Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільнікаў і праціўнікаў эўраінтэграцыі ў Беларусі пароўну


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менску праходзіць канфэрэнцыя ў пытаньні стасункаў Беларусі з Эўразьвязам. Гэта супольны праект Эўрапейскай камісіі (праграмы TAСІS) і Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, што месьціцца ў Літве. Сёньня ўдзельнікі канфэрэнцыі абмяркоўвалі выбар шляху Беларусі й яе геапалітычныя арыенціры.

Сёньня ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры на запрашэньне кіраўніка групы незалежных экспэртаў Алега Манаева сабраліся беларускія палітыкі, палітолягі, грамадзкія дзеячы і журналісты. Прысутнічалі і кіраўнікі замежных дыпляматычных місіяў: Вялікабрытаніі — Браян Бэнэт, Швэцыі — Стэфан Эрыксан, Чэхіі — Уладзімер Румл, а таксама дыпляматы шэрагу іншых краінаў.

Удзельнікаў канфэрэнцыі віталі намесьнік амбасадара Нямеччыны Фрыд Нільсэн, прафэсар Алег Манаеў, нямецкая дырэктарка адукацыйнага цэнтру Астрыд Зам, а таксама кіраўнік офісу TAСIS у Беларусі Яніс Айзсалніекс.

Айзсалніекс: “Сёньня я хачу скарыстаць магчымасьць, каб нагадаць, як вялікая Эўропа разглядаецца Эўразьвязам і якая гісторыя ды пэрспэктывы гэтай канцэпцыі. У 2002 годзе старшыя Эўракамісіі Рамана Продзі акрэсьліў агульную канцэпцыю дачыненьняў Эўразьвязу з новымі суседзямі й назваў яе “Вялікая Эўропа”.

Пра стасункі Эўразьвязу зь Беларусьсю ў рамках гэтай праграмы добрасуседзтва й вялася гутарка на канфэрэнцыі. Адны выступоўцы адзначалі, што ў Эўразьвязу ёсьць прадуманая стратэгія ў справе Беларусі. Праўда, пакуль што яна рэалізоўваецца ў санкцыях супраць уладаў і падтрымцы грамадзянскай супольнасьці. Іншыя ж сьцьвярджалі, што гэтая праграма абсалютна не прыдатная да цяперашняй Беларусі.

Прафэсар Алег Манаеў прывёў некаторыя вынікі апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў. Абвастрэньне дачыненьняў з Расеяй не паўплывала на павелічэньне прыхільнікаў эўраінтэграцыі. І прыхільнікаў, і праціўнікаў гэтага працэсу ў Беларусі аднолькавая колькасьць — 36%.

63% апытаных з задавальненьнем глядзелі б незалежны тэлеканал, які неўзабаве пачне вяшчаць на Беларусь з Польшчы.

Дыскусію выклікаў выступ кіраўніка аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі, які даводзіў, што Беларусі лепей у Эўразьвяз не імкнуцца, бо гэта не прынясе выгады. А былы міністар замежных справаў Пятро Краўчанка казаў, што Беларусь у пэрспэктыве далучыцца да Эўразьвязу, але цяпер варта захоўваць вайсковы саюз з Расеяй.

Прадстаўнікі ўлады на канфэрэнцыі не прысутнічалі.

Гл.таксама: Якія шанцы Беларусі ўступіць у Раду Эўропы?
XS
SM
MD
LG