Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінаагляд Максіма Жбанкова


Радыё Свабода

На гэтым тыдні пазытыўныя ўражаньні выклікаў новы фільм старэчы Слая Сталонэ. Былы герой баевікоў нечакана вырашыў аднавіць сваю легенду. І зрабіў чарговы фільм пра славутага баксэра-чэмпіёна Рокі Бальбоа. З часу выхаду папярэдняга “Рокі-5” прайшло ажно сямнаццаць гадоў. Але Сталонэ ня ведае сумненьняў. У новым фільме “Рокі Бальбоа” ён зноў рэжысэр, сцэнарыст і, натуральна, выканаўца галоўнай ролі.

Зьмянілася эпоха, надышлі іншыя часы. “Рокі Бальбоа” – вельмі сэнтымэнтальны і кранальны фільм пра адстаўнога чэмпіёна, які зноў выходзіць на рынг супраць новага маладога героя. Гэта дабрачынная акцыя, і амаль ніхто ня верыць, што Рокі пратрымаецца нават пару раўндаў. Але выходзіць наадварот. Сталонэ зрабіў шчыры фільм пра мужнага чалавека – каб апасьля назаўсёды разьвітацца са сваім героем.

* * * Галоўнае адмоўнае ўражаньне – амэрыканская стужка “Бабілён”. Герой арт-гаўзу, мэксыканец Алехандра Гансалес Ін’ярыту працягвае свае дасьледаваньні супярэчлівай сучаснасьці. Гэтым разам у Мэксыцы, Марока ды Японіі. Паўсюль праблемы. І усё з усім павязана.

Ін’ярыту – сур’езны аўтар. Тым больш дзіўна назіраць, як ён спрабуе спалучыць тры ня надта выразныя гісторыі. Шыкоўная карцінка, сацыяльны патас, этнаграфічная фактура, зорная каманда на чале з Брэдам Пітам... Але ўсё ж неяк не складаецца. Можа, таму, што папярэднія свае стужкі Ін’ярыту рабіў па аналягічнай схеме. Трэці раз бачыць тое ж самае зусім нецікава. Таму “Бабілён” здольны ўразіць адно прафанаў. Ну і, можа, яшчэ амэрыканскіх кінаакадэмікаў: бо фільм мае рэальныя шансы на “Оскара”.

* * * А зараз – мой асабісты выбар гэтага тыдня. Яшчэ адзін оскараўскі намінант – м’юзыкал “Dream Girls” (“Дзяўчыны мары”). Пасьля неймавернага посьпеху “Чыкага” м’юзыклы зноў зьбіраюць гледачоў. Асабіста мяне ўразіў не прасьцюткі сюжэт пра дзявочы бэнд, а моцны саўндтрэк – сапраўдная анталёгія чорнай музыкі.

Фільм цікавы перадусім тым, што ў ім усе акторы сьпяваюць самі – у тым ліку вядомы комік Эдзі Мэрфі, а таксама актор і сьпявак Джэймі Фокс. Галоўную жаночую ролю выконвае зорка R’N’B Бэянз Ноўлз. І, ведаеце, ейныя сьпевы зусім не найлепшы нумар праграмы. Мацней за ўсіх гучаць нікому дагэтуль невядомыя чорныя галасы. Менавіта дзеля гэтых трэкаў варта паглядзець “Dream Girls”.
XS
SM
MD
LG