Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах уводзяць абмежаваньні на гандаль


Радыё Свабода У шэрагу абласьцей і раёнаў уводзяцца абмежаваньні на продаж прадукцыі зь іншых рэгіёнаў. Мясцовыя ўлады й вытворцы тлумачаць гэта эканамічнай мэтазгоднасьцю. Прадпрымальнікі й спажыўцы ёй абураюцца.

На Берасьцейшчыне зьмяняюцца гандлёвыя парадкі. Мясцовы аблвыканкам выдаў дакумэнт наконт прыярытэтнага продажу тавараў, якія вырабляюцца ў вобласьці. Ён тычыцца найперш гандляроў-бізнэсоўцаў. Гаворыць выканаўчы дырэктар абласнога Саюзу прадпрымальнікаў Ніна Карпінчык.

Карпінчык: “Прымушаюць прадпрымальнікаў перааформіць абавязковыя асартымэнтныя сьпісы з абавязковым дадаткам прадукцыі айчыннай вытворчасьці, у тым ліку й Берасьцейскай вобласьці. Там указана, колькі павінна быць кавалачкаў мыла ў гандлёвым шапіку, затым прадукцыі Берасьцейскага заводу бытавой хіміі. Яшчэ памады, лакі, касмэтыка – усё тое, што не прадаецца. А калі яго ня будзе ў гандлёвым шапіку, то прадпрымальнік можа пазбавіцца ліцэнзіі. Старшыні шэрагу рынкаў зьбіраліся ў нашым Саюзе і абмяркоўвалі гэтую пастанову. Будзем пісаць ліст на адрас губэрнатара Берасьцейскай вобласьці”.

Так званы гандлёвы сэпаратызм атрымлівае распаўсюджаньне і на раённым узроўні. Зь ім сутыкнуліся, напрыклад, жыхары Чэрыкава, якія паінфармавалі пра гэта рэгіянальную недзяржаўную газэту “Вольны горад”. Рэдактар выданьня Сяргей Няроўны.

Няроўны: “Чэрыкаўскія ўлады не дазваляюць, каб прадаваўся ў Чэрыкаве хлеб з Магілёву й іншых раёнаў. Бо, маўляў, калі дазволіць завоз хлеба з іншых раёнаў, з Магілёўскага хлебазаводу, Чэрыкаўскі хлебазавод ляжа на дно. А гэты чэрыкаўскі хлеб даволі дарагі і няякасны”.

Дырэктар Чэрыкаўскага хлебазаводу Лідзія Каверына пракамэнтавала гэта “Свабодзе” наступным чынам.

Каверына: “Я ня маю такой інфармацыі, што нехта абмяжоўвае. На сёньняшні дзень мы працуем на адной печы. Ёсьць у нас і дыетычны хлеб, і подавы, і нарэзка, і ўпакоўка. Пра якасьць хлеба магу сказаць наступнае. Ёсьць паняцьце густу. Ён у розных людзей розны”.

Тэма прывілеяванага становішча мясцовай прадукцыі надзённая й для Барысава. Гаворыць жыхар гэтага гораду, эканаміст Леў Марголін.

Марголін: “У нас тут прайшла такая інфармацыя, што кіраўнікам гандлёвых прадпрыемстваў забаранілі гандляваць ня толькі прадукцыяй замежнай вытворчасьці, але й той, якая выраблена ў суседніх рэгіёнах. У нас ёсьць Барысаўскі мясакамбінат, дык усім загадана гандляваць прадукцыяй барысаўскага мясакамбінату. Толькі прадукцыяй Барысаўскага малаказаводу. Толькі прадукцыяй барысаўскага хлебазаводу. Усім вядома, што гэты “фэадалізм” ніколі не прывядзе да станоўчых зьменаў. Бо прадпрыемства, калі яго трэба агароджваць ад нейкай такой канкурэнцыі, значыць яно мае праблемы. Але тым, што яго паставіш у цяплічныя ўмовы, гэтыя праблемы ня вырашыш. Яны будуць толькі нарастаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG