Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Канстанцін Лукашоў: “Абсалютны слых не дазваляе слухаць фальш”


Вольга Караткевіч, Прага У аўторак, 20 лютага, суд у Менску пакараў навукоўца Канстанціна Лукашова зьняволеньнем на два гады з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады. Два месяцы Лукашоў знаходзіўся пад вартаю. Яго вінавацілі ў супраціве міліцыянту 29 сакавіка мінулага году: тады ён, вывозячы са шпіталю свайго брата Вячаслава Сіўчыка, не пагадзіўся спыніць аўтамабіль на патрабаваньне чалавека ў цывільным. Пасьля выхаду на свабоду Канстанцін Лукашоў даў інтэрвію нашаму радыё.

“Я згадваў 70-я гады: нейкае вельмі непрыемнае адчуваньне было”

Карэспандэнтка: “У нашым эфіры для вас гучала кампазыцыя гурту “Рамштайн”. Гавораць, што вы пакутуеце, калі слухаеце музыку, бо маеце абсалютны слых? Гэта як?”

Лукашоў: “Я пакутую, калі слухаю звычайную папсу, таму што абсалютны слых – гэта тое, што не дазваляе слухаць фальш. У музыцы любы фальш вельмі адчуваецца”.

Карэспандэнтка: “А вы Беларускае радыё слухаеце зь беларускай эстрадай?”

Лукашоў: “Шчыра кажучы, не. Гэта якраз было адным з момантаў, якія я лічыў катаваньнем, пакуль быў на Валадарцы: там з 6-ці раніцы да 23-й вечара ўключаны першы канал Беларускага радыё. Я да гэта так і ня здолеў прызвычаіцца... Я згадваў 70-я гады: нейкае вельмі непрыемнае адчуваньне было”.

Карэспандэнтка: “Канстанцін, што такое абсалютны слых? Ён перашкаджае ці дапамагае чалавеку?”

Лукашоў: “Не перашкаджае. Гэта тое, што, можа, мне й дапамагала, калі я вучыўся ў музычнай школе. А так у жыцьці? Не замінае – гэта дакладна”.

"З 2004 году ў мяне пачаліся складанасьці і на працы, і ўвогуле ў жыцьці"

Карэспандэнтка: “Канстанцін, як вас абвінавацілі ў супраціве міліцыянту?”

Лукашоў: “Гісторыя мая, напэўна, разьвівалася з 2004 году, калі я пайшоў незалежным кандыдатам у Палату прадстаўнікоў. Я меў даволі значную падтрымку людзей у 109-й выбарчай акрузе ў менскім Уруччы. Але дэпутатам ня стаў: я быў не падрыхтаваны да таго, што галасоў ня будуць лічыць, што возьмуць і не падлічаць, а проста падпішуць пратаколы. Але я ня стаў аспрэчваць афіцыйных вынікаў: вырашыў пачакаць пэўны час і ў 2008 годзе яшчэ раз паспрабаваць прайсьці, ужо ведаючы, як працуе сыстэма зь незалежнымі кандыдатамі.

І вось з 2004 году ў мяне пачаліся складанасьці і на працы, і ўвогуле ў жыцьці...

Што да 29 сакавіка мінулага году, то ў той дзень нечакана з шпіталю выпісалі Вячаслава. Мне маці патэлефанавала, каб я прыехаў і забраў яго. Для нас тады тое, што Вячаслава выпісваюць, было нечаканасьцю. З загадчыкам аддзяленьня хірургіі мы тады размаўлялі недзе за два дні да нечаканай выпіскі: ён гаварыў, што да пятніцы дакладна Сіўчыка будзе трымаць. Але вось у чацьвер Вячаслава вырашылі выпісаць. Як потым сказаў нам той загадчык аддзяленьня, яго нібыта вымусілі нават так зрабіць.

Я прыехаў тады ў шпіталь з працы на машыне. Каля шпіталю былі людзі ў цывільным. Я сядзеў у машыне, чакаў, як выйдзе Вячаслаў. І тут я заўважыў, што яму не даюць выйсьці. Тады я падышоў да гэтых людзей і спытаў, на якой падставе яны замінаюць, прасіў, каб яны назвалі сябе. Яны нічога не адказвалі, а так моўчкі нават паспрабавалі мне ня даць сесьці ў машыну. Аднак там супраціву ніякага ні зь іх боку, ні з майго не было. Такія вельмі, як мне падавалася, недарэчныя перашкоды невядомых людзей у спартовым адзеньні. Але мы зь Вячаславам усё-такі селі ў машыну, паехалі, і я заўважыў, што нехта пабег ззаду за машынай, зачапіўся за нешта ў зялёнай зоне, упаў у гразь, тады ўскочыў і пабег далей. Я ўсё гэта бачыў у люстэрка. Калі я ўжо выехаў на вуліцу Леніна, убачыў, што той чалавек спыніўся, пачаў некаму тэлефанаваць...

Пазьней я даведаўся, што міліцыя спрабуе падаць усю гісторыю так, быццам той чалавек, што бег, трапіў пад машыну...”

“Не было ня тое што складу злачынства, не было ўвогуле ніякага здарэньня”

Карэспандэнтка: “Як вы ацэньваеце свой прысуд?”

Лукашоў: “Напэўна, ён адпавядае прававому стану нашай дзяржавы. На жаль. Таму што было відавочна, што не было ня тое што складу злачынства, не было ўвогуле ніякага здарэньня. Менавіта гэта й намагаўся даказаць мой адвакат. І даказаў. Аднак ўсё роўна ні на судзьдзю, ні на пракурора гэта ніякага ўзьдзеяньня не зрабіла. І мне вынесьлі такі дзіўны прысуд: два гады з адтэрміноўкай таксама на два гады. Пракурор запрасіў тры гады адтэрміноўкі, а судзьдзя вось зрабіла мне палёгку, калі гэта можна так назваць”.

Карэспандэнтка: “Выйшаўшы з ізалятару на Валадарскага, вы расказвалі, што стаўленьне да людзей, якія з палітычных матываў трапляюць туды, даволі спакойнае”.

Лукашоў: “Турма – гэта такі соцыюм, які ацэньвае чалавека ў комплексе яго якасьцяў. Нельга прыйсьці туды з пэўным артыкулам, каб там да цябе адразу ставіліся паважліва. Бо ўсе разумеюць, што тое, што табе “навесілі” ў пракуратуры ці ў нейкім сьледчым органе, гэта не зьяўляецца кляймом і вельмі часта не адпавядае рэчаіснасьці. Таму на цябе глядзяць, які ты чалавек. І ставяцца да цябе, зыходзячы з гэтага.

Я па прафэсіі геоляг – ужо амаль што чвэрць веку. Мяне мой татка браў яшчэ дзесяцігадовым хлопчыкам у экспэдыцыі, так што складаныя ўмовы жыцьця мяне ніколі не палохалі”.

“Увогуле, у мяне стаўленьне да міліцыі вельмі паважлівае”

Карэспандэнтка: “Канстанцін, якія вашыя ўражаньні ад беларускай міліцыі?”

Лукашоў: “Гэта вельмі складанае пытаньне, бо мы ўвесь час блытаемся паміж агульнай ацэнкай і лякальнымі фактамі, ацэнкай канкрэтных асобаў. Увогуле, у мяне стаўленьне да міліцыі вельмі паважлівае. У маім жыцьці ніколі не было такіх сытуацыяў, каб нехта ў міліцэйскай форме да мяне падышоў, а я не падпарадкаваўся.

Іншая рэч, цяпер вялікая праблема, што, нават нягледзячы на ўзровень адукаванасьці міліцыянтаў, у многіх зь іх вельмі нізкі ўзровень культуры. І калі я, седзячы ў ізалятары, чуў па радыё выступы міністра ўнутраных справаў Навумава, як ён гаварыў, што будуць вельмі жорстка разьбірацца з супрацоўнікамі, якія лаюцца матам, я адразу ўявіў сабе, што Ленінскі РАУС, куды мяне прывозілі, будзе пусты. Я ня бачыў там супрацоўнікаў зь дзяжурнай часткі, якія выкарыстоўвалі б нарматыўную лексыку. Так што гэта вельмі вялікая праблема. І, напэўна, гэта бяда ня толькі міліцыі, але шмат якіх слаёў грамадзтва”.

“Мне вельмі не падабаецца сыстэма, пры якой няма ніякай пэрсанальнай адказнасьці тых людзей, якія прымаюць рашэньні”

Карэспандэнтка: “Калі вы выйшлі на волю, на пытаньне пра магчымую далейшую грамадзкую дзейнасьць вы адказалі вобразна: сказалі, што чалавечай думкі няможна спыніць. Ці зьбіраецеся вы нейкай канкрэтнай грамадзкай дзейнасьцю займацца?”

Лукашоў: “Зьбіраюся, вядома. Бо я трапіў у такое становішча, пры якім трэба даказваць, што, па-першае, я не вінаваты. Па-другое, мне вельмі не падабаецца існуючая сыстэма, пры якой няма ніякай пэрсанальнай адказнасьці тых людзей, якія прымаюць рашэньні.

Ёсьць такі пракурор Ленінскага раёну Менску спадар Стук. Ён ніколі мяне ня бачыў. Ён ніколі мяне ня чуў. Ён ніколі пра мяне нічога не чытаў. Але ён сваім росчыркам пяра мяне пасадзіў за краты. Такога быць не павінна.

І па-другое. Калі судзьдзя, тая спадарыня Красоўская, выносіць такі відавочна несправядлівы прысуд, яна таксама павінна неяк за гэта адказваць. Я не кажу, што яна павінна трапіць у турму ці нейкі штраф заплаціць, але ў законе павінна быць прапісана, што гэты чалавек нясе пэрсанальную адказнасьць за тое, што ён робіць беззаконьне.

Я разумею, што бываюць памылкі, бывае ўсё, але калі людзі адразу ведаюць, што ў іх няма ніякай адказнасьці, што няма нормы, паводле якой чалавек будзе адказваць за несправядлівы прысуд, натуральна, яны нічога не баяцца. У гэтым вялікая праблема, і трэба працаваць, каб грамадзтва разумела: калі мяне маглі засудзіць з такіх надуманых прычын, калі гэтая “справа” так робіцца, мы за паўкроку ад таго, што на кожнага з нас будуць пісаць, не выходзячы з кабінэту, такія фантастычныя рэчы: задушыў міліцыянта... Пісаць што хаця, без прывязкі да рэальных падзеяў. Гэта вялікая небясьпека. Грамадзтва гэтага не разумее. Кожны лічыць, што ягоная хата з краю, што яго не закране”.

“Я веру, што чалавек можа ўсё. Гэта мы самі сябе часам абмяжоўваем, але нашыя магчымасьці насамрэч бязьмежныя”

Карэспандэнтка: “Канстанцін Лукашоў нарадзіўся ў 1970 годзе, скончыў фізычна-матэматычную школу, вучыўся ў музычнай школе па клясе скрыпкі. Працуе ў інстытуце геахіміі і геафізыкі Акадэміі навук. У яго двое дзяцей – сыны Ігнат і Раман. Канстанцін Лукашоў займаецца навуковымі распрацоўкамі па тэме экалягічна-геахімічнага вывучэньня тэорыі і ў новай галіне навукі – геамэдыцыне. Што гэта за навука?”

Лукашоў: “Геамэдыцына – гэта... Нешта я тут захваляваўся (сьмяецца). Гэта сымбіёз навук. Геамэдыцына апісвае стан здароўя чалавека ў залежнасьці ад тых умоваў, дзе ён знаходзіцца.

У часе тэхнічнай рэвалюцыі мы неяк забыліся, што чалавек усё ж такі не ў апошнюю чаргу біялягічны аб’ект. Наш арганізм прыстасаваны да той ці іншай тэрыторыі. Калі мы яе зьмяняем, зьмяняецца й хімічны склад тых рэчываў, якія мы ямо, п’ем, якімі мы дыхаем. Як вынік, пэўныя сыстэмы арганізму ня могуць гэта кампэнсаваць, і ўзьнікаюць хваробы. Вось, напрыклад, хвароба мінамота ў Японіі, калі там зашмат іртуці. Ці калі нехта ў Афрыцы працуе, а там шмат мыш’яку. Вялікія канцэнтрацыі, і адразу відаць дэгенэратыўныя зьмены арганізму”.

Карэспандэнтка: “Канстанцін, вашая мама мае двух сыноў-палітыкаў: Вячаслава Сіўчыка і вас. Як яна спраўляецца з такімі стрэсамі, калі сыны за кратамі?..”

Лукашоў: “Ну, на шчасьце, мы яшчэ ніколі адначасова не былі за кратамі. І, спадзяюся, ня будзем. У нас тут такі вахтавы мэтад атрымліваецца.

Але, вядома, вельмі сумна. Не павінна такога быць. Тым больш, што мы абодва нармальна выхаваныя і законапаслухмяныя, разумееце? Вось тое, што дзяржава дазваляе ў дачыненьні да нас, не ўкладаецца ў маё разуменьне. Натуральна, маці вельмі пакутуе. Але ж яна разумее, што камусьці трэба рабіць, рухацца, нешта гаварыць. Інакш у нас будзе цалкам багна, у якой мы ўсе захлынемся”.

Карэспандэнтка: “У што вы верыце?”

Лукашоў: “Я ўсё ж веру, што ўсё будзе добра. Адчуваньне таго, што рана ці позна будзе і ў нас дастойнае і нармальнае жыцьцё, мяне ніколі не пакідала. Яшчэ я веру, што чалавек можа ўсё. Гэта мы самі сябе часам абмяжоўваем, але нашыя магчымасьці насамрэч бязьмежныя”.
XS
SM
MD
LG