Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя ахвяры менскіх тралейбусаў


Іна Студзінская, Менск Днямі ў Менску на вуліцы Кальварыйскай, каля гіпэрмаркету “Карона”, працяла токам трынаццацігадовую дзяўчыну, калі яна ўваходзіла ў тралейбус. Цяпер Таня Чарнуха знаходзіцца ў рэўматалягічным аддзяленьні дзіцячага шпіталю №4. Чаму зноў паўтараюцца няшчасныя выпадкі, зьвязаныя з электратранспартам?

Тралейбус, які ўдарыў токам Таню, належыць тралейбуснаму парку №4. 25 лістапада 2005 году ад удару токам пры ўваходзе ў тралейбус сёмага маршруту, які таксама належаў гэтаму парку, загінула студэнтка Даша Голуб.

Менавіта ўвосень 2005 году сталі вядомыя дзясяткі выпадкаў траўмаваньня людзей токам. Тады было доўгае расьсьледаваньне, пасьля трагедыі ўвялі абавязковае страхаваньне пасажыраў на грамадзкім транспарце, забавязалі на ўсіх машынах паставіць прыборы токаўцечкі. Але тралейбусы працягваюць біць токам.

Дырэктар тралейбуснага дэпо №4 Барыс Дземідовіч наконт апошняга выпадку паведаміў:

Дземідовіч: “Разьбіраньне не завершанае. На сёньняшні дзень афіцыйнага заключэньня няма. Ёсьць, пэўна, прычына, і не такая простая, як здавалася б. Напэўна, гэта ланцужок супадзеньняў, недахопаў, яшчэ чагосьці. Напэўна. Хаця пытаньне вельмі складанае. Быў бы просты адказ — былі б простыя дзеяньні й простыя рашэньні”.

Некаторыя адмыслоўцы адзначаюць, што вінаватая пясчана-саляная сумесь, якой пасыпаюць дарогі, і мокры абутак. У сырое надвор’е гэтая сумесь зьяўляецца правадніком. Міністэрства надзвычайных сытуацыяў нават распрацавала парады дзеля бясьпекі: пра ўваходзе і выхадзе з транспарту старацца не кранаць дзьвярэй, парэнчаў.

Што да тэхнічнага стану тралейбуса, які траўмаваў Таню Чарнуху, дырэктар парку сьцьвярджае, што непаладак не было. Праўда, колькі гадоў таму тралейбусу, Барыс Дземідовіч не сказаў:

Дземідовіч: “Гэта расейскі тралейбус “ЗіУ”.

Карэспандэнтка: “Колькі яму гадоў, вельмі стары?”

Дземідовіч: “Нармальны. Калі выпушчаны на лінію, значыць, мае права там быць. Кантроль даўно ўжо наладжаны. Ніякіх узмацненьняў няма, бо ўзмацніць кантроль ужо цяжка”.

Лекар-рэўматоляг 4-га дзіцячага шпіталю Ірына Асьвяцінская кажа, што цяпер Таня Чарнуха, якую ўдарыла токам, адчувае сябе нармальна, але зьмены ў дзейнасьці сэрца ёсьць, як паказала кардыяграма. Таму дзён дзесяць ёй давядзецца правесьці ў шпіталі. Дарэчы, колькі чалавек у Менску, Берасьці, Віцебску траўмаваныя токам, падлічыць цяжка, ня ўсе зьвяртаюцца па дапамогу. Толькі ў лекара Ірыны Асьвяцінскай гэта ўжо трэці выпадак за чатыры месяцы.

Асьвяцінская: “Зь лістапада 2006 году гэты ўжо трэці пацыент. У лістападзе была дзяўчынка дванаццаці гадоў, два тыдні таму выпісаўся хлопчык шаснаццацігадовы. Бацькі нікуды не зьвярталіся, таму прайшло гэта ціха-мірна. Таксама са зьменамі на сэрцы, на кардыяграме зьмяненьні былі”.

А вось Таніна маці Сьвятлана Чарнуха мае намер зьвярнуцца ў суд, цяпер зьбірае дакумэнты.

На здымку: пацярпелая Таня Чарнуха застаецца ў шпіталі



Страхавая кампанія “Белэксімгарант” выплаціла бацькам Дашы Голуб, якая загінула 25 лістапада 2005 году, кампэнсацыю за сьмерць дачкі — 3 тысячы эўра.

Для параўнаньня: гонар і годнасьць беларускіх чыноўнікаў, якія судзіліся зь незалежнай прэсай, суды ацэньвалі на значна большыя сумы. Прыкладам, Віктар Шэйман у 1999 годзе адсудзіў у газэты “Навіны” 100 тысяч даляраў. У 2002 годзе Анатоль Тозік у гэтага ж выданьня, якое выходзіла пад назвай “Наша свабода”, адсудзіў 100 тысяч даляраў. Сяргей Гайдукевіч у 2005 годзе атрымаў ад “Народнай Волі” 100 мільёнаў рублёў (каля 50 тысяч даляраў).



Гл. таксама:

Тралейбусы нясуць небясьпеку. Кампэнсацыі пацярпелым – няма Шосты запар чалавек пацярпеў ад электратоку ў сталічным тралейбусе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG