Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пячатка майстра Міхася Стральцова


Міхась Скобла, Менск 14 лютага споўнілася б 70 гадоў паэту, празаіку, эсэісту Міхасю Стральцову — аўтару шырокавядомых празаічных твораў “Смаленьне вепрука”, “Загадка Багдановіча”, паэтычнага зборніка “Мой сьвеце ясны”, за які пісьменьнік пасьмяротна быў ганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (1987). Міхась Стральцоў: учора, сёньня і заўтра — тэма гутаркі Міхася Скоблы з паэтам Леанідам Драньком-Майсюком.

Скобла: “Леанід, дваццаць гадоў таму ў прадмове да стральцоўскага аднатомавіка Алесь Адамовіч пісаў, што Стральцова чытачы вельмі добра ведалі ўчора, сёньня ведаюць ня вельмі, затое будуць ведаць заўтра. Як ты лічыш, гэтае “заўтра” наступіла?”

Дранько-Майсюк: “У любой сфэры чалавечай дзейнасьці існуе, як вядома, попыт на майстэрства. У літаратуры — таксама, і нават у першую чаргу, чым дзе... Бо літаратура — гэта перш за ўсё: ня ш т о напісана, а я к напісана. І ў гэтым сэнсе Міхася Стральцова чытаюць сёньня, будуць чытаць заўтра і пасьлязаўтра. Чаму? Ды перш за ўсё таму, што ён — майстар. Для вытанчаных нашых чытачоў творы Стральцова цікавыя хараством пісьма, дасканаласьцю думкі — увогуле, прыгажосьцю беларускай мовы. А для людзей, якія проста любяць чытаць па-беларуску, Стральцоў цікавы сваёй нявыдуманасьцю, сваёй цудоўнай жыцьцёвай зразумеласьцю. І таму ягоныя апавяданьні “Смаленьне вепрука”, “Сьвет Іванавіч, былы донжуан” чытаюцца як папулярныя раманы, а ягоныя аповесьці “Загадка Багдановіча”, “Дзень у шэсьцьдзесят сутак”, “Адзін лапаць, адзін чунь” успрымаюцца як эмацыйна-інтэлектуальнае падарожжа.



У адным са сваіх артыкулаў Міхась Стральцоў пісаў пра Янку Брыля — маўляў, Янка Брыль — гэта той пісьменьнік, чый талент не папсаваны таннай парадаксальнасьцю. І талент самога Стральцова — празаіка, паэта, эсэіста, крытыка, выхавальніка літаратурнай моладзі — таксама не папсаваны таннай парадаксальнасьцю. Досьвед Міхася Стральцова вучыць: у літаратуры трэба пазьбягаць і псэўдасур’ёзнасьці, і элемэнтаў цыркацтва. Калі я думаю пра будучыню беларускай літаратуры, то перш за ўсё думаю пра Міхася Стральцова — то бок, уяўляю літаратуру без надзіманай сур’ёзнасьці і цыркацтва”.

Скобла: “Міхась Стральцоў працяглы час быў беспрацоўным, лічылася, ён — на творчай працы. У адзін з пэрыядаў беспрацоўя (1973–1980) у яго выйшлі тры кнігі. Прыгадай той час, ці можна было пражыць на ганарары?”

Дранько-Майсюк: “Калі ня піць, не гуляць, не заводзіць пустых жанчын — словам, калі жыць сьціпла і абачліва, асабліва калі не пазычаць грошай, то на ганарары можна пражыць і сёньня. У савецкі ж час літаратары на ганарары жылі, і жылі даволі ўдачліва; я кажу не пра тых пісьменьнікаў, якія часта выпускалі свае кніжкі, а пра тых, якія друкавалі свае зборнікі гады ў рады, а пераважна пісалі для выдавецтваў закрытыя рэцэнзіі. Напрыклад, шмат такіх рэцэнзій пісалі Сьцяпан Гаўрусёў, Мікола Федзюковіч, Фёдар Яфімаў...”

Скобла: “Гэта такая платная паслуга выдавецтву?”

Дранько-Майсюк: “Так, за гэта плаціліся неблагія грошы. Сярэдняя рэцэнзія каштавала 30 рублёў. Можна сказаць, што ў 70-я гады мінулага стагодзьдзя Міхась Стральцоў быў вольным мастаком, а можна сказаць, што быў ён вандроўнікам. Дух вандроўніцтва жыў у ім; невыпадкова ж ён усклікнуў аднойчы: “Кіну, рыну-пакіну гэты дом на гары. Горкі дым успаміну хай разьвеюць вятры. Хіба гэтак няможна? Дзе пасьцелецца цень ад капы прыдарожнай, там і будзе пасьцель...” Да слова сказаць, пахвалюся: Міхасю Стральцову вельмі спадабалася назва майго першага зборніка вершаў “Вандроўнік”.

Скобла: “Апошняя прыжыцьцёвая кніга Стральцова — паэтычны зборнік “Мой сьвеце ясны”. На кнізе пазначана: рэдактар Леанід Дранько-Майсюк. Ці лёгка было рэдагаваць Стральцова?”

Дранько-Майсюк: “Мне не спадабаўся адзін верш, і цяпер я вельмі шкадую, што сказаў пра гэта Стральцову. Міхась Лявонавіч тут жа гэты верш выкінуў са сваёй кніжкі. Нават не памятаю, аб чым быў той верш, памятаю рыфму зь яго “віза — тэлевізар”. Яна мне здалася няўдалай. Зрэшты, у працэсе рэдагаваньня ня гэта было галоўнае. Сам аўтар быў незадаволены сваёй кнігай. Страшэнна незадаволены! Я яго супакойваў, як мог. Выхад кнігі па тэхнічных прычынах расьцягнуўся амаль на два гады (па тым часе тэрмін неверагодна вялікі!), і ўвесь гэты час Стральцоў скардзіўся мне і пры сустрэчы, і па тэлефоне — на сябе, на свае вершы... У маёй рэдактарскай практыцы такога сябененавіснага аўтара не было.

Галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Серафім Андраюк прапанаваў выдаць “Мой сьвеце ясны” ў палепшаным афармленьні, мастак Аляксандар Шэвераў зрабіў цудоўныя ілюстрацыі, Мікола Федзюковіч напісаў узьнёслую рэцэнзію, Рыгор Барадулін — чулую анатацыю. Вясною 1986 году кніга выйшла, у Доме літаратара адбылася прэзэнтацыя ўжо адразу дзьвюх кніжак (якраз пасьпеў зьявіцца і зборнік артыкулаў “Пячатка майстра”). Памятаю, тая прэзэнтацыя не палепшыла настрой Міхася Стральцова. Можна было падумаць, што ён не любіў сваю творчасьць”.

Скобла: “А знаеш што, а знаеш што, мой сябра мілы, ты ля душы маёй пастой у час панылы...” Анатоль Сідарэвіч пісаў у мэмуарах, што акурат і не было каму “пастаяць ля душы”. Сябра не было. Няўжо Стральцоў быў такі адзінокі?”

Дранько-Майсюк: “У Міхася Стральцова быў няпросты характар, і ў ягоных сяброў таксама — няпростыя характары. Гэтым шмат што тлумачыцца. Стральцоў не шукаў самоты, самота жыла ў ім, ён быў самотнікам. Вядома, ад людзей, якіх паважаў, ён хацеў разуменьня, і ад яго таксама чакалі разуменьня. Гэта звычайная, клясычная сытуацыя. Яна скарачае жыцьцё мастака, але ўпрыгожвае ягоную біяграфію”.



Скобла: “Міхась Стральцоў асабліва і не перакладаўся на другія мовы. Хіба што на расейскую. Некаторыя беларускія пісьменьнікі, каб выдацца ў Маскве, прыкладалі, скажам так, пэўныя намаганьні. Тры стральцоўскія кнігі пабачылі сьвет у маскоўскіх выдавецтвах. Для іх аўтара такі выхад да чытача быў важным?”

Дранько-Майсюк: “Пра тое, каб надрукавацца ў Маскве, наколькі мне вядома, Міхась Стральцоў асабліва не клапаціўся. Але маскоўскія літаратары, якія любілі яго творчасьць, усё рабілі дзеля таго, каб творы Стральцова зьяўляліся ў маскоўскіх выданьнях. Карпачоў, Кошаль, Івашчанка, Кабзарэўскі прапагандавалі імя нашага слаўнага пісьменьніка. А калі ў часопісе “Дружба народов” у перакладзе Валянціна Тараса зьявілася апавяданьне Стральцова “Смаленьне вепрука”, то гэта сталася сапраўднай літаратурнай падзеяй у Маскве”.

Скобла: “Пра адносіны Стральцова з маскоўскімі выдаўцамі згадвае Ўладзімер Някляеў:”

Някляеў: “Я вучыўся ў маскоўскім Літінстытуце, езьдзіў туды-сюды ўвесь час, цягнула дахаты. І мяне скарыстоўвалі многія, як паштара: хто перадаваў кавалак сала сваім перакладчыкам, хто — пляшку “Белавескай”, хто — пальцам пханай каўбаскі. Такія тады былі законы жыцьця... Стральцоў ніколі нікому нічога такога не перадаваў. Ён перадаваў толькі кнігі, і яму адтуль перадавалі толькі кнігі”.

Скобла: “У нашай гутарцы не абмінуць і гэтай тэмы... У 1981 годзе Стральцоў апынуўся ў Мазырскім лячэбна-працоўным прафілякторыі. І так сталася, што адзіным чалавекам, які наведаў паэта там, быў Леанід Дранько-Майсюк. Леанід, як пераносіў Стральцоў сваё вымушанае знаходжаньне ў гэтай спэцыфічнай установе?”

Дранько-Майсюк: “Мы гаварылі пра самоту Стральцова, пра яго творчую адзіноту... Я гэта называю філязофскім сіроцтвам. Дык вось, гэтае філязофскае сіроцтва Міхася Стральцова было, на жаль, стомленае, кажучы вобразна, сумнымі дарамі Вакха. Сапраўды, больш за год ён прабыў у Мазырскім лячэбна-працоўным прафілякторыі. 28 студзеня 1982 году я наведаў яго. Была зіма, стаяў моцны мароз. Памятаю, я прыехаў дахаты з Масквы, дзе вучыўся ў Літінстытуце, і адразу сказаў бацькам, што паеду да Стральцова. Мама схадзіла на базар, купіла сыр, сала, яшчэ нешта. Я так шкадую, што ўсё гэта ня ўзяў з сабою — а трэба было…

Уражаньне ад месца, у якім апынуўся Стральцоў, было вельмі гнятлівым — высокі глухі плот з калючым дротам, на КПП узброеныя прапаршчыкі, закрытыя кратамі вокны, падобныя на астрожнікаў пацыенты, цьмяны глыбокі сьнег, злосны брэх вартаўнічай аўчаркі... “Што, ад убачанага сэрца апала?” — Стральцоў усьміхнуўся і супакоіў мяне тым, што фрагмэнтам вядомай пушкінскай страфы надпісаў мне сваю кнігу “На ўспамін аб радасьці”: “...И я судьбу благословил, когда мой двор уединенный, печальным снегом занесенный, твой колокольчик огласил”. “Мой двор уединенный” – так Стральцоў ахрысьціў савецкі ЛТП!”

Скобла: “У паэзіі Міхася Стральцова адчуваецца туга па сусьветнай культуры. У гэтым сэнсе яго можна было б назваць акмэістам “у адзінкавым экзэмпляры”: “Жыву, як выгнаны патрыцый...” — мне ў гэтым радку чуецца шкадаваньне, усё ж савецкая рэчаіснасьць была ізаляваная ад усясьветнага культурнага працэсу. Хто бачыцца табе папярэднікам Стральцова ў беларускай літаратуры?”

Дранько-Майсюк: “Перш за ўсё Максім Багдановіч, але таксама ж і Максім Гарэцкі, і Кузьма Чорны, і Ўладзімер Дубоўка, і Ўладзімер Жылка. Безумоўна, Багдановіч у гэтым залатым пераліку займае выключнае месца, невыпадкова ж аўтару “Зоркі Вэнэры” Стральцоў прысьвяціў сваю лепшую аповесьць “Загадка Багдановіча”. Постаць Максіма Багдановіча Стральцоў успрымаў як тую нацыянальную праграму, паводле якое беларусы могуць вярнуцца і да сваёй мовы, і да сваёй культуры”.

Скобла: “Стральцоў ці не адзіны з крытыкаў пісаў пра “нацыянальнасьць мэтафары”, цытаваў пры гэтым Купалу: “і стагнаў яловы плот, хохлік бегаў ля варот”. Ці правамерна гаварыць пра “нацыянальнасьць” выяўленчых сродкаў у паэзіі?”

Дранько-Майсюк: “Мэтафара, як вядома, гэта паэтычны моўны выраз, ужыты ў пераносным значэньні. Менавіта ў пераносным, таму невыпадкова ў 1920-я гады гэтае грэцкае слова па-беларуску менавалася “пераносьняй”. Мэтафара — гэта ня толькі мастацкая зьява, але і псыхалягічная, таму Міхась Стральцоў меў рацыю, калі пісаў пра “нацыянальнасьць мэтафары”. Згадаем самога Стральцова: “І раньняй восені пара зь яе бадзёрай адзінотай з прысадаў, саду і двара ужо глядзіць зусім ня ўпотай — не зварухні, не закрані! Няхай халодна грані граюць, пакуль кляновыя агні красой апошняю палаюць!”Дык вось, гэтыя радкі — як увасабленьне нашай нацыянальнай памяркоўнасьці: маўляў, ня трэба чапаць тое, што створана ня намі.

А вось прыклад украінскай мэтафары, з паэзіі У. Самійленкі: “Люба веселочко! Будь ти й мені за ознаку надіі, що не потоне народ наш без сліду в народностях інших!” А вось польскі прыклад, з паэзіі Галчыньскага: “O, tajemniczosci staroswiecka tych lisci nad murem browaru. Za tym murem oszalaty Augustyn topi w studni zofte pantofle”. Адразу чуецца нязвыклая для нас містыка і бачацца незразумелыя для ўраўнаважанага беларускага характару выбрыкі...

А вось самапахвальба імпэрскага паэта: “Я памятник воздвиг себе нерукотворный…” Параўнаем са сьціпласьцю Янкі Купалы: “Я не паэта, о крый мяне Божа!.. — і яшчэ раз пераканаемся: меў рацыю Стральцоў — ёсьць яна, ёсьць і нацыянальная мэтафара”.

Скобла: “Ці прысутны Міхась Стральцоў у сучаснай беларускай літаратуры? Наколькі ён прачытаны, засвоены, зразуметы?”

Дранько-Майсюк: “Прозу, паэзію, эсэістыку Міхася Стральцова павінны ўважліва прачытаць найперш нашыя літаратурныя пачаткоўцы, маладыя пісьменьнікі. Імі, на жаль, Стральцоў ня надта засвоены, бо ня надта прачытаны. І таму я прашу маладых: ня трэба жыўцом класьціся ў труны, а трэба кожны дзень уважліва чытаць, вывучаць творы Гарэцкага, Чорнага, Стральцова, каб нарэшце ўпэўніцца ў простым: мы жывыя, бо ёсьць наша цудоўная літаратура!”
XS
SM
MD
LG