Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<B>Анатоль Лябедзька: “Я не хачу, каб Мілінкевіч ператвараўся ў інструмэнт стварэньня “Хартыі №2”


Радыё Свабода Сёньня цягам гадзіны лідэр АГП Анатоль Лябедзька адказваў на тэлефонныя і электронныя пытаньні слухачоў "Свабоды". Цалкам гэтая размова прагучыць у заўтрашнім эфіры. Тут прапануем адзін яе фрагмэнт.

Віталь Макаранка, лідэр магілёўскай гарадзкой арганізацыі БНФ запытаўся:

“Прайшла інфармацыя, што “Хартыя” зьвярнулася да Мілінкевіча або Мілінкевіч да “Хартыі”. Вось такі альянс нейкі праглядаецца. Можаце пракамэнтаваць?”

Лябедзька: “Тое, што людзі з “Хартыі” падтрымліваюць Мілінкевіча, гэта добра. Але я асабіста не хацеў бы, каб Аляксандар Мілінкевіч ператвараўся ў інструмэнт стварэньня чаго-небудзь накшталт "Хартыі" нумар два. Хай не крыўдуюць радыёслухачы за выкарыстаньне тэрміна “інструмэнт”, бо падчас кангрэсу Алесь сам гаварыў: ён – толькі інструмэнт для вырашэньня тых ці іншых мэтаў і задачаў. Але ўзьнікае пытаньне: а ў чые рукі трапляе гэты “інструмэнт”? Баюся, што калі зараз уся энэргія пойдзе на стварэньне нейкай нямоцнай кааліцыі, дзе справы будуць вырашаць пяць-шэсьць, можа, разумных, выбітных людзей, то як гэта будзе працаваць на нашы агульныя інтарэсы? Ёсьць небясьпека, што мы можам стварыць дэмакратычную вэртыкаль зь лідэрам, які мае ня толькі шырокія паўнамоцтвы, але й моцную залежнасьць ад свайго атачэньня. Я не хацеў бы, каб такое адбылося ў Беларусі”.

Пытаньне з Гомелю: “Дайшлі чуткі, што ў Вашынгтон вы леціце безь Мілінкевіча. Чаму?”

Лябедзька: “Так, насамрэч чакаўся візыт дэлегацыі на чале з Аляксандрам Мілінкевічам у Вашынгтон. Там заплянаваны сустрэчы на вельмі высокім узроўні. Але апошнім часам Алесь Мілінкевіч, не кансультуючыся ні з кім з нас, фактычна вылучыў ультыматум: ён паедзе туды толькі пры ўмове ўводу ў дэлегацыю яшчэ дзьвюх дадатковых асобаў. Адна зь іх прадстаўляе тую ж самую “Хартыю”. Перамовы ішлі доўга і завяршыліся нічым. Магчыма, Мілінкевіча не задавальняе фармат сустрэчаў з удзелам Вячоркі, Калякіна, Ірыны Казулінай, Лябедзькі? Хутчэй за ўсё, у выніку могуць быць нейкія дзьве паездкі, але абсалютна не на тым узроўні, на якім можна было адстойваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Я вельмі шчыра шкадую аб гэтым. Бо трэба ўсё ж такі падымацца над нейкімі разыходжаньнямі”.
XS
SM
MD
LG