Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Палітычная рада дэмсілаў шукае кампрамісу


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня адбудзецца паседжаньне Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў, якое павінна вынесьці рашэньне адносна сытуацыі, што склалася вакол Кангрэсу, прызначанага на сакавік гэтага года. На мінулым пашыраным паседжаньні Палітычнай рады з удзелам грамадзкасьці абмеркавана сытуацыя ў кааліцыі і прапанова старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі “Кампраміс дзеля адзінства”.

Нагадаем, Аляксандар Мілінкевіч адмовіўся ад удзелу ў сакавіцкім кангрэсе дэмсілаў. Мілінкевіч мяркуе, што такі кангрэс прывядзе да разьяднаньня апазыцыі.

Пасьля гэтага старшыня Партыі БНФ спадар Вячорка заклікаў Аляксандра Мілінкевіча і лідэраў дэмакратычных партыяў падпісаць да 25 лютага дамову пад назвай “Кампраміс дзеля адзінства”. Паводле спадара Вячоркі, гэта дазволіць захаваць адзінства і эфэктыўна выкарыстаць патэнцыял Аляксандра Мілінкевіча.Лідэр Партыі БНФ прапануе правесьці чарговы кангрэс дэмакратычных сілаў сёлета ў траўні й абраць старшынём Палітычнай рады Аляксандра Мілінкевіча.

Пасьля паседжаньня старшыня палітрады Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што сябры Палітрады засталіся на сваіх пазыцыях. Ён таксама сказаў, што “выхад з крызысу цалкам магчымы, калі большасьць будзе канструктыўна падыходзіць да крызысу”.

Напярэдадні Саюз левых партыяў (ПКБ, БСДП (Грамада) і Беларуская партыя жанчынаў “Надзея”) выступіў супраць пераносу кангрэсу дэмсілаў.

Сябры Эўрапейскай кааліцыі прапануюць правесьці кангрэс перад парлямэнцкімі выбарамі.

Таксама застаюцца спрэчкі адносна зьместу меркаванага кангрэсу. Спадар Мілінкевіч прапануе разгледзіць на ім пытаньне лідэра з шырокімі паўнамоцтвамі. Лідэр ПКБ Сяргей Калякін прапануе абраць 5 сустаршыняў і былога кандыдата на прэзыдэнта. Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка прапануе выкарыстаць патэнцыял Аляксандра Мілінкевіча і абраць яго сьпікерам кааліцыі. Раней была пастанова Палітрады аб ратацыі лідэраў кааліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG