Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс Вікі Мароз абмеркавалі ў Міляне


Алена Струвэ, Менск Сёньня ў Міляне праваабарончая асацыяцыя “Сябры дзяцей” (Amici dei Bambini) правяла першыя публічныя дэбаты, прысьвечаныя лёсу Вікі Мароз ды іншых беларускіх сіротаў, якім, паводле ўдзельнікаў імпрэзы, адмоўлена ў праве на сям’ю. У рамках дэбатаў адбылася прэзэнтацыя кнігі “Марыя і дзеці разладу. Выпадак у Кагалета”.

У сёньняшніх дэбатах у Міляне ўзялі ўдзел прадстаўнікі шырокіх колаў італьянскай грамадзкасьці — юрысты, унівэрсытэцкія выкладчыкі, псыхолягі, журналісты, сем’і, якія дагэтуль штогоду прымалі ў сябе дома беларускіх дзяцей-сірот.

Усе яны згодныя: драматычная гісторыя Вікі Мароз, пра якую апавядаюць аўтары новай кнігі, не адзінкавая, галоўным на сёньня пытаньнем ёсьць наступнае: “Што трэба зрабіць, каб гэтыя няшчасныя дзеці-сіроты не зьяўляліся надалей падставай для міждзяржаўнага разладу?”

У часе імпрэзы прадстаўнікі італьянскіх сем’яў выказалі занепакоенасьць, што беларускія сіроты ў выніку рашэньня ўладаў зноў не прыедуць — цяпер ужо на велікодныя вакацыі.

“Мы ўсе некалькі месяцаў шмат гаварылі пра беларускую дзяўчынку, аднак рэальна так нічога і не зрабілі, — заявіў прэзыдэнт асацыяцыі “Сябры дзяцей” Марка Графіні. — Сёньняшнімі дэбатамі мы хочам прыцягнуць увагу да парушэньня права беларускіх сірот жыць у сям’і”.

Тым часам Генуэскі суд у справах непаўналетніх на атрыманае ад беларускай амбасады ў Рыме даручэньне — правесьці дасьледаваньне італьянскіх паказаньняў Вікі Мароз — адрэагаваў словамі “Гэта варта ўвагі”. Пра гэта паведамляе італьянскі Primocanale.

Раней перадавалі, што сьцьвярджэньні беларускай дзяўчынкі пра гвалт над ёй на радзіме яна зрабіла нібыта паводле падказкі сям’і Джуста — Барначын, каб застацца ў іх у Італіі.


Вокладка кнігі “Марыя і дзеці разладу. Выпадак у Кагалета”

Гл. таксама: Лёс Вікі Мароз стане тэмай адкрытых дэбатаў у Італіі Беларускія дарослыя абяцалі Віцы Мароз вяртаньне ў Італію Джуста й Барначын — 150-ыя ў чарзе на ўсынаўленьне дзіцяці
XS
SM
MD
LG