Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходні друк: выступ Пуціна ў Мюнхэне – выклік напалову з крыўдай


Тацяна Поклад, Прага Выступ прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна на 43-й Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі – адна з асноўных тэмаў сёняшняй міжнароднай прэсы. На старонках вядучых замежных выданьняў – загалоўкі: “Расейскі мядзьведзь будзе раўсьці, пакуль ня вызваліцца з пасткі” (“The Financial Times”), “Улада і палітыка: мядзьведзь сьціскае кулак” (“The Jerusalim Post”).

Мінула больш за тыдзень ад часу мюнхэнскага выступу Ўладзімера Пуціна (10 лютага 2007 году), ў якім ён заявіў, што ЗША “ўцягнулі сьвет у бездань канфліктаў”, “заахвочваюць распаўсюджваньне зброі масавага зьнішчэньня” і “рэгулярна шантажуюць сваіх суседзяў і маніпулююць імі”, што яны “пераступілі свае нацыянальныя межы ва ўсіх сфэрах”.

Ад таго часу сваё зьдзіўленьне выказала ня толькі дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс. Шакаваныя палітычныя аглядальнікі і палітыкі разважаюць пра значэньне новых формулёвак Пуціна: “Ці не пачатак гэта новай халоднай вайны?”,“Ці не зьвяртаўся Пуцін у сваёй прамове да расейскай аўдыторыі і ці не папярэдзіў такім чынам пра зьмену курса?” – адказы на гэтыя і падобныя пытаньні шукаюць аналітыкі.

“Расея-матухна вярнулася”

“Неспакой выклікалі і зьмест прамовы, і яе тон”, – піша сёньня Эліёт Джагэр у артыкуле “Улада і палітыка: мядзьведзь сьціскае кулак” у газэце “The Jerusalim Post”. “Праз 16 гадоў пасьля распаду Савецкага Саюза Расея-матухна вярнулася, зрабіўшыся мацней, чым калі-небудзь раней была ад часу зьнікненьня імпэрыі... Ізраільскія крыніцы цьвердзяць, што асноўная мэта Масквы ў міжнароднай палітыцы – гэта падтрымліваць залежнасьць міжнароднай супольнасьці ад Расеі.

Расея пастаўляе зброю 61-й краіне. Масква бярэ удзел ва ўсіх магчымых міжнародных форумах, нават мае статус назіральніка ў Арганізацыі ісламскай канфэрэнцыі, падала заяўку на такі ж самы статус у Арабскай лізе”.

Эліёт Джагэр адзначае ў сёньняшняй газэце “The Jerusalim Post”, што Расея зацікаўленая ў міжнародных канфліктных і крызысных сытуацыях, накшталт крызысу вакол іранскай ядзернай праграмы, бо “чым даўжэй будзе цягнуцца крызыс, тым мацнейшымі будуць рычагі ўзьдзеяньня Расеі”.

“Хросны бацька”

Пасьля мюнхэнскага выступу Пуціна перад высокапастаўленымі палітыкамі Амэрыкі і Эўропы часопіс “Time” напісаў, што “Пуцін дэманстраваў дзіўнае падабенства з Майклам Карлеоне, “хросным бацькам”, увасабленьнем прыхаванай пагрозы”.

Эліёт Джагэр у артыкуле у “The Jerusalim Post” адзначае, што “алюзія “Time” адносна Майкла Карлеоне больш чым дарэчы”, таму што ў разнагалосьсях Захаду і Расеі няма нічога асабістага, яны палягаюць толькі ў сфэры бізнэса і палітыкі.

Адно зь вядучых амэрыканскіх выданьняў піша, што Пуціна было б “больш слушна называць не прэзыдэнтам, а “хросным бацькам” Расеі. “The Washington Post” у артыкуле “Дактрына Пуціна: Расея выходзіць зь ценю” адзначае, што, “па сутнасьці, мюнхэнскі выступ Пуціна – гэта сыгнал: Расея выходзіць зь ценю. Маючы вялізарныя прыбыткі ад нафты і газу, маючы ў сваіх руках насамрэч дыктатарскую ўладу і прымусіўшы і расейскія, і заходнія кампаніі капітуляваць і прымірыцца з захопам іх актываў, Пуцін фактычна выступіў з самай гучнай на цяперашні момант дэклярацыяй падрыхтоўкі Расеі да паўторнага выйсьця на сусьветную арэну”.

“Расея выходзіць зь ценю”

Аўтар тлумачыць: некалі савецкі міністар замежных справаў Андрэй Грамыка з гонарам гаварыў пра тое, што ніводны канфлікт нідзе ў сьвеце ня можа быць вырашаны без уліку пазыцыі і інтарэсаў яго краіны. Гэта, бадай, самае трапнае вызначэньне “звышдзяржавы”. Пуцін у часе выступу ў Мюнхэне не хаваў настальгіі па гэтай моцы і па часах “халоднай вайны”, заявіўшы, што тады глябальная бясьпека трымалася “стратэгічнымі патэнцыяламі дзьвух звышдзяржаваў”. Пуцін разумее, што цяпер у Масквы няма ні эканамічных, ні вайсковых, ні нават дэмаграфічных сродкаў, каб, як у савецкія часы, супрацьставіць сябе ЗША. Таму сёньня ён гаворыць пра “кааліцыю незадаволеных”, якую магла б ачоліць Расея”, – піша “The Washington Post”.

Пастка для расейскага мядзьведзя

“Расейскі мядзьведзь прачнуўся. Але Расея не вярнулася да былой велічы. Яна апынулася ў пастцы складанага пераходнага пэрыяду. Пакуль гэта будзе працягвацца, Расея не перастане турбаваць суседзяў і расчароўваць сваіх грамадзянаў”, піша Марцін Вульф у сёньняшняй “Financial Times” у артыкуле “Расейскі мядзьведзь будзе раўсьці, пакуль ня вызваліцца з пасткі”. Паводле аглядальніка, прэзыдэнт Расеі ў Мюнхэне выказаў настроі новай Расеі – выклік напалову з крыўдай.

Для таго, каб паказаць, чым зьяўляецца Расея, аўтар нагадвае тэрміналёгію Дугласа Норта, прафэсара эканамічнай гісторыі ва Ўнівэрсытэце Вашынгтона ў Сэнт-Луісе.

Расея – гэта “грамадзтва абмежаванага доступу”, дзе эліта выкарыстоўвае палітычную сыстэму, каб ствараць рэнты, якія выкарыстоўваюцца для стабілізацыі самой палітычнай сыстэмы. Гэта лад, заснаваны на балянсе сілаў паміж “сваімі” і “чужымі”, які адрозьніваецца ад заходніх адкрытых грамадзтваў, дзе эканоміка і палітыка адкрытыя для канкурэнцыі.

“Расейская ўлада апынулася ў пастцы ўласнай састарэлай і дысфункцыянальнай сыстэмы паглядаў на палітычную будучыню. Гэта трагедыя для самой Расеі і крыніца непазьбежнага неспакою для яе суседзяў”.

“Расея можа абраць шлях, які засяроджваецца на сваіх нацыяналістычных інтарэсах і крыўдах, але гэта будзе катастрофай для ўсіх. І не ў апошнюю чаргу для самой Расеі”, адзначае Марцін Вульф ў сёньняшняй “Financial Times”.

Гл. таксама: Як Буш мог бы адказаць на выступ Пуціна ў Мюнхэне?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG