Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Вітан-Дубейкаўскі (19.7.1869 (1867?), в. Дубейкава (цяпер Амсьціслаўскі раён) — 6.11.1940, Вільня. Пахаваны на віленскіх могілках Росы)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды".

Калі вы патрапіце ў мястэчка Дрысьвяты, што на Браслаўшчыне, не абмініце галоўную тамтэйшую славутасьць — драўляны Петрапаўлаўскі сабор, збудаваны ў 1929-м з рысамі стылю мадэрн. Таленавіта ўштукаваны ў прыазёрнае навакольле, гэты храм зь яго пяціяруснай вежай-званіцаю стварае непаўторны краявід, што натхняў і натхняе мастакоў і проста падарожнікаў, якім удалося патрапіць у гэтыя мясьціны — цяпер памежную зону з прапускным рэжымам.

Стваральнік драўлянага дрысьвяцкага дзіва — Лявон Вітан-Дубейкаўскі, асоба калярытная й таленавітая ў шмат якіх сфэрах.

Выпускнік Парыскай акадэміі архітэктуры, ён будаваў цэрквы на Смаленшчыне, аднаўляў касьцёлы ў Амсьціславе, Воршы, Крычаве і Смалянах, спраектаваў царкву ў Відзах і мноства іншых пабудоваў на Віленшчыне і ў Вільні, дзе назаўсёды атабарыўся ў 1922 годзе.

Калегі і вучні ведалі яго як зацятага беларускага незалежніка, які калісьці, жывучы ў Менску, рэгулярна завітваў у “Беларускую хатку”, а пазьней выконваў абавязкі прадстаўніка БНР у Варшаве. Свае прыхільнікі былі і ў Лявона-літаратара, аўтара вострых і дасьціпных паэтычных твораў, сярод якіх вылучаецца байка “Цягне воўк — пацягнуць воўка”.

Яшчэ адзін штрых да партрэту Вітан-Дубейкаўскага: празь некалькі гадоў пасьля сьмерці свайго нарачонага Івана Луцкевіча Лявонавай жонкаю стала Юліяна Мэнке, віленская немка, якая ўдзельнічала ў беларускім руху і, перажыўшы мужа, прысьвяціла яму напісаную па-беларуску пад псэўданімам Кветка Вітан кнігу ўспамінаў, што пабачыла сьвет у 1954 годзе у Нью-Ёрку. Тамсама, дарэчы, зьберагаюцца і многія рукапісы Дубейкаўскага.
XS
SM
MD
LG