Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе можна вывучыць беларускую мову?


Іна Студзінская, Менск 21 лютага – Дзень роднай мовы. Сёньняшні досьлед – на тэму “Дзе можна вывучыць беларускую мову?” Беларускай мовай вельмі хутка авалодваюць і замежнікі. Да прыкладу, былы амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джордж Крол, цяперашні кіраўнік менскага аддзяленьня амбасады Швэцыі ў Маскве Стэфан Эрыксан добра размаўляюць па-беларуску. Спачатку займаліся з выкладчыкамі, потым шмат чыталі па-беларуску, кантактавалі зь людзьмі. Дзе даросламу чалавеку вывучыць беларускую мову і ці ёсьць адмысловыя курсы, высьвятляла наша карэспандэнтка.

Таварыства беларускай мовы пасьля абвяшчэньня незалежнасьці цягам дзесяці гадоў ладзіла бясплатныя курсы вывучэньня беларускай мовы для дарослых. Але тры гады таму ТБМ спыніла гэтую дабрачыннасьць. Старшыня ТБМ Алег Трусаў лічыць, што дарослыя людзі ў стане самі авалодаць мовай альбо займацца з рэпэтытарамі. Няма цяпер курсаў і ў Акадэміі навук.

Правільна, весела і бясплатна

Але знайшліся энтузіясты, студэнткі філфаку, Юля і Наташа, студэнткі філфаку і журфаку БДУ, якія разьмясьцілі ў Інтэрнэце абвеску: "Хто хоча правільна размаўляць і ведаць мову – запрашаем. Абсалютна бясплатна". Дамовіліся з памяшканьнем – майстэрняй аб''яднаньня "Этна" Ўнівэрсытэту культуры. Ад жадаючых няма адбою. Распавядае Натальля:

Натальля: "Мы, канечне, не прафэсійныя выкладчыкі, мы на гэта не прэтэндуем. Нашы істотныя адрозьненьні – інтэрактыўнасьць (людзі пастаянна нешта прапаноўваюць, а мы гэта рэалізуем), і па-другое – гэта гульня. То бок, нашыя курсы – гэта ня тое, што правілы вывучы, паўтары. Мы гуляем, мы ствараем нейкія інсцэніроўкі, даем магчымасьць людзям дзейнічаць, размаўляць па-беларуску.

Мы робім акцэнт на асобных тэмах (чымсьці гэта падобнае на вывучэньне замежных моваў), напрыклад, адзеньне, хата. Але мы ня толькі абмяжоўваемся мовай. Мы робім акцэнт на этнаграфію, бо нам ёсьць што паказаць. Мы займаемся на сядзібе "Этны", а там ёсьць шматлікія экспанаты, мы можам паказаць прас 16-га стагодзьдзя. На наступную лекцыю да нас прыйдзе дзяўчына – адмыслоўца па паясах".

Плянуюцца і майстар-клясы з запрашэньнем вядомых лінгвістаў – Пётры Садоўскага, Вінцука Вячоркі ды іншых. У плянах стварэньне груп больш паглыбленага вывучэньня мовы. Публіка самая розная, кажа Наташа.

Наташа: "Абсалютна розная аўдыторыя, пачынаючы ад 16 год, – у нас ёсьць хлопчык, які вучыцца ў 10 клясе і якога не задавальняе выкладаньне ў школе, – і сканчаючы 35-гадовымі. Сядзяць спэцыялісты па маркетынгу, людзі, якія дасягнулі многага ў жыцьці. І мяне проста цешыць, што яны прыходзяць вучыць беларускую мову".

Вывучыў беларускую - вывучыш і кітайскую

Зараз даволі вялікі попыт на рэпэтытараў. Аплата таксама немалая – ад 5 да 10 эўра за акадэмічную гадзіну. Як за ангельскую ці кітайскую. Дарэчы, і беларускую, і кітайскую можна вывучаць адначасова і цалкам бясплатна. Зараз пры ТБМ ёсьць курсы кітайскай мовы, дзе выкладаньне і вывучэньне вядзецца празь беларускую мову. Распавядае выкладчыца кітайскай мовы Алеся Серада.

Серада: "Мне падабаецца выкладаць, вельмі цікава. Бо выкладаньне кітайскай мовы – гэта ня вельмі распрацаваная мэтода. Шмат падручнікаў, якімі я карыстаюся, англа-кітайскія".

Карэспандэнтка: "А хто вывучае кітайскую мову празь беларускую?"

Серада: "Гэта маладыя людзі, 20-25 год, у асноўным інтэлігентнага складу, ім цікавая культура, асаблівасьці культурныя. Для іх беларуская мова зьяўляецца роднай і працоўнай".

Рэфэрат па Навуменку – 20 даляраў, курсавая – 45

На сайце "Нашай Нівы" ёсьць абвесткі пра выкананьне розных працаў на беларускай мове. Вялікі попыт – на напісаньне сачыненьняў, рэфэратаў, курсавых, дыплёмных работ. Гутару з філёлягам па адукацыі, былым настаўнікам беларускай мовы Юрасём.

Карэспандэнтка: "Колькі каштуюць вашы паслугі?"

Юрась: "Усё залежыць ад тэмы, ад наяўнасьці крыніцаў у бібліятэках, ад часу. Курсавы праект – ад 45 даляраў і вышэй. Просты рэфэрат – можна дамовіцца ад 20 даляраў".

Карэспандэнтка: "А якія цікавыя тэмы замаўляюць?"

Юрась: "Любая тэма для мяне цікавая. Па літаратуры былі курсавыя, па творчасьці Івана Навуменкі".

Карэспандэнтка: "І гэта студэнты філялягічных факультэтаў?"

Юрась: "У асноўным так. Хтосьці сям''ёй абцяжараны, хтосьці іншымі праблемамі, можа, часу няма".

Такім чынам, беларуская мова застаецца запатрабаванай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG