Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску аб''явілі эпідэмію грыпу


Радыё Свабода За апошнія трое сутак у сталіцы колькасьць захворваньняў на грып і вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі ў тры разы перавысіла норму. Галоўны санітарны лекар Фёдар Германовіч падпісаў указ аб увядзеньні ў Менску захадаў супраць эпідэміі грыпу. На мінулым тыдні эпідэмію абвясьцілі ў Гомелі і Маладэчне. Чым адметны сёлетні грып і як засьцерагчыся ад хваробы?

Пакуль што беларускія дактары ня выдзелілі сёлетні вірус грыпу, так званы штам. Але, мяркуючы з досьведу краінаў-суседак, дзе эпідэмія пачалася раней, нечаканасьцяў ня будзе, кажа старшы навуковы супрацоўнік Навукова-дасьледчага інстытуту мікрабіялёгіі Натальля Грыбкова.

Грыбкова: “Сёлета эпідэмія выклікаецца штамамі, вельмі падобнымі да вакцынных штамаў. Ніякіх навінак, нечаканасьцяў у пляне вірусалёгіі няма. Ідуць звычайныя штамы вірусаў тыпу А і В”.

Лекар-інфэкцыяніст, кандыдат мэдычных навук Мікола Галабародзька раіць тым, хто не зрабіў прышчэпкі, тэрмінова прышчапіцца.

Галабародзька: “Я ўвогуле за прышчэпкі. Для такіх інфэкцыяў, як грып, гэта адзіная мажлівасьць і кантраляваць эпідэмію ў такім глябальным папуляцыйным маштабе, і дапамагчы сабе індывідуальна. Канечне, іх трэба рабіць раней, да таго, як пошасьць пачнецца. Але ня позна і цяпер, таму што адпорнасьць, імунітэт фармуюцца праз тры тыдні пасьля таго, як зробіш прышчэпку. А самыя цяжкія выпадкі грыпу назіраюцца на сконе эпідэміі. Таму прышчэпкі рабіць варта”.

Дактары кажуць, што эфэктыўныя ўсе вакцыны — і эўрапейскай вытворчасьці (“Інфлювак”, “Ваксігрып”, “Флюарыкс”), і расейскія, кшталту “Грыполу”. Каштуюць яны ад 5 да 10 даляраў. Безумоўна, лепш выдаткаваць гэтыя грошы цяпер, на прафіляктыку, чым потым — на лекі й працэдуры.

Але калі вы ўжо адчулі першыя прыкметы хваробы, лекар-інфэкцыяніст Мікола Галабародзька дае параду:

Галабародзька: “Ёсьць супрацьвірусныя прэпараты, якія эфэктыўна дзейнічаюць у першы дзень разьвіцьця грыпу — “Рэмантадзін”, ёсьць яшчэ новы прэпарат супраць грыпу — “Азэльтамівір” (гандлёвая назва “Тамі Флю”), дзейнічае і на вірус звычайнага грыпу, і на птушыны грып”.

Што да працягласьці эпідэміі і некаторых асаблівасьцяў грыпу, мікрабіёляг Натальля Грыбкова кажа:

Грыбкова: “Звычайная эпідэмія доўжыцца пяць-шэсьць тыдняў. У гэты час людзі павінны быць вельмі асьцярожныя, таму што перахварэўшы, да прыкладу, на вірус А, можна заразіцца вірусам В і захварэць яшчэ раз. За пэрыяд эпідэміі чалавек можа хварэць на грып тры разы”.

Мэдыкі раяць таксама не забывацца на традыцыйныя сродкі засьцярогі ад грыпу: добры настрой, здаровы лад жыцьця, ужываньне полівітамінаў, адаптагенаў (элеўтэракоку, жэньшэню), мёду, малінавага сочыва.

Гл.таксама: У Беларусі пачалася эпідэмія грыпу Гомель: школьнікі зноў на вакацыях з-за грыпу
XS
SM
MD
LG