Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Качыньскі: Амэрыканскі шчыт ня зьменіць балянс сілаў у Эўропе


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Міністар абароны Польшчы Аляксандар Шчыгла заявіў, што Варшава “ня будзе кансультавацца з Масквой” у справе разьмяшчэньня на сваёй тэрыторыі часткі амэрыканскай сыстэмы супрацьпаветранай абароны. “Гэтыя часы мінулі і ніколі ня вернуцца”, - сказаў міністар.

На гэтым тыдні кіраўнікі ўрадаў Польшчы і Чэхіі Яраслаў Качыньскі і Мірэк Тапалянэк заявілі ў польскай сталіцы, што Варшава і Прага хутчэй за ўсё прымуць прапанову ЗША аб разьмяшчэньні на сваёй тэрыторыі часткі амэрыканскай сыстэмы супрацьпаветранай абароны.

Тапалянэк заявіў: “Мы дасягнулі паразуменьня – хутчэй за ўсё абедзьве краіны адкажуць Вашынгтону пазытыўна ў гэтай справе і ўжо пазьней з ЗША пачнуцца перамовы”.

На гэтыя словы адразу адрэагавала Масква – расейскія вайскоўцы заявілі, што ў такім выпадку накіруюць свае ракеты на месцы, дзе будзе разьмешчаны супрацьракетны шчыт.

Кіраўніцтва Польшчы ў адказ заявіла, што паспрабуе пераканаць Маскву ў тым, што амэрыканская сыстэма ўвогуле не накіраваная супраць Расеі. “Сьцявярджэньні аб тым, што амэрыканскі шчыт зьменіць балянс сілаў у Эўропе, гэта непаразуменьне”, - заявіў Яраслаў Качыньскі.

Практычна ўсе палітычныя сілы, прадстаўленыя парлямэнце Польшчы, выказваюцца за перамовы з ЗША ў справе сыстэмы супрацьпаветранай абароны, каб дамагчыся ад Вашынгтону дадатковых гарантыяў бясьпекі. Адначасова 55% палякаў ня хочуць, каб у іхнай краіне быў разьмешчаны супрацьракетны шчыт.

“Урад не прадугледжвае ніякага грамадзкага абмеркаваньня ў гэтай справе – нажаль. Але прэм’ер кажа, што гэта можа пашкодзіць перамовам”, - сказаў кіраўнік парлямэнцкай фракцыі Саюзу левых дэмакратаў, былы міністар абароны Ежы Шмайдзіньскі.

Між тым Беларусь адрэагавала на справы, зьвязаныя з амэрыканскай сыстэмай супрацьпаветранай абароны, значна спакайней, чым Расея. Паводле генэрала Ігара Азаронка, “Беларусь ня мае на ўзбраеньні сыстэмаў, супраць якіх накіраваны шчыт”. Тым ня менш, генэрал Азаронак лічыць, што разьмяшчэньне частак амэрыканскай сыстэмы супраць паветранай абароны ў Польшчы і Чэхіі “створыць пэўную напружанасьць” у рэгіёне.

Мірэк Тапалянэк i Яраслаў Качыньскі ў Варшаве
XS
SM
MD
LG