Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяніса Дзянісава днямі этапуюць з Гомелю


Любоў Лунёва, Менск Актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзяніса Дзянісава трымаюць у Гомельскім сьледчым ізалятары. 16 лютага супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго на чыгуначным вакзале ў Гомелі. Дзянісу ўручылі пастанову сьледзтва: ён затрыманы паводле крымінальнай справы, якую летась распачала Віцебская пракуратура. Нагодай для справы стала вывешваньне сьцягоў і расьцяжак з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў.

27-гадовы Дзяніс Дзянісаў — першы, каго арыштавалі віцебскія сьледчыя ў крымінальнай справе паводле 342-га артыкулу (грубае парушэньне грамадзкага парадку групай асобаў).

Сяброўка Дзяніса Тацяна Дзядок згадала, што яго затрымлівалі за дзень да правядзеньня акцыі незарэгістраванай моладзевай арганізацыі БУНТ. Дзяніс зайшоў у краму, і да яго падбеглі міліцыянты. Яны папрасілі пашпарт, а пасьля гэта зь ягонай кішэні выцягнулі ўлётку. У пастарунку на Дзяніса склалі пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак і праз тры гадзіны адпусьцілі.

Летась 19 ліпеня, калі ў горадзе зьявіліся сьцягі, міліцыянты затрымалі Дзяніса каля будынку суду, дзе ён разам зь іншымі чакаў прысуду Крысьціне Шацікавай. Гаворыць Тацяна Дзядок:

Дзядок: “Я пазнаёмілася зь Дзянісам, калі ў мяне пачаліся праблемы з дэканатам. Ён паабяцаў мне дапамагчы, і так мы сталі сябраваць. Дзяніс ніколі не парушаў грамадзкага парадку. Ён быў у Віцебску, калі Крысьціна Шацікава разам са сваімі паплечнікамі вывешвала сьцяг. Але ён быў там, таму што ў яго там жывуць бацькі. Тады мы былі разам зь ягонымі бацькамі й сябрамі”.

Дзянісава маці Раіса лічыць, што яе сын не ўчыняў крымінальнага злачынства:

Дзянісава: “Канечне, хвалююся. Мне здаецца, што яго мусяць адпусьціць. Ён нічога такога не зрабіў, ніякага крыміналу… Ёсьць людзі, якія робяць значна горшыя ўчынкі — наагул невядома што робяць, але іх ніхто не затрымлівае. Я яго, канечне ж, падтрымліваю. Яго шмат хто падрымлівае, але баяцца казаць гэта ўголас”.

Сёньня ў Гомель зь Віцебску паехаў брат Дзяніса, каб скласьці дамову з адвакатам і такім чынам даведацца пра здароўе брата. Сваякі Дзянісава даведаліся, што 24 лютага яго этапуюць у Віцебск.

Паколькі Дзяніса трымаюць пад вартай, то, хутчэй за ўсё, ён будзе знаходзіцца ў Віцебскім сьледчым ізалятары.

Гл. таксама:

Грамадзкія актывісты патрабуюць вызваленьня Дзянісава У Гомелі затрымалі актывіста АГП Дзяніса Дзянісава
XS
SM
MD
LG