Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы — пра суд над абвінавачаным у сэрыйных забойствах


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні адбываецца судовы працэс супраць былога гарадзенскага афіцэра міліцыі Аляксандра Сяргейчыка, якому 37 гадоў. Яго абвінавачваюць, у прыватнасьці, у забойстве дванаццаці чалавек, большасьць зь якіх — маладыя жанчыны. У судзе будуць заслуханы каля сотні сьведкаў. Першыя два дні каля судовага будынку дзяжурыла служба разьмініраваньня, міліцыянты мелі з сабой аўчарку нямецкай пароды.

Што думаюць гарадзенцы наконт падвышаных мераў бясьпекі, самога працэсу і рэпутацыі міліцыі?

Спадар: “Цяжка сказаць, чаго баіцца міліцыя, навошта яны выставілі свае пасты. Ня ведаю, можа яны аберагаюць гэтага чалавека ад тых людзей, якія зь ім зьвязаныя?”

Студэнт: “Не ўяўляю сабе, каб каля суду сапёры і з сабакам. Можа, зьбіраюцца ўзарваць штосьці, і трэба капаць сабе бомбасховішча? За такія злачынствы раней, па-мойму, была “вышка”, расстрэл, а цяпер, здаецца, пажыцьцёвае зьняволеньне. Як на мяне, дык я ня ведаю, як за гэта належыць караць”.

Спадарыня: “На сёньняшні дзень міліцыя й так не зьяўляецца той сілай, якой павінна быць, каб ахоўваць парадак. На жаль, яны страцілі чалавечае аблічча нашмат раней, чымсьці здарыўся гэты выпадак. А ён якраз пацьвердзіць думкі шмат якіх людзей наконт таго, што міліцыя сёньня, на жаль, ня тая, якой павінна быць”.

Маладая спадарыня: “Я думаю, што яны баяцца больш за ўсё сваякоў забітых дзяўчат. У мяне такое ўражаньне, што ў нашым грамадзтве рэпутацыя міліцыі пахіснулася ўжо даўно. Таму што, на жаль, гэта ня першы выпадак, калі міліцыянт аказаўся, можна сказаць, такой пачварай. Таму мне здаецца, што менавіта гэты канкрэтны выпадак аўтарытэт нашай міліцыі ўжо ніяк не пахісьне”.

Малады спадар: “Узровень міліцыі ў маіх вачах нізкі, але ніжэй праз гэты выпадак ён ня стане: сапраўды, знайшлі такога чалавека – і няхай, ня ўвесь жа час такіх знаходзяць”.

Спадарыня: “А я заўжды стаўлюся да міліцыі кепска і бяз гэтага здарэньня з Сяргейчыкам, без такіх забойстваў. Я лічу, што ў нашай міліцыі трэба нешта мяняць абавязкова”.

Малады спадар: “Такая ахова — гэта ўсё несур’ёзна, ім папросту трэба нечым заняць свае службы. А што да рэпутацыі міліцыі ў простага чалавека, дык яна й так вельмі нізкая. Я сумняваюся, што яна пагоршыцца ці палепшыцца пасьля гэтага судовага працэсу”.

Маладая спадарыня: “Рэпутацыя міліцыі ў нашых вачах упала даўно ўжо. А гэтае здарэньне такую рэпутацыю яшчэ раз пацьвярджае”.

Яе сяброўка: “Сапраўды, у чалавека ёсьць псыхічнае адхіленьне. Я думаю, што павінен быць наведзены ў першую чаргу парадак — у пляне мэдычнага абсьледаваньня міліцыі і ўсіх гэтых органаў. А за такое злачынства, я лічу, належыць самая высокая мера пакараньня, якая існуе ў рэспубліцы”.



На здымку: мікрааўтобус міліцэйскіх сапёраў перад будынкам гарадзенскага абласнога суду.


Працэс у Горадні распачаўся 20 лютага, яго ажыцьцяўляе судзьдзя Вярхоўнага суду Аляксандар Райдудзін. У крымінальнай справе 38 тамоў. Працэс закрыты. Раней паведамлялася, што падчас сьледзтва падазраваны прызнаўся ў зьдзейсьненых злачынствах. Паведамляецца таксама, што судова-псыхіятрычная экспэртыза прызнала ў яго наяўнасьць сьвядомасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG