Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі сьвет па-за межамі Беларусі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае гісторык Алег Гардзіенка Эфір 22 лютага 2007 году

Слухаць:

Жыхары амэрыканскага гораду Саўт-Рывэр, што ў штаце Нью-Джэрзі, расказвалі такі выпадак. У пачатку 1950-х гадоў у Саўт-Рывэр з Бразыліі перабралася адна расейка. Яна даведалася, што ў горадзе ёсьць праваслаўная царква Сьвятых. Пятра і Паўла. Узрадавалася, што пачуе там роднае, – натуральна, расейскае – слова. Пайшла ў царкву. Зьвярнулася зь нечым да сваіх нібыта суродзічаў, а яны ў адказ ёй на чыстай беларускай: “Мы не разумеем, што вы нам кажаце”. І пабеглі да эмігрантаў новай хвалі, сярод якіх было нямала інтэлігентаў: “Мы не разумеем на якой мове яна гаворыць”. Тыя паслухалі і кажуць: “Яна гаворыць на чыстай расейскай”. “Як на чыстай расейскай? Не, гэта мы па-расейску гаворым, а яна на невядома якой”. І новыя эмігранты растлумачылі, што тая цётка гаварыла па-расейску, а яны па-беларуску.

...Беларусы сталі сяліцца ў Саўт-Рывэры ад пачатку ХХ стагодзьдзя, і ўжо да пачатку 1940-х гадоў іх там было некалькі сотняў. Але тыя беларусы зусім не лічылі сябе беларусамі, хоць і размаўлялі на роднай мове. Калі яны былі праваслаўнымі, яны ўважалі сябе за рускіх, калі каталікамі – за палякаў.


Вячаслаў Ракіцкі: “Калі і ў зьвязку з чым упершыню беларусы пачалі пакідаць бацькаўшчыну?”

Алег Гардзіенка: “У ХХ стагодзьдзі Беларусь зьведала тры магутныя эміграцыйныя хвалі. Першая хваля пачалася яшчэ пры канцы ХІХ стагодзьдзя, калі людзі беглі з заходніх абшараў Расейскай імпэрыі ад сацыяльнай неўладкаванасьці, эканамічнай нэндзы хто куды, часьцей на Захад. Расейская статыстыка дае лічбу ў паўтара мільёны чалавек, што пакінулі краіну ў 1899-1914 гадох. Натуральна, што частка вярталася, зарабіўшы грошай. Але большасьць заставалася ў вольным сьвеце”.

Ракіцкі: “Вы сказалі, што паўтары мільёны чалавек пакінулі расейскую шматнацыянальную імпэрыю. Якія нацыі найперш уцякалі і якое месца сярод іх займалі беларусы?”

Гардзіенка: “Амаль палову (46%) складалі габрэі, зьяжджалі палякі, літоўцы, немцы, расейцы. Апошняе слова падкрэсьлім, бо зь ліку расейцаў большасьць складалі беларусы і ўкраінцы. Найбольшая эміграцыя акурат закранула беларускія і ўкраінскія землі. Паводле расейскай статыстыкі, гэтак званых расейцаў – рускіх, беларусаў, украінцаў – асела ў ЗША недзе пад 200 тысяч чалавек. Уласна рускіх зь іх было меней. Можна лічыць, што беларусаў было 100 тысяч”.

Ракіцкі: “Якім быў сацыяльны склад тых першых беларускіх эмігрантаў?”

Гардзіенка: “Гэта былі малазямельныя сяляне, эканамічныя эмігранты, якія былі абсалютна нацыянальна не сьвядомыя. І гэтыя 100 тысяч амаль нічым сябе ня выявілі. Тое ж тычылася эміграцыі ў той час у Канаду і Аргентыну”.

Ракіцкі: “А калі пачалася палітычная эміграцыя?”

Гардзіенка: “У 1920-1930-ыя гады. Гэта – другая хваля беларускай эміграцыі. Тут некалькі дзясяткаў чалавек прадстаўлена палітыкамі, пераважна дзеячамі Рады БНР, якія або ўцякалі ад бальшавікоў, або не хацелі вяртацца ў Савецкую Беларусь. Тут мы можам гаварыць пра фэномэн “беларускай Прагі”, як у першай палове 1940-х пра фэномэн беларускага Бэрліну. Яе характэрныя рысы: кіраўнікі БНР разам з праскімі вну, якія прымалі на вучобу заходнебеларускіх сялянаў. Таму ў Празе і засноўваюцца першыя беларускія арганізацыі, выдаецца прэса. На жаль, паняцьце “беларуская Прага” было зьнішчанае нямецкай, а затым і савецкай акупацыяй. Гэтаксама, як і “беларускі Бэрлін”.

Ракіцкі: “Хіба ў гэты час беларускія эмігранты спрэс сябе называюць беларусамі? Эканамічныя ўмовы ў савецкай Беларусі былі жахлівыя, і зноў, як з царскай Расеі, на Захад беглі сяляне... Ці можна ў такіх умовах гаварыць болей-меней дакладна пра колькасьць беларускіх уцекачоў?”

Гардзіенка: “Тады беларусы ў статыстыку ня ўносіліся. Але польскія крыніцы, пішучы пра эміграцыю ў 1926-1938 гадох з “усходнепольскіх” зямель, разам аб’ядноўвалі ўкраінцаў і беларусаў. Паводле гэтых дасьледаваньняў, у згаданы пэрыяд з Польшчы выехала 230 тысяч беларусаў і ўкраінцаў. Беручы пад увагу колькасьць насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны і тэмпы плыняў эміграцыі, можна лічыць, што беларусы складалі траціну. Гэта значыць, Заходнюю Беларусь у гэты пэрыяд пакінулі 70-75 тысяч чалавек”.

Ракіцкі: “Куды яны найперш ехалі і чаму?"

Гардзіенка: “У Канаду і Аргентыну, бо там бясплатна даваліся землі пад калянізацыю -- 60-70 гектараў. Амаль па 50 тысяч чалавек з Украіны і Беларусі зьехалі. Так і была заселеная каляністамі Заходняя Канада. Ехалі таксама ў блізкую Латвію. Таксама на працы на пяць гадоў выяжджалі ў Францыю, а пасьля вярталіся”.

Ракіцкі: “Вы ўвесь час узгадваеце разам зь беларусамі ўкраінцаў. Мы добра ведаем, што ўкраінская дыяспара на Захадзе моцная. А ці цягнуліся адзін да аднаго беларускія землякі? Ці ўтваралі нейкія суполкі? Калі так, дык на якой падставе? Што іх збліжала?”

Гардзіенка: “Вы слушна сказалі пра землякоў. Яны хутчэй стваралі зямляцкія суполкі, не беларускія. І гэтыя людзі, якія эмігравалі з Усходняй Польшчы – Заходняй Беларусі, былі малазямельныя (інакш не паехалі б) і адпаведна пакрыўджаныя на польскую ўладу. А галоўны апанэнт польскай улады была савецкая прапаганда. І вось – парадокс. У Аргентыне і Канадзе яны стваралі арганізацыі выхадцаў з СССР. І да вайны, і пасьля вайны. Беларусы, якія бралі удзел у заходнебеларускім камуністычным руху і Грамадзе, у Канадзе склалі Фэдэрацыю рускіх канадцаў. І калі прыехала пасьляваенная эміграцыя, яны вельмі варожа ставіліся да беларусаў, якія лічылі сябе рускімі”.

Ракіцкі: “І калі ўзьнікае тое, што называецца дыяспарай?”

Гардзіенка: “Беларускі сьвет за мяжой, зь беларускімі арганізацыямі, газэтамі, кнігадрукам, стварыла трэцяя хваля беларускай эміграцыі -- гэтак званая ваенна-палітычная хваля 1944 году. Гэта значыць, тыя, хто працаваў у пару фашысцкай акупацыі ў беларускай адміністрацыі, служыў у паліцыі, Краёвай абароне, быў у Саюзе беларускай моладзі, вучыўся ў беларускіх школах. Гэтыя людзі адчулі сябе беларусамі. У 1944 годзе гэтыя людзі, разумеючы небясьпеку, пакінулі Беларусь, а потым на пяць год “завісьлі” ў лягерах для перамешчаных асоб у Нямеччыне. Ужо там іхныя дзеці вучыліся ў беларускія школах і гімназіях, бралі ўдзел у скаўтынгу, што таксама паўплывала на іх беларускі сьветапогляд. І ўсе яны прыехалі ў новыя краіны з акрэсьленым нацыянальным і антыкамуністычным сьветаглядам”.

Ракіцкі: “Ці лічыцца беларуская дыяспара вялікай і трывалай у параўнаньні з дыяспарамі іншых нацыяў?”

Гардзіенка: “Беларусь мяжуе з трыма краінамі, выхадцы зь якіх утварылі дыяспары, што ўваходзяць у дзясятку найбольшых дыяспараў сьвету, --: Украінай, Польшчай, Расеяй. І беларусы пастаянна траплялі ў сфэру іхнага ўплыву. Але і саміх украінцаў, палякаў, расейцаў значна больш. Чым беларусаў. Таму параўноўваць у колькасным пляне беларускую дыяспару зь іхнымі не зусім карэктна. Нашу дыяспару можна параўноўваць з латыскай, чэскай ці славацкай дыяспарамі”.

Ракіцкі: “А што было б, каб у 1944 годзе не эмігравала гэтая ваенна-палітычная хваля, ці іх дзеці?”

Гардзіенка: “Я думаю, што не было б гэтага беларускага сьвету за мяжой, а ад тых людзей, што эмігравалі ў 20-30-я гады мінулага стагодзьдзя, засталіся б толькі беларускія прозьвішчы. Тыя ж, хто не эміграваў бы ў 1944 годзе, у лепшым выпадку, апынуліся б ў Сыбіры. Вітаўт Кіпель некалі на пытаньне, чаму ён выехаў у 1944 годзе, сказаў наступнае: асабліва выбару не было, або эміграцыя, або Сыбір. Таксама мог пагражаць і расстрэл. А так Вітаўт Кіпель выехаў у 1944 годзе і стаў адным з найвыбітнейшых дзеячаў, сабраў разам з жонкай Зорай Кіпель найбагацейшую калекцыю беларускіх друкаў”.

Ракіцкі: “А ці былі выпадкі, калі людзі той хвалі вярталіся на радзіму?”

Гардзіенка: “Натуральна, былі. Яскравы прыклад -- пісьменьнік Тодар Лебяда (Пётра Шаракоў), аўтар вершаў ды драмы пра сталінскія рэпрэсіі “Загубленае жыцьцё”. У 1945 годзе ён вярнуўся ў Беларусь. Здаецца, ён шукаў жонку дый паверыў савецкай прапагандзе. І што зь ім сталася? Яму далі 25 гадоў лягераў. Ён адседзеў 11 гадоў. У 1956 годзе ён, паводле амністыі, выйшаў на волю. У Беларусь яму было вяртацца нельга, памёр у Разанскай вобласьці, забыты ўсімі і закінуўшы пісаньне. Відаць, па-іншаму склаўся б ягоны лёс, каб ён усё ж прыняў рашэньне застацца на Захадзе. Магчыма, там ён і не знайшоў бы інтэлектуальнай працы, але і пажыў бы больш часу, і зарабіў грошай і сабе і дзецям, і ніхто б не забараняў пісаць. Я думаю, што на эміграцыі ён выпусьціў бы і зборнікі сваіх твораў”.

Ракіцкі: “Дык які даробак беларускай эміграцыі для Беларусі і беларусаў?”

Гардзіенка: “Гэта – больш за дзесятак цэркваў на эміграцыі. Гэта – Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Гэта -- Беларуская бібліятэка ў Лёндане. Урэшце -- беларускія нэкропалі. А таксама 4500 кнігаў, брашураў, зваротаў, выпушчаных на эміграцыі. Але найбольшая важнасьць эміграцыі 1944 году ў тым, што яна падрыхтавала глебу для прызнаньня Беларусі заходнім сьветам у 1991 годзе”.

Ракіцкі: А ці была магчымасьць для беларускіх эмігрантаў не эміграваць?

Гардзіенка: “Для палітычнай эміграцыі мусіла быць адна вельмі важная ўмова, але яна невыканальная. Гэта – каб у 1918 годзе рэальна адбылася Беларуская Народная Рэспубліка, змагла сябе бараніць, каб разьвівалася як незалежная дзяржава і каб зноў жа ў 1939-м годзе і пачатку 1940-х гадоў магла сябе абараніць. І, натуральна, каб сюды не прыйшлі бальшавікі. Толькі ў такім выпадку не было б палітычнай эміграцыі”.

Ракіцкі: “Беларусы зноў пакідаюць краіну. Хтосьці едзе вучыцца, хтосьці -- па заробкі, а хтосьці -- ад страху патрапіць за краты паводле перакананьняў. І такія працэсы ў сучасным сьвеце не заўсёды называюць эміграцыяй. А, прыкладам, міграцыяй працоўнай сілы. Як вы вызначаеце гэты працэс адносна Беларусі? Ці можна гэты працэс назваць новай хваляй эміграцыі?”

Гардзіенка: “Я думаю, што хваляй назваць можна, таму што, паводле афіцыйных зьвестак, Беларусь штогод пакідаюць каля 15 тысяч чалавек. Але абсалютная большасьць -- гэта ці эканамічная эміграцыя, ці выезд моладзі на вучобу. Палітычных эмігрантаў – адзінкі ці дзясяткі”.

Ракіцкі: “І апошняе пытаньне. Зірнем на найноўшую гісторыю Беларусі. Маю на ўвазе тую гісторыю, якая пачалася на мяжы 1980-х і 1990-х гадоў. Ці былі нейкія ўмовы дзеля таго, каб раз і назаўсёды, або хоць на найбліжэйшую пэрспэктыву запабегчы эміграцыі?”

Гардзіенка: “Эканамічнай эміграцыі можна запабегчы толькі тады, калі будуць створаныя ўмовы для прыстойнага жыцьця. Палітычнай эміграцыі – тады, калі Беларусь стане дэмакратычнай краінай. Сёньняшняя беларуская эміграцыя актывізаваная “дзякуючы” сёньняшняму рэжыму ў Беларусі. Пакуль будуць у краіне палітычныя вязьні, пакуль будуць парушацца правы чалавека, пакуль ня будзе зьвяртацца ўвага на беларускую мову, культуру, гісторыю будзе існаваць эміграцыя, Існаваць актыўна. Яна будзе пісаць адозвы, заклікі, будзе зьвяртацца ў міжнародныя арганізацыі, да ўрадаў краінаў сьвету, каб прыцягнуць увагу да гэтых праблемаў. А магло здарыцца і так, што Язэп Сажыч перадаў бы на пачатку 1990-х гадоў паўнамоцтвы Рады БНР тагачаснаму ўраду Кебіча. Вось і не было б сёньня Рады БНР...”
XS
SM
MD
LG