Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычная рада дэмакратычных сілаў стварае пагаджальную камісію


Алесь Дашчынскі, Менск У Менску адбылося паседжаньне Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў. На ім большасьцю галасоў прынята прапанова аб правядзеньні кангрэсу па пытаньнях, па якіх дасягнуты кансэнсус.

Пасьля дыскусіі на разгляд Палітычнай рады былі вынесеныя тры прапановы: ад старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі “Кампраміс дзеля адзінства”, ад Эўрапейскай кааліцыі аб правядзеньні кангрэсу бліжэй да наступных парлямэнцкіх выбараў і прапанова старшыні АГП Анатоля Лябедзькі правесьці кангрэс па пытаньнях, па якіх ужо ёсьць кансэнсус.



Старшыня Палітычнай рады Аляксандар Мілінкевіч на пачатку паседжаньня сказаў:

Мілінкевіч: “Я не лічу магчымым правесьці кангрэс, які кансалідуе нас, 17 –18 сакавіка. Гэта будзе кангрэс, які нас разьяднае. Я за тое, каб кангрэс правесьці пазьней”.

Меркаваньні сяброў Палітрады падзяліліся. Урэшце большасьцю галасоў была прынятая прапанова аб правядзеньні кангрэсу па тых пытаньнях, па якіх дасягнута згода. Таксама была створаная пагаджальная камісія па прапанове Вячоркі Вячоркі падпісаць “Кампраміс дзеля адзінства”. Вячоркаву прапанову падтрымаў і Аляксандар Мілінкевіч:

Мілінкевіч: “Я лічу, што без пагаджальнай камісіі мы ня вырулім з гэтага. Чаму? Бо ўпэўнены, каб ісьці на кангрэс, мае быць згода, кансэнсус і адзіны падпісаны дакумэнт”.

Аляксандар Мілінкевіч падвёў вынікі паседжаньня ў інтэрвію Радыё Свабода:

Мілінкевіч: “Я лічу, што кангрэсу аддаецца занадта вялікая ўвага. І можна падумаць, што ў дэмакратычных сілаў няма больш іншай працы. Я думаю, што сёньня дасягнуты пэўныя крокі, якія могуць паскорыць знаходжаньне кампрамісу. Я заўсёды за кампраміс, ёсьць прынцыповыя рэчы, ад якіх нельга адмаўляцца. Але калі кангрэс будзе задавальняць усіх сяброў рады, ён павінен прайсьці і пройдзе”.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка сказаў, што дата кангрэсу будзе залежаць ад хуткасьці паразуменьня ў кааліцыі. Паводле Вячоркі, кангрэс можна праводзіць, калі будзе дасягнута пагадненьне. Лідэр Партыі БНФ патлумачыў сэнс працы пагаджальнай камісіі над дакумэнтам “Кампраміс дзеля адзінства”:

Вячорка: “Бальшыня пунктаў прыдатныя для таго, каб іх абмяркоўваць. Аднак ня ўсе былі гатовыя разглядаць іх у пакеце. Будзем цяпер разьбірацца, што для кожнага суб’екта кааліцыі з маіх прапановаў прымальна. Я цешуся, калі ў такой сытуацыі можна цешыцца, што прынамсі ёсьць грунт для далейшай супрацы. І відавочна, што мы не разьбягаемся: разьбягацца ніхто не хоча. Але ў гэтай сытуацыі трэба вельмі хутка і ясна даць сабе самім адказ: на якіх умовах мы далей супрацоўнічаем. Тут без усіхных саступак не абысьціся”.

Ад 25 лютага па 4 сакавіка дэлегацыя апазыцыі накіруецца зь візытам у Вашынгтон. Аляксандар Мілінкевіч ад гэтай паездкі адмовіўся.

Гл.таксама: Палітычная рада дэмсілаў шукае кампрамісу Чаму Аляксандар Мілінкевіч адмовіўся ехаць у ЗША? Анатоль Лябедзька: “Што галоўнае: ці дэмакратычная “вэртыкаль”, ці ўсё ж такі шырокая кааліцыя?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG