Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Такое ўражаньне, што лідэры партый вельмі баяцца зьмены ўлады і ўсяляк яе падтрымліваюць, робячы такія разборкі"


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 21 лютага. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам таксама можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Спадар: “Добры дзень, Радыё Свабода. Я Вас пастаянны слухач. Мяне глыбока турбуюць справы ў лягеры апазыцыі, дзе кожны “гне” сваю лінію і ня мае значэньня, што ён сказаў. А Вашае радыё пазбаўляе нас магчымасьці разабрацца, хто ёсьць хто. Нам патрэбныя Вашы камэнтары. Але спачатку дайце поўны тэкст сказанага, а потым камэнтуйце. Гэта я маю на ўвазе ліст Мілінкевіча да прэзыдэнта і выказваньні партыйных лідэраў. Цяпер тое, што тычыцца разладу ў апазыцыі. У мяне такое ўражаньне, што лідэры партый вельмі баяцца зьмены ўлады і ўсяляк яе падтрымліваюць, робячы такія разборкі. А хто дапамог прыйсьці гэтай уладзе да ўлады? Мы добра памятаем: маладыя ваўчаняты, якія карэктавалі канстытуцыю. Якія стваралі “лёзьнінскую справу”. У гэтую маладую зграю ўваходзілі і прадстаўнікі партый. У апошнім “Праскім акцэнце” Казначэеў быў па-савецку вельмі не пасьлядоўны. Ён казаў: “Мілінкевіч прайграў выбары, якія як такіх не было” ці “Народ яго не падтрымаў”. Хочацца запытацца: “А як можна прайграць тое, чаго не было?” Ці як ён даведаўся, што народ не падтрымаў Мілінкевіча?... Казаначэеў сказаў, што патрэбныя маладыя лідэры. Ён думае, што цяперашнія лідэры партый дазволяць, каб іх партыі ачолілі маладыя? Яны дзесяткі год ачольваюць свае партыі і яшчэ дзесяткі год будуць ачольваць”.

Міхась Фёдаравіч: “Вельмі цяжка на гэтую пэнсію жыць. А я хачу сказаць усім тым, хто крычаў 12,5 год: “Распні Пазьняка! Распні адмарозкаў! За валасы да аб асфальт!”, яшчэ ня тое будзе. Яны ўсё за наступны час заплацяць сваім жыцьцём і сваім дабрабытам".

Спадар: “Складваецца такое ўражаньне, што наша апазыцыя была прызначана на нарадзе ў Лукашэнкі. А на сэлектарнай нарадзе даюцца ўказаньні, што рабіць: каму сядзець, каму езьдзіць за мяжу. Ні воднага разу нашай апазыцыяй не была праведзена шырокамаштабная акцыя грамадзянскай непакорнасьці ці агульнанацыянальны страйк. Спадары апазыцыянэры, зьезьдзіце ў глыбінку. Паслухайце, што кажуць у перапоўненым аўтобусе, што кажуць у чэргах, на базары. Людзі ўжо стаміліся ад гэтага рэжыму, і дастаткова адной іскры, каб разгарэлася полымя".

Спадар: “Уважліва праслухаў толькі што Вашу гутарку з Анатолем Лябедзькам. Вельмі шкада, што нашы беларускія гісторыкі Анатоль Лябедзька і нават тыя, якія кіруюць, не разумеюць нашу беларускую гісторыю. Беларуская Народная Рэспубліка не адбылася толькі таму, што тады нашы палітычныя дзеячы не знайшлі агульную мову, не маглі працаваць талакой. Вось і цяпер: хто ў лес, хто па дровы, хто, як кажуць, пад кусты. Так Мілінкевіч прапануе Лукашэнку талаку. Лябедзька, як кажуць, у аглоблі. Памылку, напэўна, зробіць Аляксандр Лукашэнка, які ня пойдзе на талаку, на дыялёг. І Лябедзька таксама. І ў выніку гэтага мы яшчэ раз праз сто гадоў наступаем на адныя і тыя ж граблі. Вельмі шкада, што ў нас усе палітыкі, асабліва апазыцыйныя, дзеляць пустыя партфэлі з-за нейкай шляхецкай амбіцыйнасьці, як сёньня паказаў Анатоль Лябедзька, заявіўшы пра нейкі палітычны бізнэс. Сапраўды, у яго не народ на першым месцы, а палітычны бізнэс. А будзем гаварыць, ніхто не прагаласуе зараз ні за Анатоля Лябедзьку, ні за Сяргея Калякіна, таму што гэта гвардзейцы без народу, без арміі. Цяпер пакуль што я лічу, і народ так лічыць, ёсьць кіраўнік адзін. З аднаго боку, Лукашэнка. З другога боку, Пазьняк, тэарэтык з-за мяжы. І Казулін ды яшчэ Мілінкевіч, якому давяраюць. Усе астатнія, як кажуць, толькі памочнікамі могуць быць справа або зьлева".

Лявон Цімохін: “Паважаны спадар Лукашук і рэдакцыя! Толькі што паслухаў зварот маці Сіўчыка, маці рэпрэсаванага, у якім яна кажа аб тым, што інфармацыя пра тых, каго катуе наш рэжым у турмах, ня толькі замоўчваецца, але і скажаецца. Дарэчы, пра гэта гаворыць ужо ўсё грамадзтва, што “Свабода” ня толькі прызвычаіліся, але і дазіруе і рэдагуе гэтую інфармацыю. Як Вы, спадар Лукашук, будзеце глядзець людзям у вочы? Пра Казуліна зрэдку што-небудзь, пра Паўла Севярынца таксама рэдка – усё аддаяце Мілінкевічу, які прафукаў практычна палітычную кампанію па выбарах. Калі-небудзь Вам прыйдзецца паглядзець нам у вочы. Ад імя маладэчанцаў вельмі многіх, ад імя сацыял-дэмакратаў маладэчанскіх”.

Халадоніч Станіслаў, Івацэвічы “Паважаная палітычная эліта горада Менску, Вы не забывайце, што ёсьць у нас у дзяржаве і рэгіёны. Я прапаную выслаць у кожны раён анкету-апытальнік, і Вам стане вядома, хто каго падтрымлівае. Далей. Чаму Вас не задавальняюць дэлегаты Першага Кангрэсу? То бок на Кангрэсе было прынятае рашэньне, што гэты Кангрэс будзе стала дзейным. Трэцяе. У дадзенай сытуацыі мы павінны забыцца, хто левы, а хто правы, і ісьці адной калёнай. Калёна гэтая – гэта рух за свабоду”.

Агуркоў: “Пра храм Сувораву пад Кобрынам ці ў Кобрыне. На гэты конт слушна выказаўся шаноўны Алесь Петрашкевіч. Дарэчы, хацелася б, каб большасьць з нашых слухачоў прачыталі ягоную кнігу гістарычных драмаў. Там, дарэчы, сказана і пра Суворава, і пра Літву. Дык вось Літва – гістарычнае імя беларусаў. І Сувораў ваяваў не зь беларусамі, а зь Літвою. І гэта павінны ведаць усе нашы людзі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG