Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Адмова Аляксандра Мілінкевіча ад удзелу ў Кангрэсе дэмсілаў – гэта трагічная памылка"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 22 лютага. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22-24.

Спадар: “Аляксандр Мілінкевіч, Ваша адмова ад удзелу ў Кангрэсе дэмсілаў – гэта трагічная памылка, бо Кангрэс – гэта вышэйшы орган аб’яднанай апазыцыі. Успомніце, хто ведаў Вас да 2005 году? У маштабах краіны практычна ніхто. Але пасьля Вашага ўдзелу ў Першым кангрэсе дэмсілаў Вы сталі найбольш вядомым і ўплывовым апазыцыйным лідэрам агульнанацыянальнага маштабу. Той Кангрэс даў Вам ня толькі вядомасьць і ўладу, але і , гэта вельмі важна, Вашу легітымнасьць для ўсяго сьвету як правадыра беларускай апазыцыі, як адзінага кандыдата на выбарах прэзыдэнта. Але пасьля выбараў прайшоў ужо год. Вы ня можаце і надалей называцца “кандыдатам” на прэзыдэнта. Але калі Вы лічыце сябе правадыром, здольным прыцягнуць і павесьці ўвесь беларускі народ да дэмакратычных ператварэньняў, Вам ня трэба ўхіляцца ад Другога кангрэсу дэмсілаў. На ім Вы павінны даць справаздачу перад народам, які аказаў Вам давер, пра зробленую Вамі працуы. А падчас наўпроставай і галоснай дыскусіі зь лідэрамі партыяў даказаць усім дэлегатам кангрэсу, усяму народу, сьвету, што Вы па ранейшаму лепш за іншых адпавядаеце ролі агульнанацыянальнага дэмакратычнага лідэра. Бяз гэтага Вы ня зможаце заставацца легітымным ў гэтай ролі. Акрамя таго, Ваша цяперашняе рашэньне не стасуецца з тым, што Вы казалі раней. І ў Беларусі, і за мяжой Вы заклікалі апазыцыю да аб’яднаньня, да кансалідацыі ўсіх дэмакратычных сілаў. А сёньня Вы самі расколваеце апазыцыю. Гэта спрыяльна для беларускага рэжыму. Памятаеце “падзяляй і валадар”? А напрыканцы хачу Вам нагадаць: двух правадыроў не бывае. З Вамі ці без Вас Кангрэс адбудзецца, і лідэр будзе абраны. І менавіта ён будзе легітымным, менавіта ён будзе мець права прадстаўляць перад усім сьветам апазыцыю Беларусі і гаварыць ад яе імя. Заклікаю Вас, пакуль яшчэ ня позна, зьмяніць Ваша рашэньне і прыняць удзел у Кангрэсе дэмакратычных сіл.Дзякуй”.

Анатоль, Гомель: “Наконт таго, ці адчуваю я сябе эўрапейцам. Цяжка адказаць на гэта пытаньне. Яно падаецца простым, але насамрэч яно вельмі складанае. З гледзішча геаграфіі тут вельмі проста– так, мы эўрапейцы. Але па якіх іншых крытэрах мы павінны ацэньваць сябе як эўрапейцы? Я лічу галоўным крытэрам, на які нам патрэбна было б зьвярнуць увагу ў першую чаргу, адчуваньне сваіх правоў і абавязкаў. Ці адчуваем мы сябе ў гэтым пляне, як эўрапейцы, ці не? І тут трэба адказаць толькі адмоўна. Таму што адстойваць свае правы сабе даражэй будзе – так кажуць многія беларусы. І я сказаў бы, нават большасьць. Гэта -- рабская прымаўка! Хіба гэта падобна да эўрапейцаў?! Эўрапеец тым і адрозьніваецца, што разумее свае правы, чалавечыя правы. І абавязкі свае ён таксама разумее. І ён змагаецца за свае правы паўсюль, дзе толькі можна. Нават Эўразьвяз ствараецца ня так проста, таму што эўрапейцы разумеюць, што гэта зьвязана зь іх правамі. Ня толькі абавязкі, але і правы. Адчуваньне нашых чалавечых правоў зьнішчанае ня толькі царызмам. Бальшавізм зрабіў яшчэ больш. Гэта трэба ўцяміць, каб адрадзіць тое, што было звычайным для беларусаў часоў Францыска Скарыны.”.

Тадэвуш Усьціцкі, Маладэчна: “Я надта ўзрушаны і абураны тым, што ў Кобрыне будзе пабудаваны храм у гонар ката беларускага народа Аляксандра Суворава. Горшага нельга было прыдумаць.”

Анастас Семяновіч: “Што можна сказаць наконт будаўніцтва храма Сувораву ў Кобрыне? Гэта вялікая памылка праваслаўнай царквы і лукашыстаў. А чаго можна чакаць ад іх у дадзены момант? Калі зьменіцца ўлада ў Беларусі, народ будзе патрабаваць у царквы аддзяленьня ад Расеі. Прыклад – Украіна. Гэты храм, я думаю, прыладкуюць для гаспадарчых патрэбаў горада. Пры дадзенай уладзе няхай лукашысты будуюць хоць сотні храмаў былым бальшавікам, якія вынішчалі дзесяткі і дзесяткі мільёнаў ні ў чым не вінаватых людзей. Жыве Беларусь!”

Аляксандр Лапіцкі, старшыня менскага гарадзкога грамадзкага аб’яднаньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў: “Праз Радыё Свабода зьвяртаюся да ўсіх амбасадараў у Рэспубліцы Беларусь аказаць узьдзеяньне на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку, каб ён спыніў перасьлед самай праўдзівай газэты “Народная Воля,” якая нясе людзям сьвятло і надзею на аднаўленьне дэмакратыі ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG