Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Арлоў: “Раю дзяўчатам размаўляць па-беларуску, калі адчуваюць сябе ўпэўнена”


Ганна Соўсь, Менск Сёньня, 21 лютага, Міжнародны дзень роднай мовы. Гэтая дата абвешчаная ЮНЭСКА ў 1999 годзе дзеля захаваньня моваў, якім пагражае зьнікненьне. Міжнародны дзень роднай мовы прымеркаваны да гадавіны гібелі пяцярых студэнтаў Банглядэш, якія выступалі за самастойнасьць бэнгальскай мовы ў Пакістане. Падчас апошняга перапісу насельніцтва 37% жыхароў Беларусі заявілі, што карыстаюцца роднай мовай у побыце штодня. Мы зьвярнуліся да вядомых людзей, каб яны расказалі, як яны сталі размаўляць па-беларуску, а таксама далі парады.

Першай настаўніцай беларускай мовы пісьменьніка Ўладзімера Арлова была ягоная бабуля Аўгіньня, а пачаў ён размаўляць па-беларуску ў студэнцкія гады пад уплывам сябра Генадзя Кулажанкі. Тады, прызнаецца пісьменьнік, ён упершыню пераадолеў псыхалягічны бар’ер і загаварыў па-беларуску.

Арлоў: “Я раю дзяўчатам размаўляць па-беларуску, калі яны адчуваюць сябе вельмі ўпэўнена, калі яны ў тонусе, што называецца. Я раю пераадолець гэты бар’ер дзе-небудзь на рынку. Калі вы дастаяце 100 даляраў і прыцэньваецеся да нейкага тавару, то з вамі па-беларуску пачынаюць размаўляць нават азэрбайджанцы.



А ўвогуле я сёньня буду ў Лідзе прапаноўваць слухачам менавіта з гэтага дня пачаць пераадольваць гэты бар’ер, пачаць гаварыць па-беларуску зь сябрамі, са знаёмымі, з бацькамі. Няхай спачатку адзін дзень на тыдзень, потым адзін тыдзень на месяц. А прыйдзе час, і я спадзяюся, што хтосьці з нашых сёньняшніх слухачоў, як і мы ў свой час, загаворыць па-беларуску заўсёды”.

Дарэчы, сёньня Ўладзімер Арлоў разам з Андрэем Хадановічам, Лявонам Баршчэўскім і Ўладзімерам Коласам ладзяць у Лідзе сустрэчы з моладзьдзю з нагоды Дня роднай мовы.

Мечыслаў Грыб згадвае, як цяжка яму было напачатку весьці паседжаньні Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня па-беларуску. Ён наважыўся на гэта па абраньні старшынём парлямэнту.



Грыб: “Я папрасіў сваіх супрацоўнікаў з сакратарыяту, каб яны не саромеліся і папраўлялі мяне, калі заўважаць памылкі. Першы раз я публічна выступіў па-беларуску ў Віцебску, калі сустракаўся з актывам ужо як старшыня Вярхоўнага Савету.

Мне самому было сорамна і вельмі цяжка, але я пераадолеў сябе, нягледзячы на тое, што, як я потым зразумеў, у мяне было вельмі шмат памылак. Але ніхто не сьмяяўся, ня зьдзекаваўся. А потым я пачаў ужо па-беларуску весьці ўсе паседжаньні — і прэзыдыюму, і Вярхоўнага Савету, і размаўляць”.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў аптымістычна ацэньвае сытуацыю зь беларускай мовай.



Трусаў: “Самае галоўнае, што моладзь цяпер разумее, што такое беларуская мова. Гэта ўжо не савецкія людзі. І таму ўвесь лямант і плач, што мова гіне... Яна гіне ў сьвядомасьці толькі тых, хто плача. Я заўсёды кажу: “Вы ня плачце, а вы самі дваццаць чатыры гадзіны на суткі размаўляеце па-беларуску”.

Той, хто ўвесь час размаўляе па-беларуску, — для яго мова жывая. Адметна, што ўжо палова ад усёй моладзі выбірае на тэстах беларускую мову, хаця вучыцца па-беларуску дваццаць зь нечым адсоткаў. А выбірае 47—52 працэнты”.





Згодна з вынікамі апошняга перапiсу насельнiцтва, амаль 75 працэнтаў грамадзянаў 10-мiльённай Беларусi лiчаць роднай беларускую мову. Нягледзячы на гэта, беларуская мова амаль выключаная са справаводзтва i на ёй амаль не гавораць дзяржаўныя чыноўнiкі. У большасьці ВНУ выкладаюць на расейскай, штогод зачыняюцца сярэднія школы зь беларускамоўным навучаньнем, ліквідаваны Нацыянальны гуманітарны Коласаўскі ліцэй. Мова большасьцi масавых тэлеканалаў — расейская.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG