Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 22 лютага


Дзьмітрый Падбярэскі, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту.

Форум “Палітыка” парталу tut.by. Тут абмяркоўваюць удзел альбо няўдзел Аляксандра Мілінкевіча ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў.

Ivan_Denisovich упэўнены: “Што мы бачым па сутнасьці? Змаганьне за ўладу, змаганьне хоць бы за тых прыхільнікаў, якія ў іх засталіся. Прычым нават не змаганьне, а цалкам рэальную бойку. Пусьці гэтых хлопцаў да ўлады, дык яны найперш там і паб’юцца за кармушку”.

А вось akselbant адзначае: “Тое, што Мілінкевіч адмовіўся ад цяперашняй кампаніі імпатэнтаў-апазыцыянэраў, правільна, яны ні на што не прыгодныя і ня здольныя. Патрэбна іншая арганізацыя, іншыя лідэры, неабходна па-іншаму будаваць працу з насельніцтвам... Як будуць разьвівацца падзеі, прагназаваць складана”.

Іначай глядзіць на сытуацыю нехта Grazdanin: “Зразумела, чаму некаторыя трымаюцца за Мілінкевіча. Ён раскручаны брэнд. Але яго “стварылі” на КДС. Цяпер, калі ідзе самая сапраўдная грызьня ўнутры гэтага аб’яднаньня, Мілінкевіч адышоў убок? Ну, тады ён робіцца экс-кандыдатам у прэзыдэнты. Усё. Кропка. Лічу, далейшая яго палітычная дзейнасьць абсалютна бессэнсоўная”.

У суполцы “Жывога журналу” minsk_by зьмешчаны допіс corno_by: “Працую ў ансамблі салістаў “Классик-Авангард”. Мы за ўласныя грошы летась зрабілі сайт. Усё было ціха, а сёньня нас аглушылі заяваю: нібыта нехта зь Міністэрства культуры ўгледзеў у нотах дызайнэрскага афармленьня сайту гімн БНФ і прапануе нам зьмяніць карцінку, прыбраць гэтыя ноты! Я, нічога не разумеючы, званю дызайнэру, які рабіў сайт, і цікаўлюся. Ён кажа, што гэта ноты песьні “Магутны Божа”... Лічу, што пра гэты выпадак трэба шырока абвесьціць, каб у будучыні чыноўнікі ня мелі спакусаў “наводзіць парадак”!”

Сайт “Электронны Барысаў” паведамляе: “Акумуляваная цеплыня сьвежадоенага малака будзе выкарыстоўвацца для награваньня вады на фэрмах вобласьці. Гэта адзін з кірункаў рэалізацыі праграмы энэргазьберажэньня ў сельскай гаспадарцы. Паводле інфармацыі генэральнага дырэктара “Менскаблаграсэрвіс” Уладзімера Хацяноўскага, такая тэхналёгія дазволіць выкарыстоўваць цеплыню надоенага малака, якая раней гублялася, высокаэкалягічным спосабам”.

На сайце парталу “Беларускай індустрыі прыгажосьці і здароўя” пачаўся конкурс “Прыгажосьць на варце закону”, арганізаваны гэтым парталам сумесна з упраўленьнем кадраў галоўнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму. Галоўная мэта конкурсу – “раскрыць усе грані прыгажосьці супрацоўніц менскай міліцыі”. Галасаваньне стартавала сёньня і працягнецца да 4 сакавіка.

У сваім інтэрнэт-дзёньніку малады піяніст Віталь Стахіевіч зьмяшчае ўласны верш:

“…І чым жа сустрэне бацькаўшчына? Расейшчынаю, савеччынаю, Варонамі над галавою І чорнаю тваньню бясьсьнежнаю.

Тут зьвягаюць псы спрадвечныя І зеўрае неба шэрасьцю, І Шубэрт гучыць над стрэхамі, Дарэчны ў беспрасьветнасьці”.

* * * Дасылайце свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG