкананьне заканадаўства ў гэтай галіне.

Як тлумачыць Аляксандар Дабравольскі, праект “малой Канстытуцыі” ды іншых першачарговых законаў, у тым ліку закону аб выбарах, павінен разгледзець і падтрымаць Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Потым арганізуецца грамадзкае абмеркаваньне гэтых праектаў, далей яны дапрацоўваюцца і публікуюцца. Наступны крок — стварэньне Канстытуцыйнай асамблеі, у якую ўвойдуць дэпутаты апошняга легітымнага парлямэнту Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, сябры палітычных партыяў і дэлегаты ад рэгіёнаў. Яны маюць прыняць тэкст новай Канстытуцыі і першачарговых законаў.

Прыхільнікаў саюзу з Расеяй стала менш

Сёньня ж на паседжаньні Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў кіраўнік сацыялягічнай лябараторыі “Новак” Андрэй Вардамацкі агучыў вынікі апошняга сацыялягічнага дасьледаваньня.

Згодна зь імі, 38 працэнтаў апытаных выступаюць за саюз з Расеяй паводле прынцыпу Эўразьвязу, тры з паловай працэнты хочуць уваходжаньня Беларусі ў склад Расеі, амаль 18 працэнтаў апытаных выступаюць супраць любога саюзу з Расеяй, а 25 працэнтаў хацелі б пакінуць сытуацыю такой, як яна ёсьць.

Калі ад 2002 да 2004 году колькасьць прыхільнікаў эўраінтэграцыі і тых, што хоча будаваць саюзную дзяржаву з Расеяй, была прыблізна роўная, то ў пэрыяд ад 2004 да сьнежня 2006 году колькасьць людзей з прарасейскай арыентацыяй паступова павялічвалася.

А вось ад сьнежня 2006 году колькасьць прыхільнікаў саюзу з Расеяй пачала меншаць, і наадварот стала больш людзей, якія аддаюць перавагу інтэграцыі з Эўразьвязам. Андрэй Вардамацкі зьвязвае такія зьмены ня толькі з нафтагазавым канфліктам, але і з тым, як расейскія і беларускія сродкі масавай інфармацыі асьвятлялі яго.

А.Вардамацкі ўдакладніў: “Ідзе павялічэньне праэўрапейскай арыентацыі, але яно ня ёсьць люстэркавым. Тая колькасьць людзей, якая адышла ад прарасейскай, ня ўсе яны перайшлі да праэўрапейскай геапалітычнай арыентацыі”.

Дарэчы, як вынікае з апошняга апытаньня лябараторыі “Новак”, больш за 63 працэнты яго ўдзельнікаў лічаць дасягнутыя з Расеяй дамоўленасьці ў пастаўках газу і нафты часовымі. Людзі мяркуюць, што крызыс можа паўтарыцца.

Гл. таксама: Апазыцыя будзе рыхтаваць “Малую Канстытуцыю” Ці дапаможа Кангрэс дэмакратычных сілаў разьвязаць праблемы апазыцыі?
XS
SM
MD
LG