Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пабудова храма кату Беларусі Сувораву – вяршыня цынічнага халуізму"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 23 лютага. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22-24.

Аляксандр, Смалявічы: “Хачу адказаць на пытаньне тыдня: ці лічу я сябе эўрапейцам. Адказваю. Гледзячы на гэты цырк, а інакш я гэта жыцьцё назваць не магу, гледзячы на галоўнага клоўна і на тое, што ён вырабляе са сваім народам, я лічу сябе не эўрапейцам, а хутчэй вэнэсуэльцам. Так што, жыве Вэнэсуэла!”

Сьвятаслаў Паляводаў, Маладэчна: “У Кобрыне мяркуецца будаўніцтва царквы ў гонар расейскага палкаводца Суворава. Гэта так абурыла і абразіла… Я ня ведаю, як гэта выказаць. Гэтаму кату беларускага народу, які ў крыві задушыў паўстаньне Касьцюшкі. Ніякага гонару! Куды нам ісьці далей?! Хто ж аўтар гэтай д’ябальскай ідэі?! Ня ведаю. Ня ведаю, што рабіць нам…Прыехалі!"

Спадар: “Трэба сказаць усяму міру, паплечнікі дыктатара Беларусі панясуць крымінальную адказнасьць, як і тыран”.

Спадар: “Благаславілі будаўніцтва храма ў Кобрыне ў гонар вылюдка, крыважэрцы, па чыйму загаду забівалі немаўлят гэтак сама, як забіваў Ірад. Практычна будаваць гэты храм будуць не Сувораву, а дзетазабойцу-д’яблу. Я дзякую магутнаму Богу, што ён нас папярэдзіў, што мы гэткіх пастыраў, якія прыйдуць да нас ваўкамі ў авечай скуры, пазнаем па справах іх. І гэты храм, храм д’яблу, будзе сусьветным абвінавачваньнем гэтай нябоскай уладзе нябоскіх валадароў цемры”.

Анастас Семяновіч: “Я ўпэўнены, як толькі будзе новы прэзыдэнт Беларусі, кожны беларус будзе лічыць сябе эўрапейцам. Узровень жыцьця праз тры-чатыры гады будзе як у Эўропе. Мы будзе прынятыя ў Эўразьвяз, акрамя гэтага нас прымуць у НАТА. З Расеяй будзе весьці гандаль, калі нам будзе выгадна. Але ня так, як сёньня. Гэтую працу трэба было праводзіць усе 12 год, а ня толькі разьлічваць адно на мафіёзную Расею. З гэтай прычыны мы сёньня аказаліся ля разьбітага карыта. Я спадзяюся, што таварыш Лукашэнка нарэшце зразумее, што без Эўропы і Амэрыкі нам ня выйсьці з дадзенай сытуацыі. Але трэба выканаць іх мовы, то бок павінна быць у нас дэмакратыя".

Ларыса, Менск: “Ці адчуваем мы сябе эўрапейцамі? Безумоўна, адчуваем. Бо мы жывем не ў Азіі, а ў цэнтры Эўропы. Пэўны час усе нашы погляды былі накіраваныя на Ўсход, на Расею, таму і жыцьцё складвалася адпаведна гэтаму напрамку. Таму якасьць жыцьця такая, якая ёсьць. Няма ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні. Але зараз нешта можа зьмяніцца, і мы будзем больш глядзець на Захад і браць прыклад з Заходніх краін. Беларускі народ працавіты, яго толькі трэба арганізаваць. Асабліва трэба падымаць сельскую гаспадарку і браць прыклад з нашых суседзяў. Я маю на ўвазе Польшчу, Літву, Латвію, Эстонію. Яны пераадолелі цяжкасьці, так будзе і з намі. Так што мы эўрапейцы”.

Марыя, Гародня: “Хачу выказаць меркаваньне наконт пабудовы храма ў гонар Суворава ў Кобрыне. Ведаеце, гэта такая вялікая абраза нашаму народу. Я думаю, што нашы продкі нам не даруюць гэтага. І ўсе пытаньні наконт пабудовы гэтага храму трэба накіраваць нашаму Філярэту. Няхай ён адкажа, зь якой мэтай будзе будавацца гэты храм у Беларусі".

Спадарыня: “Не магу змаўчаць, калі ў горадзе Кобрыне будуецца храм у гонар чалавеказабойцы Суворава. Я зьвяртаюся да ўсіх вернікаў. Дарагія людзі! Калі мы праглынем гэты кручок ад Аляксея Другога, то паслужым д’яблу".

Вольга, Баранавічы: “Віншую ўсіх нашых ваяроў на палёх палітычных змаганьняў. Вашымі высілкамі Беларусь яшчэ назаве плошчы і вуліцы імёнамі свабоды.

Як ад хлусьлівае навалы Пачне стамляцца родны край, Надзеяй сэрца суцяшай! Запал юначы, досьлед сталы, Ваяр, Радзіме прысьвячай! Ёй жыць, ёй быць дапамагай!”

Спадар: “Наконт пабудовы храма ў Кобрыне імя ката Суворава. Нашы ўлады забылі цытату Макіявэльлі: “Народ, які доўгі час жыве пад гнётам і знаходзіцца ў рабскім стане, церпіць яго, губляе дар Божы – каханьне. Пачуцьцё асабістай годнасьці і свабоду, а набывае пакорнасьць і халуйства”. У нашай улады гэта разьвілося і ўмацавалася, а нянавісьць да ўсяго беларускага стала элемэнтам культуры. Спачатку зьмянялі назвы вуліц, бурылі гістарычныя будынкі і кварталы ў гарадах, а цяпер вось храм...Чаму тут зьдзіўляцца? Халуізм ёсьць халуізм. А пабудова храма кату Беларусі – вяршыня цынічнага халуізму. Мы доўгі час жылі пад гнётам. А так хочацца зноў, каб мы, як нашы продкі, вярнулі Божы гэты дар. Але людзі, якія хочуць падняцца з кален і растлумачыць гэта іншым – адмарозкі. Трэба ўсім нам беларусам падняцца, зьбіраць подпісы, каб не будаваць гэты храм. Дзякуй за ўвагу”.
XS
SM
MD
LG