Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 21 лютага


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу TUT.by наведнікі абмяркоўваюць пляны Аляксандра Мілінкевіча пайсьці на наступныя прэзыдэнцкія выбары, а таксама – запрасіць у Менск на Дзень волі старшыню Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дер Ліндэна.

“Ну й слушна. Абмяркоўвалася не аднойчы. Мілінкевіч – будучы прэзыдэнт”.

“Правіла выбараў такое: адпрацаванаму матэрыялу нельга двойчы даваць хаду. Я галасаваў за Мілінкевіча. Але супраць яго ўдзелу ў наступным выбарах. Куды лепей было б, каб ён падтрымаў нейкага кандыдата ды ішоў у ягонай камандзе як кансультант”.

“Мілінкевіч з кожным днём набірае бонусы. Асабліва ўразіла ягоны апошні ліст ван дэр Ліндэну. Гэта ж нечаканы ход, да якога ніхто з партыйцаў не даўмеўся. Бо калі на плошчу выйдзе гэты эўрапейскі чыноўнік, ніякіх разгонаў ня будзе й людзі ня будуць баяцца прыходзіць, і Лукашэнка ў такім выпадку атрымліваецца закладнікам сытуацыі”.

“Мілінкевіч не Казулін – ён у турму за радзіму ня пойдзе, а вось ва ўрадзе пад кіраваньнем дзейнага галавы, крэсла прэм’ера ці міністра замежных справаў заняў бы з задавальненьнем”.

“Мілінкевіч – адзін з апазыцыі, хто мае рэальны рэйтынг, вядомы як у краіне, гэтак і за мяжой. Ён куды больш вядомы, чым Калякін ды іншыя… Увесь лямант, кшталту “прайграў – сыходзь” на руку ўладзе. Хопіць займацца ратацыяй”.

Блогер L_u_f_t у суполцы Жывога журналу minsk_by віншуе ўсіх менчукоў прызыўнога ўзросту зь Днём абаронцы айчыны і зьмяшчае такую навіну: “У мікрараёне Ўручча гораду Менску адчыніўся новы будынак, у якім месьцяцца гаўптвахта, галоўнае ваенная камэндатура, Менскі міжгарнізонны ваенны суд і Менская міжгарнізонная ваенная пракуратура… гаўптвахта разьлічаная на 60 чалавек і абсталяваная сучаснымі сыстэмамі сыгналізацыі, у тым ліку антыпадкопнай сыгналізацыяй”.

На форумах сайту Нашы дзеткі бацькі абмяркоўваюць праблему выхаваньня дзяцей, якія выяўляюць схільнасьці да леварукасьці. Адна з маладых маці заўважыла, што ейная маленькая дачка аднолькава добра карыстаецца абедзьвюма рукамі й ня ведае, у які бок такому дзіцяці трэба разьвівацца.

“Ступень лева- ці праварукасьці вельмі розьніцца ў кожнага чалавека, – камэнтуе іншая ўдзельніца. – І калі вашаму дзіцяці пашанцавала аднолькава добра валодаць і праваю, і леваю рукамі, то амаль дакладна, што... дзетка будзе звычайнаю праўшою. Бо паўтараючы праварукую маму, пачне карыстацца толькі адною рукою. Відавочнымі ляўшамі робяцца толькі тыя, каму ну зусім складана карыстацца праваю рукою”.

Блогер roh_roh абураецца з нагоды таго, як беларусы падыходзяць па адзначэньня традыцыйных сьвятаў. І прапануе іншыя варыянты: “А калі ўзяць ды кардынальна памяняць сьвяткаваньні? Каб небанальна. Апрануцца вампірамі ды іншымі мерцьвякамі на 9 траўня й натоўпамі хадзіць па вуліцах? Калі б мы зрабілі так пару гадоў таму, то праспэкты ў нас не пераназывалі б на просьбу вэтэранаў. А парад бронетэхнікі зладзіць 14 лютага. Валянцін, лук, стрэлы – гэта перажыткі сярэднявечча. Сардэчкі дарыць на дзень яднаньня народаў Беларусі й Расеі – у расейцаў дах зьедзе, яны нам за газ яшчэ даплачваць стануць. А фэервэркі можна на дзень прафіляктыкі СНІДу жахнуць. Увесь гадавы запас адразу. А вось на першага красавіка, дарэчы, можна выпіць літар гарэлкі ды паваліцца куды-небудзь тварам. Галоўнае, каб твар пры гэтым быў максымальна сур’ёзным”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG