Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камунальныя плацяжы вырасьлі больш, чым абяцаў Лукашэнка


Іна Студзінская, Менск Міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі пацьвердзіла, што тарыфы на платныя паслугі насельніцтву ў студзені зноў павялічыліся. І, калі аналізаваць лічбы, значна больш, чым было абяцана ўрадам і кіраўніком Беларусі. Аляксандар Лукашэнка публічна абяцаў, што рост камунальных плацяжоў цягам 2007 году не перавысіць 5 даляраў. Але ужо ў першы месяц году гэты паказчык перавыкананы.

Тыдзень таму беларусы атрымалі так званыя жыроўкі за студзень. У параўнаньні з папярэднім месяцам сумы павялічылася не менш чым на 10 даляраў. Гаворыць эканаміст, былы кіраўнік гарадзкога ўпраўленьня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Іван Анташкевіч.

Анташкевіч: "У мяне розьніца па квартплаце 27 тысяч. Гэта ужо больш за 10 даляраў. Ясная справа, што улады ня выканаюць абяцанку -- з улікам агульнага фінансавага становішча ў краіне, якое пагоршылася на 5 мільярдаў даляраў ў параўнаньні з 2006 годам. Гэта прыкладна 40 адсоткаў бюджэту краіны. А тое, што адбываецца зараз з паслугамі ЖКГ, то за месяц яны падаражэлі больш, чым было абяцана за год".

У сярэднім рост жыльлёва-камунальных паслугаў у студзені ў параўнаньні са сьнежнем склаў 12 адсоткаў. Электраэнэргія падаражэла на 20%, газ -- на 20, тарыфы на ацяпленьне павялічыліся на 14 з паловай адсоткаў. Сітуацыю ацэньвае эканаміст Леаніда Злотнікаў:

Злотнікаў: "Але ж, я мяркую, гэта не апошняе падаражаньне ў гэтым годзе. Калі кіраўнік дзяржавы казаў пра падвышэньне на 5 даляраў у год, а ў студзені ужо павялічылі на 5--6 даляраў, то гэта азначае, што ўвесь ліміт выбралі. Ужо ў гэтым годзе нельга павышаць тарыфы. Усё, увесь ліміт гадавы выбраны. І кожны месяц мы будзем плаціць, як у студзені".

Карэспандэнтка: "А вы верыце, што ня будзе другога падвышэньня?"

Злотнікаў: "А вось гэтаму я ня веру. Жыцьцё сёлета будзе цяжкае, і для ўраду, і для бюджэту".

Не выказаў аптымізму і эканаміст Іван Анташкевіч:

Анташкевіч: "Я прагназую да лета супэркатастрафічную сітуацыю. Краіна можа дайсьці да таго, што летам пачнуцца агульнафінансавыя збоі, калі парушыцца наагул фінансавае становішча ў сфэры банкаў, могуць адбыцца парушэньні грашова-крэдытных адносін, і тады мы пойдзем да магчымага дэфолту".
XS
SM
MD
LG