Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці: Аляксандар Шавель


Валянціна Аксак, Менск Жалобная вестка прыйшла зь мястэчка Бяроза, што на Берасьцейшчыне, — дэмакратычная грамадзкасьць рэгіёну страціла праваабаронцу Аляксандра Шавеля. Пасьля цяжкае і працяглае хваробы ён памёр 21 лютага на 58-м годзе жыцьця.

Аляксандар Шавель нарадзіўся 14 верасьня 1949 году ў вёсцы Дразды Стаўпецкага раёну Меншчыны ў сям’і вясковых інтэлігентаў. Пасьля заканчэньня юрыдычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту быў разьмеркаваны ў Бярозу. Там і прайшло ўсё ягонае працоўнае жыцьцё.

Пра свайго сябра і паплечніка ў Партыі БНФ і мясцовай суполцы незарэгістраванага праваабарончага цэнтру “Вясна” гаворыць рэдактар грамадзка-палітычнага бюлетэню “Бярозаўскі венік” Тамара Шчапёткіна:

Шчапёткіна: “За яго погляды яму не знайшлося ў дзяржаўнай сыстэме месца, і ён стаў юрыстам-праваабаронцам. Усе цяжкія складаныя справы ён браў на сябе, увесь людзкі боль.

Ён ня проста даваў парады, ня проста афармляў юрыдычныя дакумэнты, ён хадзіў у суды разам з тымі, хто быў пакрыўджаны сыстэмай. Да яго зьвярталіся людзі з Івацэвічаў, зь Белаазёрску, з Драгічына. Ён быў вельмі высакаклясны юрыст, таму часта яны перамагалі ў судах у барацьбе з чыноўнікамі”.

Бярозаўцы гавораць пра Аляксандра Шавеля, што ён дапамагаў людзям да апошняга дня свайго жыцьця, ужо ведаючы пра цяжкую хваробу. Слова разьвітаньня сябры і паплечніка Сержука Русецкага:

Русецкі: “Прафэсіянал і юрыст са шматгадовым стажам, ён, на маю думку, не любіў канфліктаў, а дамагаўся праўды рацыянальнымі довадамі і канкрэтнымі пунктамі артыкулаў законаў і кодэксаў. Амаль да апошняга да яго ішлі па юрыдычную дапамогу людзі.

Суседка, якой ён дапамог адстаяць працоўнае месца ў вэтэрынарнай лякарні і якая, змагаючыся з начальствам, што хавала ў раёне хворую на леўкоз і сухоты жывёлу, амаль штодня шукала яму падтрымку, каб не зьняверыцца. Дзядуля, якому на працягу некалькіх гадоў ніяк не ўдаецца ўладкаваць канфлікт зь сястрой аб падзеле бацькоўскага дому і зямлі вакол яго... Ён любіў гісторыю, быў агностыкам і ня верыў у Бога. Я таксама ня веру, што яго ўжо няма разам з намі”.

Аляксандар Шавель будзе пахаваны 23 лютага на Бярозаўскіх гарадзкіх могілках. У яго засталіся дачка Таня, сын Юра і чацьвёра ўнукаў.
XS
SM
MD
LG