Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы – другія ў Эўропе па карыстаньні чыгункай


Радыё Свабода Першае месца па карыстаньні чыгункай займаюць жыхары Швэйцарыі. Штогод кожны швэйцарац праяжджае на цягніку 1929 кілямэтраў. Другую пазыцыю пасьля Швэйцарыі займае Беларусь. На сярэднестатыстычнага пасажыра беларускай чыгункі прыходзіцца 1385 кілямэтраў. На трэцім месцы з 1290 кілямэтрамі знаходзіцца Францыя. Потым Данія, Люксэмбург, Аўстрыя і Нямеччына.

Па карыстаньні чыгункай эўрапейцаў апярэджвае толькі адна краіна – Японія. Аднак ў пэрспэктыве швэйцарцы могуць і пацясьніць японцаў, – пішуць швэйцарскія СМІ.

За што швэйцарцы любяць цягнікі і што яны думаюць пра беларускую чыгунку?

Міхаэль Цэлер настаўнік, жыве ў горным курортным кантоне Граўбюндэн, а працуе ў іншым кантоне – у Цюрыху. Нечаканы званок з другой па карыстаньні чыгункай эўрапейскай краіны напаткаў Міхаэля на цурыхскім вакзале.

(Міхаэль: ) “А адкуль вы звоніце? Зь Менску? Дарэчы, аднойчы я ехаў праз Беларусь у Кітай на Транссбірскім экспрэсы. Надзвычайнае падарожжа. Такое можна перажыць толькі ў цягніку. Мы, швэйцарцы вар’яты чыгункі. Чаму? Гэта самы экалягічны від транспарту, а многія нашы жыхары –“зялёныя” паводле перакананьняў. Цягнік – гэта таксама зручна. Мае многія знаёмыя ўвогуле адмовіліся ад аўтамабіляў, паколькі бэнзін дарагі, а чыгунка, калі маеш гадавы квіток на ўсе віды транспарту, значна таньней. Бадай, адна з самых танных у Эўропе. Дарэчы, вы ведаеце, што ў нашым родным кантоне Граўбюндэн ёсьць свая ўласная чыгуначная каляя, якая больш вузкая за эўрапейскую? У Беларусі, наколькі я памятаю, каляя шырэйшая за эўрапейскую. Я памятаю, як у Берасьці наш цягнік перастаўлялі на іншыя рэйкі. Дарэчы, якое, надвор’е цяпер у Беларусі? Сьнег? Як добра... Вашы пэйзажы вельмі прыгожыя зь цягніка. Нашы таксама. У нас цяпер сонечна...”

Міхаэль Цэлер ўзгадвае таксама і пра сваю другую паездку ў Беларусь у якасьці прадстаўніка чарнобыльскай ініцыятывы. Тады ён дзеля цікавасьці вырашыў разам зь сябрамі паехаць на беларускім цягніку – зь Менску ў Гомель. Яму вельмі спадабаліся старыя спальныя беларускія вагоны з шырокімі купэ, спадабаліся шклянкі, у якіх падаюць гарбату. Менш спадабалася тое, што адрозна ад швэйцарскіх цягнікоў, беларускія не такія хуткія. Як можна ехаць цягніком чатыры гадзіны 300 км? Расчараваў Міхаэля новы будынак Менскага вакзалу. Той стары, зь ягонага гледзішча, быў хоць і малым, але прыгажэйшым.

Паводле экспэртаў, неўзабаве чыгунка ў Эўропе складзе сапраўдную канкурэнцыю авіяцыі. Як толькі самалётнае паліва пачне абкладацца падаткам на даданую вартасьць, кошты на авіяквіткі ўзрастуць на 20% і стануць не па кішэні вельмі многім эўрапейцам.

Тым часам, як сьведчыць беларуская статыстыка, чыгунка ў Беларусі ня ёсьць надта прыбытковай галіной. Прыгарадныя цягнікі акупляюцца на 34 адсоткі, мясцовыя – на 40. Выключэньнем ёсьць фірменныя цягнікі, якія злучаюць Беларусь зь іншымі краінамі. Яны прыносяць траціну агульных прыбыткаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG