Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Францішак Савіч Каля 1815, в. Вяляцічы (цяпер Пінскі раён) — каля 1845, м. Янушпаль (цяпер г. Іванопаль, Чуднаўскі раён), Украіна


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Днямі мне патэлефанаваў юнак з “Маладога фронту”. Яго — каб выпусьціць значок або паштоўку — цікавіў партрэт Францішка Савіча. Мусіў расчараваць суразмоўцу — ніякіх выяваў Савіча не захавалася, але ўвага нашай моладзі да гэтай легендарнай асобы цалкам зразумелая.

Ягонае кароткае, вірлівае і авантурна-ахвярнае трыццацігадовае жыцьцё прайшло пад знакам змаганьня з царскай тыраніяй і расейскімі калянізатарамі. У сваіх раньніх успамінах ён напіша, што найзапаветнейшай яго мараю з малых гадоў была свабода Айчыны. Дзеля яе студэнтам Віленскай мэдычна-хірургічнай акадэміі ён стварыў зь сябрамі “Дэмакратычнае таварыства”, якое абвясьціла сябе спадкаемцам справы філяматаў. Францішак напісаў для таварыства статут пад назовам “Прынцыпы дэмакратызму”, а таксама адозву-праклямацыю “Заўвагі пра маральную вайну народу з дэспатызмам”. Своеасаблівай праклямацыяй быў і яго верш “Там, блізка Пінска, на шырокім полі”:

Ліцьвін, валынец, падайце ж мне рукі, Так — прысягаем на Госпада Бога, Царам на згубу, панам — для навукі, Што на той зямлі не паўстане і нога — Ані гэта паганска, ані гэта тыранска...

У 1837-м Савіч кансьпірацыйна сустрэўся з рэвалюцыянэрам Сымонам Канарскім, што прыбыў з-за мяжы дзеля разгортваньня вызваленчага руху на беларускіх і ўкраінскіх землях і жыў пад выглядам дваровага сяляніна Лукаша Чуланчыка. Праз год Канарскага высачылі і арыштавалі ў Вільні. Неўзабаве за кратамі апынуўся і Савіч. Гістарычныя дакумэнты сьведчаць, што ў астрозе вязьняў усяляк зьневажалі й жорстка зьбівалі. Канарскага расстралялі, а Савіча выслалі на Каўказ у салдаты.

Лічачы ўдзел у захопніцкай вайне супроць вальналюбных горцаў несумяшчальным з сваімі перакананьнямі Францішак некалькі разоў наважваўся на ўцёкі. Аднойчы ён, пакінуўшы на беразе Цераку адзеньне і разьвітальную цыдулку, пасьпяхова інсцэнаваў самагубства, аднак пазьней быў схоплены памежнай вартай і зноў здадзены ў салдаты. Падчас другіх уцёкаў ён пашкодзіў нагу і надоўга затрымаўся ў жытомірскім мястэчку Янушпаль, дзе адкрыў мэдычную практыку і праславіўся як таленавіты лекар.

Калі Савіч, заслужыўшы поўны давер мясцовых уладаў, ужо атрымаў замежны пашпарт і рыхтаваўся пакінуць Расейскую імпэрыю, у мястэчка прыйшла халерная пошасьць. Ратуючы іншых, ён невылечна захварэў сам...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG