Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Буш мог бы адказаць на выступ Пуціна ў Мюнхэне?


Сяргей Абламейка, Прага Сёньня газэта “The New York Times” друкуе камэнтар аўтара адной са сваіх сталых рубрык, аглядальніка Роджэра Коэна. Артыкул называецца “Бушаўскі адказ Пуціну з дадатковай рэзкасьцю”.



Роджэр Коэн прапануе чытачу свой варыянт адказу прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша на выступ расейскага прэзыдэнта Уладзімера Пуціна ў Мюнхэне, на міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі, калі б Буш хацеў выказацца з такой самай шчырасьцю, як Пуцін.

На думку Роджэра Коэна, адказ Буша мог бы быць такім:

“Уладзімер, я рады, што Вы далі мне магчымасьць выказаць сваю думку. Вы абураныя пашырэньнем НАТО, якое ахоплівае былых васалаў савецкай імпэрыі. Вы бачыце ў гэтым “сур’ёзную правакацыю” і накід новых разьдзяляльных лініяў у Эўропе. Вы мяркуеце, што Расея – цэль гэтага манэўру.

Расея, Уладзімер, вялікая, але памяць і гісторыя – большыя. Вы забылі вугорскіх мучанікаў 1956 году? Вы прайшлі міма Праскай вясны, якая была 12 гадоў пазьней? Можа з Вашай памяці сьцерліся савецкія танкі і савецкая сакрэтная паліцыя, якія занявольвалі народы Цэнтральнай Эўропы?

...Калі Вы маеце праблемы з пашырэньнем НАТО, паспрабуйце зірнуць на гэта як на акт разважлівасьці, як на гарантыю людзям, якія мелі ў гэтым патрэбу – каб ніколі болей ня быць кіраванымі і кантраляванымі супраць сваёй волі, або як на выплату доўгу эўрапейцам, чалавечая годнасьць якіх была прададзена ў далёкай ужо Ялце.

...Цалкам можа быць, што Ваша самаўпэўненасьць і нядаўняя грубасьць зьяўляюцца ня больш чым натуральным хітрыкам некалі вялікай дзяржавы, армія і насельніцтва якой зьмяншаюцца; хітрыкам напярэдадні выбараў, для якіх прыдасца дэманстрацыя нацыяналістычных мускулаў; хітрыкам, які на тле зьменшанага ўплыву ў сьвеце і наплыву нафтадаляраў дазваляе марыць зноў завалодаць вялікай дубінай?

Вы выглядаеце троху сьляпым, дарагі Ўладзімер, калі мова заходзіць аб падзеях у Вашай уласнай краіне. Вы крытыкуеце навязваньне сьвету юрыдычнай сыстэмы адной дзяржавы – амэрыканскай, – але не пытаеце сябе, якая юрыдычная сыстэма дазваляе забойцам Анны Паліткоўскай дзейнічаць беспакарана...

...Вы хваліце мірнае пераўтварэньне савецкага рэжыму і ўспрымаеце гэта як “палітычную культуру Расеі, як павагу да дэмакратыі і закону”. Зьмены ў Расеі, яе ўваход у сусьветную эканоміку, яе лібэралізацыя сапраўды былі вялікім дасягненьнем апошніх 15 гадоў.

Мы ганарыліся тым, што былі Вашымі партнэрамі ў гэтым вялікім пераходзе... Выбары ў Вашай краіне ў наступным годзе будуць крытычным выпрабаваньнем зьменаў, якія Вы хваліце”.

Вось такім, на думку аналітыка “The New York Times” Роджэра Коэна мог бы быць адказ Джорджа Буша Ўладзімеру Пуціну, калі б ён захацеў выказацца з такой самай шчырасьцю, як Пуцін у Мюнхэне.

На здымку: расейскі прэзыдэнт Ул.Пуцін падчас прамовы ў Мюнхэне
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG